У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
≪На працягу 16 красавiка на Земландскiм паўвостраве, на паўночным захадзе i захадзе ад Кёнiгсберга войскi 3-га Беларускага фронта, працягваючы наступленне, з баямi занялi больш за 40 населеных пунктаў, у тым лiку Гермау, Повайен, Зальтнiкен, Годнiкен, Бонау, Кален, Гайдау, Грос-Блюменау, Форкен, Кобельбудэ≫, — паведамляла Савецкае iнфармбюро. Паводле ўдакладненых даных, за 15 красавiка войскi фронту ўзялi ў палон не тры тысячы, а больш за шэсць нямецкiх салдат i афiцэраў, захапiлi наступныя трафеi: самалётаў — 50, палявых гармат — 110, кулямётаў — 295.
На тэрыторыi Чэхаславакii войскi 2-га Украiнскага фронту, пераадольваючы супрацiўленне працiўнiка, з боем авалодалi горадам Бржэслаў i занялi населеныя пункты Новая Лгота, Велка, Лiпоў, Шардзiцэ, Товараны, Чэйч, Брумовiцэ, Горныя Баяновiцэ Старовiчкы, Заечы, Раквiцэ. ≪На поўначы ад Вены войскi фронта з баямi занялi на тэрыторыi Аўстрыi населеныя пункты Гавайнсталь, Траунфельд, Шлейнбах, Манхартсбрун, Штэтэн, Цзобендорф≫, — пiсала «Звязда».
На захадзе ад Вены войскi 3-га Украiнскага фронту, наступаючы па паўднёвым беразе Дуная, занялi на тэрыторыi Аўстрыi больш за 30 населеных пунктаў.
У тыле
Цяжка знайсцi галiну гаспадаркi, якая не мела б патрэбы ў каўчуку: «Для народнай гаспадаркi каучук патрэбен так, як каменны вугаль, жалеза, сталь i нафта». Асаблiва вялiкай была роля ў гэтага матэрыялу ў перыяд Вялiкай Айчыннай вайны. ≪Нямецка-фашысцкiя захопнiкi нанеслi велiзарныя страты каучукаводству рэспублiкi. Усе плантацыi кок-сагыза былi знiшчаны, а насенне вывезена ў Германiю. За аднаўленне пасеваў кок-сагыза трэба брацца спачатку i брацца iменна цяпер, вясной≫, — паведамляла наша газета ў той дзень.
У «Звяздзе» пiсалi: ≪Пад пасевы кок-сагыза павiнны адводзiцца лепшыя ўраджайныя плошчы. Неабходна, каб гэтыя ўчасткi знаходзiлiся як мага блiжэй да вёскi. Лепшай глебай пад кок-сагыз з’яўляюцца добра ўгноеныя ўчасткi зямлi з блiзкiм стаяннем грунтовых вод або акультураныя тарфянiкi i поймы. На адведзеных пастаянных участках трэба ўстанавiць спецыяльны севазварот для гэтай культуры. Выраб участка i нарэзка палёў павiнны адбывацца пад кiраўнiцтвам землеўпарадчыка i агранома-каучукавода≫.
У мэтах заахвочвання вырошчвання каўчуку i павышэння яго ўраджайнасцi пастановай Саўнаркома СССР ад 22 лiпеня 1944 года былi ўстаноўлены наступныя цэны за карэнне i насенне: з аднагадовых плантацый — 200 рублёў, з двухгадовых — 350 рублёў за цэнтнер сырога карэння i 150 рублёў за кiлаграм насення. ≪Калгасам, калгаснiкам i другiм здатчыкам карэнняў i насення прадастаўляецца магчымасць набыць праз гандлёвую сетку Белкаапсаюза гумавыя вырабы, мануфактуру, скураны абутак, трыкатаж i iншыя тавары па дзяржаўных сельскiх цэнах на поўную суму кошту зданых карэнняў i насення≫, — пiсала «Звязда».
Пры жаданнi калгас мог залiчыць здадзеныя дзяржаве карэннi каўчуку ў лiк абавязковых паставак бульбы з наступнай заменай: за 1 цэнтнер сырога аднагадовага карэння — 10 цэнтнераў бульбы i за 1 цэнтнер двухгадовага сырога карэння — 14 цэнтнераў бульбы.
≪Па-большэвiцку падрыхтавацца i высокаякасна пасеяць кок-сагыз, дагледзець пасевы i своечасова ўбраць ураджай — вось задача, пастаўленая партыяй i совецкiм урадам перад партыйнымi i совецкiмi арганiзацыямi, зямельнымi работнiкамi, кiраўнiкамi МТС i ўсiмi калгасамi нашай рэспублiкi≫, — пiсала «Звязда».