Top.Mail.Ru

«Звязда». № 84 — 8 мая 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.







На фронце

Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 2-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, фарсіравалі праліў Штральзундэрфарвасер, занялі на востраве Руген гарады Берген, Гарц, Путбус, Заснітц і 6 мая поўнасцю авалодалі востравам Руген. У баях за 5 мая імі было ўзята ў палон 4660 нямецкіх салдат і афіцэраў і захоплена 24 самалёты, 215 палявых гармат. У ліку палонных — начальнік мабілізацыйнага аддзела Штэцінскай ваеннай акругі контрадмірал Хорстман.

«Войскі 1-га Беларускага фронта, рухаючыся ўперад на паўночным захадзе і захадзе ад горада Брандэнбург, занялі буйныя населеныя пункты Зандау, Вулькау, Клітц, Ферхель, Фірытц, Шлагенцін, Плауе, Грос-Вустэрвітц, Кадэ, Карау», — паведамляла «Звязда». За 5 мая яны ўзялі ў палон 17 120 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі 119 самалётаў і 235 палявых гармат.

Войскі 4-га Украінскага фронту, наступаючы на захадзе і паўднёвым захадзе ад горада Мараўска Астрава, з баямі занялі гарады Беніш, Штэрнберг, Пржыбор, Новы Йічын, Фрэнштат, Валаш Межырычы, Галешоу. У баях за 5 мая войскамі фронту было ўзята ў палон звыш 1 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Войскі 2-га Украінскага фронту на паўночным усходзе ад горада Брно з баямі занялі горад Косцін і буйныя населеныя пункты Фрыштан, Мартыніцэ, Гулін.

У тыле

«У перадмайскім спаборніцтве калектыў рабочых і служачых мінскай абутковай арцелі «Стаханавец» з чэсцю выканаў план да 25 красавіка на 125 процэнтаў.

З вялікім уздымам рабочыя сустрэлі рашэнне ўрада аб выпуску Чацвёртай Дзяржаўнай Ваеннай Пазыкі. За адну гадзіну ўсе рабочыя былі ахоплены падпіскай», — пісала «Звязда».

У прыватнасці, рабочы Барыс Давідовіч казаў: «Мы дапаможам Чырвонай Арміі сваёй працай і грашыма. Я аддаю ў пазыку дзяржаве 1000 рублёў і заклікаю ўсіх рабочых нашай арцелі паследваць майму прыкладу. На 1000 рублёў падпісаліся таварышы Шулуцэвіч, Асіповіч і другія».

Падпісваючыся на пазыку, вучні арцелі Віктар Сладкевіч, Іван Трушкевіч і Міхась Трушкоў заяўлялі: «Радасныя і хвалюючыя дні перажываем мы. Узнят Сцяг Перамогі над Берлінам. Чырвоная Армія і арміі нашых саюзнікаў забіваюць фашысцкіх захопнікаў. Мы падпісваемся на Чацвёртую Дзяржаўную Ваенную Пазыку на 150 рублёў кожны і бяром абавязацельства выконваць норму на 130 — 150 процэнтаў».

Такім чынам, калектыў арцелі падпісаўся на пазыку на суму 30 350 рублёў пры фондзе заработнай платы 28 800 рублёў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю