Top.Mail.Ru

«Звязда». № 61 — 5 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на працягу 4 красавіка ў паласе Карпат, на паўднёвым захадзе ад горада Новы Тарг, войскі 4-га Украінскага фронту, наступаючы сумесна з чэхаславацкімі войскамі, занялі больш за 60 населеных пунктаў, у тым ліку Сланіца, Наместова, Мутне, Брэза, Локча, Грусцін, Прыбіш, Вялікая Барове, Святы Мікулаш, Селніца, Палудза, Бодыцэ і чыгуначныя станцыі Подбель, Седляцка Дубова.

«Войскі 2-га Украінскага фронту 4 красавіка штурмам авалодалі важным прамысловым цэнтрам і галоўным горадам Славакіі — Браціслава — буйным вузлом шляхоў зносін і магутным апорным пунктам абароны немцаў на Дунаі, а таксама занялі на тэрыторыі Чэхаславакіі больш чым 60 другіх населеных пунктаў, у тым ліку Гандлова, Новая Легота, Осланы, Вялікія Остраціцэ, Пешцяны, Трэбатыцэ, Дэгтыцэ, Надаш, Рачышторф і чыгуначныя станцыі Гандлова, Рыбаны, Пешцяны», — паведамляла «Звязда».

Адначасова франтавікі на поўначы ад Браціславы пераадолелі горы Малыя Карпаты і занялі на захадзе ад іх населеныя пункты Рарбок, Кухыня, Пернек, Марыанка.

На паўднёвым усходзе і поўдні ад Вены войскі 3-га Украінскага фронту, працягваючы наступленне, з боем занялі горад Бадэн і больш чым 30 іншых населеных пунктаў, у тым ліку Пурбах, Брайтэнбрун, Манерсдорф, Зомерайн, Гетцэндорф, Вінерхерберг, Гімберг, Цвелфаксінг (8 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Вены), Гаадэн, Хайлігенкройц, Гросау, Санкт-файт. Адначасова на захадзе і паўднёвым захадзе ад возера Балатон войскі фронту, дзейнічаючы сумесна з войскамі балгарскай арміі, завяршылі ачышчэнне ад праціўніка паўднёва-заходняй часткі Венгрыі і на тэрыторыі Югаславіі занялі населеныя пункты Рогачэўцы, Дамайніцы, Скакоўцы, Ліпоўцы, Ганчані, Лінцэ, Ходашан, Горычан, Дольні Міхалевец.

У выніку наступлення з 16 сакавіка да 4 красавіка войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў завяршылі вызваленне ад нямецкіх захопнікаў усёй тэрыторыі Венгрыі.

У тыле

Абласная нарада перадавікоў сельскай гаспадаркі, у якой узялі ўдзел старшыні калгасаў, брыгадзіры, звеннявыя, конюхі, праходзіла 29 і 30 сакавіка ў Гомелі. Даклад па пытанні аб падрыхтоўцы і правядзенні веснавой сяўбы зрабіў сакратар Гомельскага абкама КП(б)Б таварыш Жыжанкоў: «Другі раз на вызваленай ад ворага зямлі мы будзем праводзіць веснавую сяўбу. Нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі велізарныя страты сельскай гаспадарцы обласці. Спалена і разбурана звыш 53 тысяч калгасных двароў, больш 21 тысячы грамадскіх будынкаў. Разграблены і знішчаны ўсе жывёлагадоўчыя фермы. Страты, нанесеныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі калгасам нашай обласці, перавышаюць 5 мільярдаў рублёў».

Некаторыя з калгасаў даўно падрыхтаваліся да сяўбы, у тым ліку імя Дзяржынскага (Рэчыцкі раён), імя Варашылава (Церахоўскі раён), «1 мая» (Гомельскі раён) і многія іншыя. Але не ўсе. Напрыклад, у Добрушскай, Жлобінскай, Будзішчанскай, Папаратнянскай, Нісімкавіцкай МТС недапушчальна зацягваліся рамонт і аднаўленне трактароў. Дакладчык заклікаў удзельнікаў нарады максімальна эфектыўна выкарыстоўваць дні, якія засталіся да масавых палявых работ, і ліквідаваць усе недапрацоўкі ў падрыхтоўцы.

Цікава, што ў спрэчках па дакладзе выступіў ажно 31 чалавек. Адзін з іх — звеннявая з калгаса «Прамень 1 мая» Кармянскага раёна А. Шанько: «У мінулым годзе наша звяно сабрала высокі ўраджай ільна. У гэтым годзе мы паставілі сабе задачай зняць з кожнага гектара 340 цэнтнераў бульбы, 15 цэнтнераў пшаніцы, 18 цэнтнераў ячменю. Маё звяно складаецца з 10 чалавек, з якіх 5 — комсамольцы. Мы ўсебакова падрыхтаваліся да сяўбы».

Вопытам работы на нарадзе дзяліліся старшыня калгаса «Камунар» Буда-Кашалёўскага раёна таварыш В. Елісееў, стаханавец калгаса імені Сталіна гэтага ж раёна таварыш Л. Старасценка, дырэктар Закружскай МТС таварыш А. Крывенка і многія іншыя.

З прамовай выступіў наркам земляробства БССР таварыш Крупеня, які паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг практычных задач па хутчэйшым завяршэнні падрыхтоўкі да сяўбы і арганізаваным яе правядзенні.

«Перадавікі сельскай гаспадаркі выклікалі на соцыялістычнае спаборніцтва калгаснікаў і ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі Палескай обласці, — пісала наша газета. — Выклік гамельчан быў аднадушна падтрыман дэлегацыяй калгаснікаў Палесся, якую ўзначальваў намеснік старшыні Палескага аблвыканкома тав. Ільянкоў».

У лічаныя дні, якія засталіся да пачатку сяўбы, трэба было дасканала праверыць, ці ўсё ў нашых сялян гатова для паспяховага яе правядзення.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю