Top.Mail.Ru

«Звязда». № 62 — 6 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 2-га Беларускага фронту ліквідавалі рэшткі групы нямецкіх войск, прыціснутых да заліва Путцыгер Вік на поўначы ад горада Гдыні. У канцы сакавіка нямецкія дывізіі, разгромленыя ў баях за Гдыню, замацаваліся на прыбярэжным участку на поўначы ад горада. Праціўнік меў выгадныя для абароны пазіцыі. ≪Подступы да іх прыкрывае забалочаная паласа шырынёй у 2-4 кілометры, — паведамляла Савецкае інфармбюро. —Разгарнуўшы баі па знішчэнню акружанага праціўніка, нашы часці на радзе ўчасткаў пераадолелі забалочаную паласу і ачысцілі ад гітлераўцаў лясны масіў. Адбіваючы варожыя контратакі, совецкія пехацінцы, падтрыманыя артылерыяй і авіяцыяй, захапілі рад дотаў і выбілі немцаў з населеных пунктаў Пагорш і Облуш≫.

У гэты дзень, 5 красавіка, савецкія часці авалодалі пасёлкамі Оксхефт, Мехлінкен, Рэва і завяршылі ліквідацыю групы войск праціўніка. Радыё перадавала наступнае паведамленне: «У раёне Гдыні мы дабіліся паўнейшага поспеху ў ходзе сваіх абарончых аперацый».

У раёне Брэслау прадаўжаліся баі па знішчэнні акружанай групы нямецкіх войск. Войскі 4-га Украінскага фронту ў гэты дзень, дзейнічаючы сумесна з чэхаславацкімі войскамі, авалодалі горадам Ружамберок — важным вузлом дарог і апорным пунктам абароны немцаў на рацэ Ваг у Чэхаславакіі, а таксама занялі горад Жывец і больш чым 40 іншых населеных пунктаў.

Войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, авалодалі гарадамі і важнымі чыгуначнымі вузламі Малацкі і Брук, адначасова франтавікі, наступаючы сумесна з румынскімі войскамі, з боем занялі гарады Прэвідза і Баноўцэ — моцныя апорныя пункты абароны немцаў у паласе Карпат, а таксама занялі больш за 50 іншых населеных пунктаў, сярод якіх буйныя Скленэ, Брэзаны, Бойніцэ, Кош, Новакі, Скачаны, Завада, Біксард, Салошніца, Загор, Ступава, Ламач, Відрыца, Петр Жалка, Вольфсталь, Гайнбург, Рорау і чыгуначныя станцыі Скленэ, Новакі, Землянске Касталаны, Салошніца, Загор, Ступава, Ламач.

Паводле інфармацыі Савецкага інфармбюро, на Венскім напрамку войскі 3-га Украінскага фронту, пераадольваючы супраціўленне праціўніка, занялі населеныя пункты Раўхенварт, Унтэр Лаа, Обер Лаа (4 кіламетры ад Вены), Лаксенбург, Гунтрамсдорф, Гумпольдскірхен, Хахротэрдорф, Брайтэнфурт і перарэзалі аўтастраду Вена — Лінц. ≪Адначасова на паўднёвым захадзе ад возера Балатон войскі фронта, наступаючы сумесна з войскамі балгарскай арміі, занялі на тэрыторыі Югаславіі горад Дольні Лентава і больш за 40 іншых населеных пунктаў≫, — паведамляла ≪Звязда≫ ў гэты дзень.

У тыле

Гісторыя аб тым, як аднаўлялася Слонімская МТС Баранавіцкай вобласці пасля «гаспадарання» нямецкіх бандытаў, была змешчана ў 62-м нумары нашай газеты за 1945 год: «Першымі прыйшлі трактарысты Нікалай Супрун, Аляксандр Жывулька, брыгадзір трактарнай брыгады Сазановіч і старшы механік Владзімір Канстанцінавіч Лакуцін», — пісала «Звязда».

Трактарысты знайшлі на пажарышчы былой сядзібы абгарэлыя дэталі, якія валяліся сям-там. На палях на той час даспеў ураджай, трэба было хутчэй убіраць дабро, каб не асыпалася. ≪З таго часу і пачалося аднаўленне МТС. Ачысцілі частку памяшкання былой майстэрні, устанавілі горан. Спачатку трактарысты горача ўзяліся рамантаваць жняяркі, вырабляць сярпы, па магчымасці забяспечваць сялян уборачнымі прыладамі. Адначасова праводзіліся вялікія работы па зборцы і рамонту трактараў≫.

Работы не спыняліся ўсю зіму. Людзі старанна працавалі, нягледзячы на цяжкасці. Часам не хапала той ці іншай часткі, не падыходзілі дэталі, але ўмелыя вопытныя рукі рамонтнікаў і гарачае жаданне зрабіць сваю МТС моцнай перамаглі.

≪На рамонтных работах асабліва вызначыліся трактарысты-рамонтнікі Нікалайчык, Супрун, брыгадзіры трактарных брыгад Сазановіч і Ціхановіч, старшы механік Лакуцін і кавалі Ледвіг Леонцій і Ледвіг Владзімір. Гэтыя людзі штодзённа перавыконвалі сваю норму ў паўтара-два разы≫, — паведамляла наша газета ў гэты дзень.

Заставаліся апошнія дні перад пачаткам сяўбы. «Прыводзяцца ў парадак падручныя прылады: вёдры для бензіну, маслёнкі, ключы, малаткі і інш. Часта ў сядзібе то тут, то там загудзе матор — ідзе дэталёвае выпрабаванне».

З нецярпеннем у Слонімскай МТС чакалі дня выезду ў поле. «І гэты дзень не за гарамі, — пісала „Звязда“. — Падсыхае глеба пад цёплымі праменнямі веснавога сонца. Хутка ў поле...»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю