Top.Mail.Ru

«Звязда». № 61 — 5 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


У тыле

На ўлонні вялікага возера раскінуўся калгас «Чырвонае зарава» Лепельскага раёна. «Звязда» пісала, што да вайны ён быў адным з наймацнейшых у раёне. Аднак нямецкія бандыты не абмінулі і гэтай арцелі — яны знішчылі жывёлу і грамадскія будынкі, нанеслі калгасу незлічоныя страты.

Пасля вызвалення ад нямецкіх акупантаў сяляне адразу ўзяліся за яго аднаўленне. ≪Нядаўна калгаснікі падрабязна абмеркавалі мерапрыемствы па павышэнню ўраджайнасці, вызначаныя ў пастанове СНК БССР і ЦК КП(б)Б. Уносіліся канкрэтныя прапановы па лепшаму выкарыстанню цяглавай сілы, інвентару, машын і ўгнаенняў≫.

У 1945 годзе калгас запланаваў засеяць яравымі культурамі 124 гектары. Падрыхтаваны да палявых работ быў сельскагаспадарчы інвентар. 58-гадовы калгасны каваль Рыгор Кубар адрамантаваў, паводле звестак, 35 барон і 34 плугі. Спрактыкаваныя рымары-самавучкі адрамантавалі 65 хамутоў.

Старанна працавалі і калгасныя конюхі Іван Гоюш і Павел Лобніс. ≪Усе 33 калгасныя кані маюць сярэднюю ўкормленасць. Але на адных конях цяжка апрацаваць усю калгасную плошчу. Таму ў сельскагаспадарчай арцелі яшчэ загадзя пачалі рыхтаваць дадатковае цягло — прывучаць да палявых работ малапрадукцыйных кароў. Для кароў зроблена 10 камплектаў вупражы≫, — паведамляла ≪Звязда≫.

Перадавое месца ў падрыхтоўцы да сяўбы займала трэцяя брыгада на чале з Цімафеем Юшко. Ён быў старанны калгаснік і кіраўнік — яшчэ зімой адрамантаваў 9 аромных і 9 вазавых хамутоў, навіў лейцаў для ўсіх коней брыгады: ≪Пяць маіх сыноў змагаюцца на франтах, дабіваюць фашысцкага звера. Я хоць і стары — мне 70 год, але хачу працаваць не горш, чым мае сыны ваююць. Няхай яны ганарацца сваім бацькам брыгадзірам≫, — гаварыў мужчына.

Шмат увагі аддавалі сяляне і развіццю жывёлагадоўлі. Загадчык фермы таварыш Буловіч наладзіў добры догляд маладняку і дабіўся абсалютнага захавання ўсіх народжаных цялят і ягнят.

Увогуле калгаснікі «Чырвонага зарава» з уздымам уключыліся ва ўсебеларускае спаборніцтва за найлепшую падрыхтоўку і правядзенне веснавой сяўбы. Тут завяршаліся апошнія перадпасяўныя работы. Хутка людзі выйшлі на сяўбу з добрым насеннем і спраўным інвентаром.

На фронце

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на працягу 3 красавіка войскі 2-га Беларускага фронту вялі баі па знішчэнні рэштак акружанай групы нямецкіх войскаў на ўсходзе ад Гданьска і занялі населеныя пункты Ноендорф, Клайнпленедорф, Зігескранц, Хойбудэ, Кракаўеркемпе, Кракау.

Войскі 2-га Украінскага фронту ў гэты дзень сумесна з румынскімі войскамі з баямі занялі горад і чыгуначную станцыю Крэмніца — моцны апорны пункт абароны немцаў на паўднёвых схілах хрыбта Велькафатра, а таксама занялі больш чым 150 іншых населеных пунктаў, сярод якіх буйныя Шпаня Доліна, Кунешоў, Янова Легота, Вялікія Угерцэ, Жабокрэкі, Хінораны, Яцоўцэ, Бойна, Драгоўцэ, Долны Крупо, Смоленіцэ, Омпітал, Часта, Святы Юр і многія іншыя.

Войскі 3-га Украінскага фронту ў выніку наступлення танкавых злучэнняў і пяхоты авалодалі на тэрыторыі Аўстрыі прамысловым горадам і буйным чыгуначным вузлом Вінер, Нойштат і гарадамі Эйзенштат, Неункірхен, Глогнітц — важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Вены, а таксама занялі звыш 100 іншых населеных пунктаў, у тым ліку Огау, Донерскірхен, Хоф, Потэндорф, Эбенуфурт, Блюмау, Эбрэйхсдорф, Мітэрндорф, Фельм, Мюнхендорф, Трайскірхен, Мацэндорф, Фішау, Вейкерсдорф. Адначасова на захадзе і паўднёвым захадзе ад возера Балатон франтавікі, наступаючы сумесна з войскамі балгарскай арміі, занялі больш чым 80 населеных пунктаў, сярод іх — Себеборцы, Мурска Собота, Баглад, Мікефа, Варфельдэ, Баноксентдзьердзь, Бечэхей, Которыба, Дольні Дубрава. У баях за 2 красавіка войскі фронту ўзялі ў палон больш чым 12 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 30, танкаў і самаходных гармат — 71, бронетранспарцёраў — 27, палявых гармат — 124, кулямётаў — 129, аўтамашын — 159, паравозаў — 25, чыгуначных вагонаў — 927, складаў з боепрыпасамі, узбраеннем і прадуктамі харчавання — 38.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю