У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Звестак пра сітуацыю на 11 красавіка захавалася няшмат. Савецкае інфармбюро паведамляла, што ў гэты дзень на ўсіх франтах было падбіта і знішчана 50 нямецкіх танкаў і самаходных гармат. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі было збіта 22 самалёты праціўніка.
У тыле
Перад сістэмай дзяржаўных працоўных рэзерваў на той час была пастаўлена сур’ёзная задача — падрыхтаваць высокакваліфікаваных рабочых масавых прафесій для сацыялістычнай прамысловасці, будаўніцтва, чыгуначнага транспарту і другіх галін народнай гаспадаркі краіны.
Задача гэта асабліва ўзрасла ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, калі многія з рабочых былі закліканы на абарону Радзімы, у рады Чырвонай Арміі, а разбураная нямецка-фашысцкімі вылюдкамі народная гаспадарка патрабавала аднаўлення. ≪Важнейшымі крыніцамі папаўнення кваліфікаванымі рабочымі і работніцамі масавых прафесій нашых прадпрыемстваў з’яўляюцца рамесніцкія, чыгуначныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання≫, — пісала ≪Звязда≫.
У Беларускай ССР на той час аднавілі сваю дзейнасць звыш 50 рамесніцкіх, чыгуначных вучылішчаў і школ ФЗН. У іх навучалася каля 11 тысяч юнакоў і дзяўчат. ≪Яны атрымліваюць веды па спецыяльнасцях — памочнікаў паравозных машыністаў, дзяжурных па станцыі, слесараў, токараў, электраманцёраў, друкароў, наборшчыкаў, цесляроў, штукатураў, каменшчыкаў і другіх прафесій≫, — пісала наша газета.
Больш за тры тысячы маладых рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў працавалі на прадпрыемствах Беларусі, выконваючы і перавыконваючы нормы. Сярод іх — былыя вучні школы ФЗН № 5 горада Касцюкоўкі (цяпер гэта міккрараён Гомеля): ≪Штукатуры Ксеня Еўсеенка і А. Тузава, столяр Владзімір Бокараў, цясляр Герасім Вераснёў працуюць на гомельскім шклозаводзе імені Сталіна і зарэкамендавалі сябе тут як добрыя кваліфікаваныя рабочыя. Яны дабіваюцца высокай прадукцыйнасці працы, сістэматычна перавыконваюць дзённае заданне≫.
Упартай і прадуктыўнай працай адрозніваліся таксама вучні Нікалай Гутароеў, Якаў Касабукін, якія скончылі школу ФЗН № 6 у горадзе Добрушы і працавалі на фабрыцы ≪Герой працы≫, выконваючы зменныя заданні на 120–150 %.
Каля 5 тысяч вучняў у маі павінны былі скончыць навучанне і атрымаць кваліфікацыю. ≪Яны раз’едуцца па прадпрыемствах і будоўлях Беларусі для самастойнай работы≫, — адзначалася ў газеце.
Начальнік аддзела мабілізацыі, размеркавання і ўліку пры рэспубліканскім упраўленні працоўных рэзерваў БССР А. Чунаеў заклікаў: «Кіраўнікам прадпрыемстваў, будоўляў і чыгуначнага транспарту неабходна загадзя падрыхтаваць арганізаваную сустрэчу маладым рабочым, забяспечыць іх добра абсталяванымі інтэрнатамі, стварыць неабходныя культурна-бытавыя ўмовы для плённай працы».
У сваю чаргу ≪партыйным, совецкім, комсамольскім і профсаюзным арганізацыям неабходна ўдзяліць максімум увагі і аказваць практычную дапамогу гаспадарнікам у падрыхтоўцы жылля і культурна-масавага абслугоўвання выпускнікоў школ ФЗН, каб гэта садзейнічала далейшаму вытворчаму, культурнаму і палітычнаму росту маладых рабочых≫, — пісала ≪Звязда≫.