У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
На паўночным усходзе ад Вены войскі 2-га Украінскага фронту з баямі прасоўваліся наперад. Немцы ўвялі ў бой яшчэ адну танкавую дывізію, буйныя сілы пяхоты і неаднаразовымі контратакамі спрабавалі не дапусціць выхаду нашых часцей на тылы сваёй венскай групіроўкі. ≪Пераадольваючы ўпорнае супраціўленне праціўніка, нашы войскі авалодалі чыгуначнай станцыяй Эйбесбрун і перарэзалі чыгунку і шасейную дарогу Вена — Брно. Такім чынам, у распараджэнні нямецкіх войск, якія дзейнічаюць у раёне Вены, асталася адна чыгунка, што ідзе ўздоўж берага Дуная на паўночны захад. Дарога абстрэльваецца совецкімі артылерыстамі, якія выйшлі на паўднёвы бераг Дуная, на паўночны захад ад аўстрыйскай сталіцы≫, — паведамляла Савецкае інфармбюро. Адбіваючы варожыя контратакі, войскі фронту спалілі і падбілі 40 танкаў і самаходных гармат, 18 бронетранспарцёраў праціўніка. Было ўзята ў палон больш за 500 нямецкіх салдат і афіцэраў, а таксама захоплены трафеі, у ліку якіх чатыры самалёты і 250 чыгуначных вагонаў з ваеннымі грузамі.
Войскі 3-га Украінскага фронту працягвалі весці баі па вуліцах Вены. «Совецкія часці яшчэ ў некалькіх месцах пераправіліся праз Дунайскі канал і, адбіваючы контратакі немцаў, крок за крокам прасоўваюцца ўперад. Асабліва жорсткія баі ідуць у раёне паўночна-заходняга вакзала. Штурмавыя атрады, дзейнічаючы сумесна з артылерыстамі, блакіруюць вузлы супраціўлення немцаў і ліквідуюць іх», — паведамляла наша газета. Праціўнік нёс велізарныя страты — за 12 красавіка было знішчана звыш чатырох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.
У баях за вызваленне Вены савецкія войскі праяўлялі высокую воінскую смеласць і адвагу. ≪На адной вуліцы нямецкі танк моцным агнём перашкаджаў прасоўванню нашай пяхоты. Гвардыі старшы сержант Бурлакоў падпоўз да варожага танка і кінуў бутэльку з гаручай сумессю. Танк загарэўся. Нямецкіх танкістаў, якія прабавалі выратавацца бегствам, сержант знішчыў агнём з аўтамата. Аддзяленне сержанта Плаходава атакавала дом, у якім умацаваліся гітлераўцы. Нашы байцы ўварваліся ў дом, знішчылі групу немцаў і ўзялі ў палон 9 салдат праціўніка. Гвардыі чырвонаармеец Валетаў на працягу дня знішчыў 7 нямецкіх салдат і аднаго афіцэра≫, — паведамляла «Звязда».
У тыле
У Гарадзішчанскім раёне Брэсцкай вобласці заканчвалася вяртанне зямлі беззямельным і малазямельным сялянскім гаспадаркам, якая была адабрана нямецкімі бандытамі. Ва ўсіх вёсках раёна ішлі палявыя работы і сяўба яравых культур. У многіх з іх быў арганізаваны збор насення для тых гаспадарак, што найбольш пацярпелі ад немцаў. «У вёсках створаны звенні дапамогі бясконным гаспадаркам. У першую чаргу дапамога аказваецца сем’ям франтавікоў, партызан і інвалідаў Айчыннай вайны», — паведамляла наша газета.
У Валнянскім сельсавеце перад пачаткам палявых работ былі праведзены сходы сялян. Працаўнікі абавязваліся, па-першае, правесці сяўбу ў сціслыя тэрміны, а таксама дапамагчы бясконным гаспадаркам апрацаваць свае палі. Дэпутат сельсавета, селянін вёскі Бортнікі Платон Шчэрба, выступаючы на сходзе, казаў: ≪Ад імені ўсіх сялян вёскі выношу вялікую падзяку совецкай уладзе, Чырвонай Арміі і таварышу Сталіну за вызваленне нас з нямецкай няволі. Мы зноў сталі вольнымі і шчаслівымі, сталі гаспадарамі сваёй зямлі≫. Ён асабіста абавязваўся засеяць і вырасціць на сваім полі добры ўраджай, а таксама дапамагчы апрацаваць яравы клін сям’і франтавіка Страмскога.
Селянін Міхаіл Жынкевіч у сваю чаргу абавязваўся дапамагчы Зінаідзе Снежка, муж якой загінуў на фронце. Жанчына была дагэтуль беззямельная. ≪Цяпер яна атрымала 2 гектары зямлі, але не мела насення. Валнянскі сельсовет выдаў ёй з сабранага фонду 100 кілограмаў аўса, 80 кілограмаў ячменю і 300 кілограмаў бульбы≫, — пісала наша газета.
Партызанская сям’я Зінаіды Сурмы атрымала маёмасць у 3,5 гектара зямлі, сельсавет таксама выдаў 120 кілаграмаў аўса, 90 кілаграмаў ячменю і 300 кілаграмаў бульбы: «У адказ на вялікія клопаты совецкай улады аб нас, сялянах, мы пастараемся вырасціць багаты ўраджай. Сваёй упорнай працай на палях дапаможам нашай роднай Чырвонай Арміі хутчэй знішчыць немца-звера», — адзначала жанчына.