Top.Mail.Ru

«Звязда». № 65 — 10 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Войскі 3-га Беларускага фронту пасля ўпартых вулічных баёў завяршылі разгром Кёнігсбергскай групы нямецкіх войск і 9 красавіка штурмам авалодалі крэпасцю і галоўным горадам Усходняй Прусіі — Кёнігсбергам — стратэгічна важным вузлом абароны немцаў на Балтыйскім моры.

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, за дзень баёў да 20 гадзін франтавікі ўзялі ў палон звыш 27 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, а таксама захапілі вялікую колькасць узбраення і рознай ваеннай маёмасці. «Рэшткі Кёнігсбергскага гарнізона на чале з камендантам крэпасці — генералам ад інфантэрыі Ляш і яго штабам сёння, у 21 гадзіну 30 мінут, спынілі супраціўленне і склалі зброю», — паведамляла наша газета.

На паўночным усходзе і на поўначы ад Браціславы войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, занялі на тэрыторыі Чэхаславакіі больш за 40 населеных пунктаў, у тым ліку буйныя Саблагоў, Бецкоў, Стара Тура, Сабацішце, Лапашоў, Радзімоў. На захадзе ад Браціславы войскі фронту наступалі па паўночным беразе Дуная на Вену і занялі Цверндорф, Обер Вайдэн, Шэнфельд, Ласзее, Харынгзее, Фуксенбігль, Штраудорф, Орт, Мансдорф, Шэнау.

Войскі 3-га Украінскага фронту вялі паспяховыя баі на вуліцах Вены. «Наносячы ўдары з паўднёвага ўсходу, поўдня, захаду і паўночнага захаду, савецкія часці, пераадольваючы супраціўленне, ачышчаюць ад немцаў квартал за кварталам. Нашы войскі, якія прасоўваюцца ўздоўж Дунайскага канала, авалодалі механічным заводам, газавым заводам, гарадской радыёстанцыяй, казармамі і вядуць баі ў раёне манетнага двара. Гвардзейскія пяхотныя і танкавыя злучэнні, якія наступаюць з захаду, прарваліся ў цэнтральныя раёны горада і авалодалі цэнтрам аўстрыйскай сталіцы», — пісала «Звязда». За дзень баёў было знішчана некалькі тысяч салдат і афіцэраў праціўніка.

У баях за 8 красавіка франтавікі ўзялі ў палон звыш 1700 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 25, танкаў і самаходных гармат — 191, бронетранспарцёраў — 30, палявых гармат — 245, мінамётаў — 50, кулямётаў — 106, паравозаў — 30, вагонаў — 1665, складоў з ваеннай маёмасцю — 42.

У тыле

«Веснавое сонца шчодра палівала сваімі праменнямі неабсяжны прастор калгаснай зямлі. Працаўнікі палёў пакідалі вёску — жыццё пераходзіла туды, дзе пачыналася барацьба за ўраджай», — так вобразна пачынала «Звязда» чарговы рэпартаж пра вясновыя клопаты сялян.

У калгасе «Пяскі» Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці было надзвычай ажыўлена. Старшыня сельскагаспадарчай арцелі Іван Сяргеевіч Бібікаў ужо каторы раз даваў дзелавыя парады брыгадзірам: «Глядзіце ж, каб усё было ў парадку, — гаварыў ён. — Самі ведаеце — першы дзень».
На полі доўгай стужкай праходзіла першая, роўная, нібы струна, баразна. Адзін за другім аратыя браліся за работу, уздымаючы тоўстыя пласты глебы, што адпачыла за зіму. Так калгаснікі сельгасарцелі «Пяскі» распачыналі веснавую сяўбу.

У гэты дзень сеялі, пэўна, ва ўсёй Церахоўшчыне. «На палі выйшлі і падлеткі, і з бялеючай сівізной старыя. І кожны імкнуўся зрабіць лепш, зрабіць больш. Вось араты з калгаса „Комсамолец“ Нікалай Карэба. За першы дзень ён значна перавыканаў заданне і замест 0,5 гектара па норме ўзараў 0,75 гектара», — паведамляла наша газета.

Веснавы дзень год корміць — гэту прыказку людзі добра разумелі і нават на сабе адчувалі. Кожнае звяно і брыгада імкнуліся не прапусціць ранніх тэрмінаў сяўбы і паспець пасеяць у найлепшыя дні, калі глеба была напоўнена вільгаццю.

Калгаснікі «Чырвонага расцвету» добра папрацавалі яшчэ ў перадпасяўныя дні — не прымусілі чакаць і вынікі: «Сёння калгас пасеяў звыш 30 працэнтаў усіх яравых. Да міжнароднага свята — Першага мая, — гаварыў старшыня сельгасарцелі таварыш Ларчык, — мы разлічваем поўнасцю завяршыць веснавую сяўбу».

Шматлюдным стала арцельнае поле. Калгасная вёска выйшла на працу, на барацьбу за высокі ўраджай. «Па прасёлачнай дарозе адзін за другім ідуць трактары. Гэта брыгадзір перадавой трактарнай брыгады Церахоўскай МТС таварыш Сотнікаў вядзе свае машыны на палі калгасаў Гардуноўскага сельсавета». Пакідаючы сядзібу МТС, брыгада дала слова — утрымаць першынство ў сацыялістычным спаборніцтве трактарных брыгад, узараць за вясну 2900 гектараў: «І ў гэтым годзе мы будзем пераможцамі», — быў цвёрда ўпэўнены брыгадзір.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю