«Звязда». № 85 — 9 мая 1945 года

09.05.2025 | 23:51

Ад рэдакцыі

Праект «Хроніка Вялікай Перамогі» завяршаецца. Разам з вамі, шаноўныя чытачы, мы крок за крокам ішлі да Берліна — разам з Чырвонай Арміяй, разам са «Звяздой» 1945 года. Гэтыя пажаўцелыя старонкі, якія мы гарталі штодня, неверагодным чынам з’ядналі нас, сённяшніх «звяздоўцаў», з нашымі папярэднікамі, якія ў разбураным Мінску 80 гадоў назад выпускалі газету, штодня расказваючы чытачам аб тым, што адбываецца на фронце, аб тым, як адраджаецца выпаленая фашыстамі родная зямля. Мы нібыта разам з імі пісалі рэпартажы з калгасаў, дзе аралі поле, запрогшы ў плуг кароў, з гарадоў, дзе рабочыя заводаў, адпрацаваўшы цяжкую змену, ішлі разбіраць па цаглінах руіны дамоў... Мы чыталі зводкі з фронту і настройваліся на хвалю веры і надзеі, з якой тагачасныя «звяздоўцы» іх перакладалі на беларускую мову і публікавалі: яны ж не ведалі, што будзе ў нашым жыцці гэта свяшчэнная дата — 9 Мая, але яны былі ўпэўненыя, што яна абавязкова будзе... Мы стараліся ў рэтраспектыве публікацый часцей згадваць імёны людзей — а раптам хто з сённяшніх чытачоў пазнае ў героі матэрыялу «Звязды» 1945-га свайго родзіча? Мы дайшлі са сваёй газетай да Берліна — карэспандэнтаў «Звязды» там не было, але тыя, хто выдаваў яе ў фашысцкай акупацыі ў падполлі і партызанскім атрадзе, зрабілі ўсё, каб Берлін і Перамога ў нашым лёсе здарыліся... Нам застаецца толькі памятаць аб гэтым, захоўваць пажаўцелыя старонкі і старацца быць іхнімі годнымі пераемнікамі.

А нумар «Звязды» за 9 мая 1945 года быў, канешне ж, цалкам прысвечаны Перамозе. Акт аб капітуляцыі быў падпісаны ўначы з 8 на 9 мая, а ранкам 9-га людзі ўжо атрымалі газету з ужо апублікаваным дакументам у перакладзе на беларускую: «Мы, ніжэйпадпісаўшыяся, дзейнічаючы ад імені Германскага Вярхоўнага Камандавання, згаджаемся на безагаворачную капітуляцыю ўсіх нашых узброеных сіл на сушы, на моры і ў паветры, а таксама ўсіх сіл, якія знаходзяцца ў сучасны момант пад нямецкім камандаваннем, — Вярхоўнаму Галоўнакамандаванню Чырвонай Арміі, і адначасова Вярхоўнаму Камандаванню Саюзных экспедыцыйных сіл...»

«Вялікі ўклад у справу перамогі над ворагам унёс беларускі народ. З усведамленнем выкананага абавязку ў Айчыннай вайне прыйшоў ён на свята перамогі разам з рускім народам, разам з многанацыянальным народам Савецкага Саюза, — пісала „Звязда“ ў перадавым артыкуле. — Тры з лішнім гады бушавала на беларускай зямлі полымя партызанскай барацьбы. Ні мінуты спакою не мелі акупанты на беларускай зямлі, якая стала магілай для соцень тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, для безлічы нямецкай ваеннай тэхнікі. Беларускі народ, адзінадушны ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў, паказаў за гады вайны сваю багатырскую сілу і непахіснасць, сваю нязгасную любоў да Радзімы...

У нумары за 9 мая быў апублікаваны артыкул Кандрата Крапівы «Вялікі дзень». У ім словы, вельмі актуальныя сёння, праз 80 гадоў: «Фашызм разгромлен, але, як напамінак аб ім, асталіся сляды яго крывавых злачынстваў і варварскіх разбурэнняў. Гледзячы на іх, народы свету павінны падумаць аб сваім далейшым лёсе, аб лёсе наступных пакаленняў. Яны павінны паклапаціцца аб тым, каб не даць магчымасці сілам зла і разбурэнняў ачуцца ад разгрому і падняцца зноў...»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю