У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Паводле звестак Савецкага iнфармбюро, на працягу 14 красавiка на Земландскiм паўвостраве, на паўночным захадзе i захадзе ад Кёнiгсберга, войскi 3-га Беларускага фронту з баямi занялi больш за 60 населеных пунктаў, сярод якiх Алькнiкен, Рантау, Нойкурэн, Лопенен, Засау, Батау, Тыкрэнен, Санкт Лорэнц, Мосiкен, Котцляукен, Ауерхоф, Койенен, Поерштытэн, Косненен, Зеерапен, Шоршэнен, Бэрвальдэ, Доротэнхоф, Грос Хайдэкруг i чыгуначныя станцыi Нойкурэн, Зеерапен. У баях за 14 красавiка ў гэтым раёне войскi фронту ўзялi ў палон больш за 7 тысяч нямецкiх салдат i афiцэраў.
На тэрыторыi Чэхаславакii, на ўсходзе i паўднёвым захадзе ад горада Гадонiн, войскi 2-га Украiнскага фронту, прадаўжаючы наступленне, занялi населеныя пункты Мазур, Кужэлоў, Малая Врбка, Кнеждуб, Стражнiцэ, Лужыцэ, Мiкульчыцэ, Моравска Новая Весь, Грушкi, Новы Жыжкоў, Стары Бржэслаў. «На поўначы i паўночным усходзе ад Вены войскi фронту з баямi занялi на тэрыторыi Аўстрыi населеныя пункты Хохенаў, Грос Iнцэрслорф, Обер Зульц, Бад-Пiраварт, Кронберг, Рыдэнталь, Ульрыхскiрхен, Прэзiнг, Путцынг Энцэральд», — паведамляла «Звязда».
На захадзе ад Вены войскi 3-га Украiнскага фронту, прадаўжаючы наступленне, фарсiравалi раку Трайзен i занялi горад Герцогенбург, а таксама больш за 60 iншых населеных пунктаў, у тым лiку буйныя Мiхельхаузен, Пiшэльсдорф, Цвентэндорф, Понзее, Трасдорф, Зiтцэнберг, Гетцэрсдорф, Iнцэрдорф, Крэйц, Осарн, Капельн, Ейтэндорф, Мурцтэтэн, Бохаймкiрхен, Хрыстофен i чыгуначныя станцыi Мiхельхаузен, Грасдорф, Гемейнлебарн. У баях за 13 красавiка франтавiкi ўзялi ў палон больш за 2 200 салдат i афiцэраў працiўнiка i захапiлi наступныя трафеi: танкаў i самаходных гармат — 107, бронетранспарцёраў — 19, палявых гармат — 135, мiнамётаў — 44, кулямётаў — 294, аўтамашын — 615, паравозаў — 69, чыгуначных вагонаў — 2 367, складоў з ваеннай маёмасцю — 37.
У тыле
У калгасах Хойнiцкага раёна налiчвалася 362 гектары садоў. Апрача таго, каля 100 гектараў былi на прысядзiбных участках калгаснiкаў i 50 гектараў у саўгасах. З надыходам вясны ў iх пачалася дружная праца: «Створаныя ў калгасах садова-гародныя брыгады яшчэ ранняй вясной пачалi абрэзку дрэў. Плошча вакол дрэў ускапвалася рыдлёўкамi. На яблынях i грушах зрэзана сухое галлё i прарэджаны кроны. Збiраецца i знiшчаецца злейшы шкоднiк сада — вусень. Кара пладовых дрэваў ачышчаецца ад моху i лiшайнiка. Памiж радамi дрэў у глебу кладуцца ўгнаеннi», — паведамляла наша газета ў гэты дзень.
У большасцi калгасаў веснавыя работы былi на той час ужо завершаны. Напрыклад, у сельгасарцелi «Бальшавiк», якая знаходзiлася пад кiраўнiцтвам калгаснага садавода таварыша Гардзейчыка, было агледжана 50 гектараў саду. «Упарадкавалi свой сад i калгаснiкi сельгасарцелi „Колас“. Калгасны садавод тав. Меньшык дабiваецца атрымання ўжо ў гэтым годзе высокiх ураджаяў садавiны», — пiсала «Звязда».
У доглядзе дапамагалi i школьнiкi. Яны прыходзiлi пасля ўрокаў у сад i працавалi каля дрэў па дзве гадзiны.
«За вясну ў калгасных садах пасаджана ўжо каля 8 тысяч дзiчак i звыш 3 гектараў клубнiкi. Калгасы набылi вапну i ўжо распачалi пабелку пладовых дрэў».
Восенню ў Хойнiцкiм раёне планавалi атрымаць 30 тысяч саджанцаў мiчурынскiх сартоў з гадавальнiка, што ў Разанскай вобласцi. Апрача таго, райаддзел iмкнуўся закупiць у Крыме 4-5 тысяч чаранкоў розных сартоў вiнаграду.
«На пладовых дрэвах ужо набухлi почкi. Хутка зазелянеюць i зацвiтуць усе калгасныя сады. Ёсць меркаваннi, што ў гэтым годзе будзе вялiкi ўраджай садавiны», — пiсала «Звязда».