У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Паводле звестак Савецкага iнфармбюро, на працягу 17 красавiка на Земландскiм паўвостраве, на захад ад Кёнiгсберга, войскi 3-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, з баямi занялi горад i порт Фiшхаузен i шматлiкiя населеныя пункты. ≪Рэшткi разгромленай групы нямецкiх войск адкiнуты у раён порта Пiлау, дзе i знiшчаюцца нашымi войскамi≫, — паведамляла «Звязда».
У баях за 16 красавiка войскi фронту ўзялi ў палон 5 650 нямецкiх салдат i афiцэраў i захапiлi наступныя трафеi: самалётаў — 47, танкаў i самаходных гармат — 47, бронетранспарцёраў — 78, палявых гармат — 385, мiнамётаў — 210, кулямётаў — 730, аўтамашын — 2 512, трактараў i цягачоў — 64, чыгуначных вагонаў — 350, складаў з ваеннай маёмасцю — 36.
Войскi 2-га Украiнскага фронту, прадаўжаючы наступленне, 17 красавiка авалодалi цэнтрам нафтаноснага раёна Аўстрыi — горадам Цыстэрсдорф, а таксама занялi больш за 30 iншых населеных пунктаў. На тэрыторыi Чэхаславакii, на паўночным захадзе ад горада Гадонiн, войскi фронту занялi населеныя пункты Крумвiр, Шчытборыцэ, Кржэпiцэ, Густопечэ, Старовiцэ, Врановiцэ.
Войскi 3-га Украiнскага фронту на тэрыторыi Аўстрыi, на поўначы i захадзе ад горада Санкт-Пельтэн з баямi занялi населеныя пункты Обер-Вельблiнг, Амбах, Хаузгейм, Обрыцберг, Вайтцэндорф, Герэсдорф, Хафiнг.
У тыле
На нарадзе перадавiкоў сельскай гаспадаркi ў Заслаўi старшынi сельсаветаў i калгасаў, брыгадзiры, звеннявыя, аграномы i работнiкi МТС, партыйны i савецкi актыў раёна дзялiлiся вопытам сваёй работы па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы i першымi вынiкамi масавых палявых работ.
Выступаў на ёй i трактарыст Навадворскай МТС таварыш Вайтовiч: ≪Нашы трактары добра падрыхтаваны да палявых работ, — заяўляў ён. — Мы, трактарысты, будзем працаваць ад цямна да цямна, а калi спатрэбiцца, i ўначы i з гонарам выканаем узятыя на сябе абавязацельствы≫.
Калгас iмя VII з’езда Саветаў яшчэ зiмой пачаў рыхтавацца да веснавых работ. Аб гэтым на нарадзе паведамляла яго брыгадзiр таварыш Паркалёва: ≪Загадзя былi адрамантаваны плугi, бораны, калёсы≫. Дзякуючы чаму атрымалася своечасова выйсцi на палi i засеяць першыя гектары яравых культур.
≪Мы не пашкадуем нi сiлы, нi працы для паспяховага завяршэння сяўбы i атрымання ў гэтым годзе высокага ўраджаю≫, — адзначала жанчына.
Раённая нарада абмеркавала i прыняла канкрэтныя абавязацельствы калгаснiкаў i работнiкаў МТС па ўздыме ўраджайнасцi i паспяховым правядзеннi ўсiх сельскагаспадарчых работ у 1945 годзе.
У прынятым дагаворы калгаснiкi Заслаўшчыны, у прыватнасцi, абавязвалiся своечасова i высокаякасна завяршыць сяўбу яравых, зернавыя пасеяць за 7-8 дзён, бульбу пасадзiць за 10 дзён.
Нарада выклiкала на сацыялiстычнае спаборнiцтва калгаснiкаў Мiнскага сельскага раёна. ≪Прысутныя на нарадзе прадстаўнiкi ад калгасаў Мiнскага раёна выклiк прынялi≫, — пiсала «Звязда».
Цiкавы факт: ≪Нарада пастанавiла прасiць газету ≪Звязда≫ быць арбiтрам у соцыялiстычным спаборнiцтве двух раёнаў≫.