Top.Mail.Ru

«Звязда». № 84 (2) — 8 мая 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.

На фронце

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 1-га Беларускага фронту выйшлі на раку Эльбу на поўначы і паўднёвым усходзе ад Магдэбурга, заняўшы пры гэтым гарады Гентын, Цэрбст і буйныя населеныя пункты Шэнхаўзен, Бергцоў, Парэй, Шартау, Гервіш, Лейтцкау, Гердэн, Вальтэрнінбург, Штойтц. За 6 мая войскі фронту ўзялі ў палон 3100 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі на аэрадромах 34 самалёты праціўніка.

«Войскі 1-га Украінскага фронта, у выніку працяглай асады, 7 мая поўнасцю авалодалі горадам і крэпасцю Брэслаўль (Брэслау)», — пісала «Звязда».

Гарнізон нямецкіх войск, які абараняў горад на чале з камендантам крэпасці генералам ад інфантэрыі фон Нігоф і яго штабам, спыніў супраціўленне, склаў зброю і здаўся ў палон.

7 мая да 19 гадзін нашымі войскамі было ўзята ў палон у горадзе Брэслаўль больш за 40 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

Войскі 4-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне на захадзе і паўднёвым захадзе ад горада Мараўска Острава, з баямі занялі гарады Фрэйдэнталь, Фрыдланд на Морау, Мерыш-Нейштат, Штэпанау і буйныя населеныя пункты Вільдгруб, Шумвальд, Медлоў, Хвалковіцэ, Шмейль, Спалоў, Одры, Палачоў, Лешна. У баях за 6 мая войскі фронту ўзялі ў палон звыш 2 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

У тыле

Наша газета паведамляла, што 4 мая Мінская вобласць выканала ўстаноўлены ўрадам план сяўбы ранніх збожжавых і бабовых культур. Па калгасах вобласці было пасеяна 127 600 гектараў яравых. «З выключным поспехам прайшла сяўба ў перадавых калгасах Мінскага, Дзяржынскага, Рудзенскага і Заслаўскага раёнаў, якія метадам сацыялістычнага спаборніцтва дабіліся своечасовага разгортвання палявых работ і высокай якасці апрацоўкі глебы. Рад калгасаў значна перавыканалі ўстаноўленыя ўрадам планы сяўбы яравых і пасеялі звыш плана сотні і тысячы гектараў аўса, ячменю і іншых культур», — пісала «Звязда».

На дапамогу найбольш пацярпелым ад нямецкіх захопнікаў калгасам ехалі перадавыя людзі, стаханаўцы калгасных палёў Мінскага, Дзяржынскага, Заслаўскага, Рудзенскага і іншых раёнаў.

У «Звяздзе» адзначалася: «Калгасы Мінскага раёна накіроўваюць 300 аратых, баранавальшчыкаў і сейбітаў і 300 коней з плугамі і боранамі ў калгасы Бягомльшчыны. Калгаснікі Дзержыншчыны накіроўваюць 200 коней у адстаючыя калгасы Плешчаніцкага раёна і 100 коней у Бягомльскі раён. Калгаснікі Заслаўшчыны выязджаюць на дапамогу ў калгасы Лагойскага раёнаў. Жыва адгукнуліся на гэтую справу і калгаснікі Рудзенскага і 

Уздзенскага раёнаў, якія таксама пасылаюць аратых, сейбітаў і коней у адстаючыя калгасы».

Перадавыя калгасы абяцалі дапамагчы адстаючым засеяць усе палі і дабіцца адраджэння і росквіту ўсіх калгасаў Міншчыны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю