Top.Mail.Ru

«Звязда». № 70 — 17 красавіка 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на працягу 15 красавіка на Земландскім паўвостраве, на паўночным захадзе і захадзе ад Кёнігсберга, войскі 3-га Беларускага фронта, прадаўжаючы наступленне, з баямі занялі больш за 60 населеных пунктаў. У баях за 15 красавіка ў гэтым раёне франтавікі ўзялі ў палон больш за тры тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

«Войскі 2-га Украінскага фронта, пры садзеянні войск 3-га Украінскага фронта, акружылі і разграмілі групу нямецкіх войск, якія патрабавалі адступіць ад Вены на поўнач, і авалодалі пры гэтым гарадамі Карнейбург і Фларыдсдорф — магутнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на левым беразе Дуная», — паведамляла «Звязда».

У ходзе баёў войскі фронту ўзялі ў палон звыш трох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 32, танкаў і самаходных гармат — 49, палявых гармат — 170, мінамётаў — 220, кулямётаў — 215, аўтамашын — 750, паравозаў — 175, вагонаў — 4 500, складаў з ваеннай маёмасцю — 39.

Войскі 3-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, у гэты дзень авалодалі на тэрыторыі Аўстрыі горадам Санкт-Пельтэн — важным вузлом дарог і моцным апорным пунктам абароны немцаў на рацэ Трайзен. У баях за 14 красавіка войскі фронту ўзялі ў палон 1 140 нямецкіх салдат і афіцэраў.

У тыле

Да вайны вёска Нарач, што ў Маладзечанскім раёне, была вельмі прыгожай. З аднаго боку яе ахіналі лясы, з другога — вілася блакітнай стужкай рака. Але па гэтай зямлі прайшліся фашысцкія каты і пакінулі свае крывавыя сляды. «Нямецкія бандыты спалілі 53 гаспадаркі. Спалілі жыўцом усю сям’ю Іосіфа Пятровіча Пескавога, старых Куліцкіх, свяшчэнніка Паўла Сасноўскага з маленькім хлопчыкам, расстралялі 13 чалавек, а 15 чалавек вывезлі на катаргу ў Германію». 

Гэта — ахвяры толькі з аднаго населенага пункта нашай Беларусі. Пасля вайны нарачанцы з выключнай нянавісцю ўспаміналі гэтыя жудасныя дні нямецкай акупацыі: «За ўсе здзекі над намі помсцяць немцам нашы родныя аднавяскоўцы, якія змагаюцца ў радах Чырвонай Арміі. Мы будзем дапамагаць франтавікам, змагаючыся за высокі ўраджай», — адзначала дэпутат сельсавета Аляксандра Пескавая.

12 красавіка 1945-га для Нарачы быў урачысты дзень. «На палі, абвеяныя веснавым ветрам, выйшлі аратыя, баранавальшчыкі, сейбіты і ўкінулі ў пульхную глебу першыя зерні. Нарачанцы рашылі сеяць адборным насеннем, каб атрымаць багаты ўраджай перамогі. Па прыкладу Ольгі Ванцэвіч жанчыны арганізавалі ачыстку збожжа ўручную — адны ў рашаце падсяваюць, другія — у пачоўках, трэція разаслаўшы пасцілку веюць збожжа на вятры».

Людзям было, мякка кажучы, няпроста, але сяляне сцвярджалі аднадушна: «Хоць цяжкавата, але пасеем, усё пасеем у тэрмін!»
Вядучая рубрыкі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю