У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Звестак аб сітуацыі на фронце першага красавіка захавалася няшмат. Паводле інфармацыі Савецкага інфармбюро, на ўсходзе ад Гданьска войскамі 2-га Беларускага фронту было ўзята ў палон больш чым дзве тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.
«Войскі 2-га Украінскага фронту, развіваючы наступленне па паўднёваму берагу Дуная, к канцу дня 2 красавіка авалодалі горадам і важным вузлом дарог Мадзьяровар», — пісала «Звязда».
У баях 2 красавіка войскі 3-га Украінскага фронту ўзялі ў палон больш як 12 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 30, танкаў і самаходных гармат — 71, бронетранспарцёраў — 27, палявых гармат — 124, кулямётаў — 129, аўтамашын — 159, паравозаў — 25, чыгуначных вагонаў — 927, складаў з боепрыпасамі, узбраеннем і прадуктамі харчавання — 38.
На іншых участках фронту істотных змен не было.
У тыле
«Клопаты аб дзецях — аб гэтых кветках жыцця — былі заўсёды прадметам асаблівай увагі нашага ўрада і партыі», — пісала «Звязда». Да Вялікай Айчыннай вайны ў Савецкім Саюзе была прадстаўлена шырокая сетка дзіцячых устаноў, у тым ліку школы, дзіцячыя садкі, яслі, пляцоўкі.
Нямецкія дзетазабойцы за час акупацыі савецкіх земляў знішчылі сотні тысяч дзетак, здзекаваліся з іх, спальвалі іх на кастрах, душылі ў душагубках. Ад рук фашыстаў загінулі і бацькі многіх з іх. Наша газета паведамляла, што пра дзяцей-сірот клапацілася ўся краіна. Немалая работа была праведзена ў гэтай галіне з часу вызвалення ад нямецкіх бандытаў: «У нашай рэспубліцы арганізавана каля 200 дзіцячых дамоў, працуе больш як 20 спецыяльных дамоў, у якіх выхоўваюцца дзесяткі тысяч дзяцей». Дапамагалі дзецям не толькі партыйныя і савецкія органы, органы Наркомасветы, але і ўся савецкая грамадскасць«.
Да ўсіх жанчын Беларусі звярталася група грамадскіх работніц БССР: «У цяжкі час, калі наша родная Беларусь яшчэ пакутавала пад пятой нямецкіх акупантаў, невялікая група жанчын — жонак кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў рэспублікі, жанчын — грамадскіх работніц пачала работу па аказанні дапамогі дзецям партызан і дзецям-сіротам, што прыбывалі з партызанскіх раёнаў Беларусі на „вялікую зямлю“. Разам з перасыльным спецдомам дзяцей прымалі, адзявалі, прыводзілі ў парадак. На сабраныя сярод беларусаў сродкі набывалі розныя рэчы, неабходныя дзецям». Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх бандытаў работа разгарнулася яшчэ шырэй. Жанчыны арганізавалі пашыўку бялізны, адзення, набывалі коўдры, падушкі, абутак, паліто, шалікі, панчохі і іншыя патрэбныя для Прыснянскага спецдзетдома Веткаўскага раёна. Па ўласнай ініцыятыве яны ж азнаёміліся з дзіцячымі дамамі Мінска, пасля чаго аказалі ім дапамогу ў набыцці паліва, вопраткі, прадуктаў харчавання.
Мацярынскімі клопатамі і ласкай акружылі дзяцей нашы жанчыны. Толькі чалавечае цяпло магло дапамагчы вярнуць да жыцця дзіця, якое ў свае раннія гады сутыкнулася з усімі жахамі вайны. «Радасныя ўсмешкі на тварах дзяцей будуць нам лепшай узнагародай за мацярынскую любоў і пяшчотнасць, адданыя ім», — сцвярджалі жанчыны.
Наколькі гэта было магчыма, беларускі рабілі ўсё дзеля таго, каб кожнае дзіця ў дзіцячым доме адчувала сябе, як у роднай сям’і, было чыстым, сытым і здаровым.