У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
На працягу 7 красавіка ў паласе Карпат войскі 4-га Украінскага фронту з баямі занялі больш чым 30 населеных пунктаў, сярод якіх Брэнка, Малінка, Камешніца, Уйсолы, Розтакі, Гомбаш.
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на паўночным усходзе і поўначы ад Браціславы войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, занялі горад Нове Места і больш за 50 іншых населеных пукнтаў, у тым ліку буйныя Кшына, Угровец, Чахціцэ, Брэзова, Глбоке, Сеніца, Чачоў. Гітлераўцы спрабавалі любой цаной утрымаць Нове Места ў сваіх руках. Яны спешна падцягнулі рэзервы і кінулі іх у бой. Аднак нашы войскі выбілі ворага з пануючых над мясцовасцю вышынь, а затым у выніку бою авалодалі гэтым важным вузлом шляхоў зносін.
У раёне Вены войскі 3-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, занялі гарады Медлінг, Прэсбаум, Клостэрнойбург. Такім чынам, франтавікі абышлі Вену не толькі з паўднёвага ўсходу і поўдня, але таксама і з захаду і паўночнага захаду. «Праціўнік упорна супраціўляецца, чапляецца за кожны рубеж, імкнучыся спыніць нашы наступаючыя часці. Побач з танкавымі і пяхотнымі дывізіямі немцы кідаюць у бой запасныя палкі, часці асобага назначэння, жандарскія атрады, курсантаў афіцэрскіх школ і другія падраздзяленні», — паведамляла «Звязда» зводку Савецкага інфармбюро.
Нашы войскі, адбіваючы варожыя контратакі і адкідаючы праціўніка, настойліва прасоўваліся наперад. Авалодаўшы прыгарадамі, савецкія штурмавыя групы вялі вулічныя баі ў паўднёвай частцы Вены. Быў заняты арсенал і іншыя апорныя пункты немцаў. На працягу дня было знішчана да трох тысяч салдат і афіцэраў праціўніка. Савецкія лётчыкі знішчылі нямецкі браняпоезд і эшалон з боепрыпасамі.
Авіяцыя Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту трапіла ў Данцыгскай бухце ў нямецкі эсмінец і транспарт водазмяшчэннем у 5 тысяч тон. Апрача таго, былі пашкоджаны дзве быстраходныя дэсантныя баржы і адзін мінаносец праціўніка.
У тыле
Па-баявому рыхтаваўся да палявых работ калгас «Бальшавік» Чэрвеньскага раёна. Там ужо даўно было ачышчана насенне і завершаны рамонт сельскагаспадарчага інвентару.
«Асаблівую ўвагу звярнулі калгаснікі на падрыхтоўку цяглавай сілы. Лепшы конюх арцелі тав. Гаманюк старанным доглядам коней дабіўся таго, што ўсе яны маюць сярэднюю і вышэйсярэднюю ўкормленасць», — пісала «Звязда».
Калгаснікі ў 1945 годзе, вывучаючы пастанову СНК СССР і ЦК ВКП (б) аб развіцці сельскай гаспадаркі і абмеркаваўшы ўсе магчымасці сельскагаспадарчай арцелі, вырашылі атрымаць 100 пудоў збожжавых і 150 цэнтнераў бульбы з гектара.
Каб забяспечыць такі ўраджай, яны вывезлі ў поле 300 тон гною, 600 тон торфу і сабралі 20 цэнтнераў попелу і птушынага памёту.
«Звязда» паведамляла, што па ініцыятыве звенавых С. Урбановіч і Н. Шут у калгасе была наладжана агратэхнічная вучоба: «Лекцыі ў агратэхнічным гуртку чытае калгасны аграном тав. Гаўруковіч», — паведамляла наша газета ў гэты дзень.
Завяршалася падрыхтоўка да сяўбы і ў арцелі «Чырвоны сцяг». Тут выклікалі на сацыялістычнае спаборніцтва за найлепшае правядзенне сяўбы калгас «Новыя дарогі». Два гэтыя калгасы абавязваліся закончыць сяўбу збожжавых за 8-9 дзён, бульбу пасадзіць за 10 дзён.
За найлепшае правядзенне веснавой сяўбы таксама спаборнічалі сельгасарцелі «Чырвоны партызан» і «Чырвоныя ляды».
Людзі далі слова працаваць ад чыстага сэрца, сеяць не абы-як, а сумленна, як раяць аграномы. З такім падыходам да справы, пэўна, усё ў іх атрымалася.