Top.Mail.Ru
329

Звычайная незвычайная школа

«Сюды хочацца вяртацца»


Вуцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна Гомельскай вобласці даўно вядомая далёка не толькі за межамі раёна, вобласці, але і ў рэспубліканскім педагагічна-вучнёўскім асяроддзі.

Сюды прыходзяць не толькі па веды, але і па ўменне думаць, аналізаваць і ствараць. Вуцеўская сярэдняя школа — узорная навучальная ўстанова вобласці і апорны цэнтр экалагічнага выхавання. Яе вучні штогод перамагаюць на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. На базе ўстановы адукацыі створаны ўнікальны вучэбна-даследчы ўчастак, кіпіць работа педагогаў і вучняў у школьных лабараторыях.

Фота 1 - Вольга Савянок і Ірына Ярцава – настаўніцы хімііі і біялогіі і геграфіі Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна.JPG

Вольга Савянок і Ірына Ярцава — настаўніцы хімііі і біялогіі і геграфіі Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна

Адзін з актыўных папулярызатараў навукова-даследчага руху сельскай школы — настаўніца біялогіі і геаграфіі Вуцеўскай сярэдняй школы Ірына Ярцава. Яе ўласная гісторыя ў прафесіі пачалася амаль дваццаць гадоў таму. У Вуці пачала выкладаць яшчэ маладым спецыялістам. Тады Ірына Міхайлаўна і ўявіць не магла, што спачатку такія сціплыя навукова-даследчыя пачынанні яе, яе калег і вучняў вырастуць у цэлую экалагічную праграму, вядомую на ўсю вобласць. Ірына Міхайлаўна ўспамінае, як усё пачыналася з маленькага прышкольнага ўчастка і некалькіх простых доследаў на ўроках біялогіі. Паступова яе захапленне навукай і прыродай перадалося вучням, і вось ужо былыя школьнікі прыводзяць да яе сваіх дзяцей.

Адным з цікавых навукова-даследчых праектаў педагога Ірыны Ярцавай і яе вучняў, напрыклад, стаў пошук адказу на глабальнае пытанне: куды дзяваць пластыкавыя адходы? У лабараторыі школы неўтаймаваныя вуцеўскія даследчыкі атрымалі ўзоры палімерасфальтабетоннага пакрыцця, а пасля выпрабавалі іх і нават уклалі частку школьнага двара. Ірына Ярцава заахвочвае сваіх вучняў спалучаць даследчую дзейнасць з працай на прышкольным участку. Дзеці пад кіраўніцтвам педагога эксперыментуюць на зямлі і фіксуюць свае назіранні на паперы. З дапамогай настаўніцы, напрыклад, упершыню вырасцілі бамію, артышок, стэвію — знайшлі рэцэпт хрумсткіх чыпсаў з баміі, а стэвію прапаноўваюць выкарыстоўваць ў якасці замяняльніка цукру.

Ірына Ярац з вучнямі.jpg

Ірына Ярцава з вучнямі на ўроку біялогіі

Галоўнае — любоў да прадмета і да дзяцей, якая ператварае стандартныя ўрокі ў захапляльнае падарожжа... Такім сакрэт поспеху работы з вучнямі бачыць Ірына Міхайлаўна: «На сваім вопыце пераканалася, што вельмі натхняе дзяцей вучыцца, дакопвацца да нечага цікавага, тварыць, калі яны бачаць вынік сваёй справы. Тады яны працуюць старанна і пачынаюць шанаваць працу іншых. Ад гэтага непасрэднага творчага зараду дзяцей зараджаецца і педагог».

Былая вучаніца Ірыны Ярцавай, а цяпер яе маладая калега — настаўніца хіміі Вуцеўскай сярэдняй школы Вольга Савянок — найлепшы доказ таго, як педагог можа пасадзіць, дагледзець «маленькае зярнятка», якое вырасце ў прафесіі і знойдзе сваё прызначэнне. «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта пра мяне», — з цёплай усмешкай прадстаўляецца Вольга Савянок. Пяты год як Дзень настаўніка — гэта і яе прафесійнае свята.

Яшчэ школьніцай пад кіраўніцтвам Ірыны Ярцавай Вольга захапілася даследчымі праектамі. Займаліся стварэннем магнітнай вадкасці для ачысткі вады ў мясцовай рэчцы Вуць, вынаходзілі супрацьгалалёдны рэагент, які рабілі на аснове бурачнага соку. Таленавітую вучаніцу тройчы адзначалі Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля вучобы ў ГДУ імя Францыска Скарыны дыпламаваным спецыялістам дзяўчына вярнулася ў родныя сцены ўжо настаўніцай і... адразу пачала заахвочваць ужо сваіх вучняў на навуковую дзейнасць!

Вольга ўспамінае: «Менавіта Ірына Міхайлаўна яшчэ з восьмага класа захапіла даследчай работай. Для мяне асабіста школьны вопыт увогуле быў вельмі каштоўны. Я ганаруся тым, што нарадзілася ў вёсцы. Шчаслівая, што вярнулася працаваць у родную школу. Мая гісторыя — прыклад таго, як можна вучыцца, развівацца і знайсці сваё месца ў сельскай мясцовасці».

Фота 3 - Вольга Савянок імкнецца выкладаць хімію творча.jpg

Вольга Савянок імкнецца выкладаць хімію творча

Напярэдадні Дня настаўніка педагогі з Добрушскага краю з такой звычайнай незвычайнай Вуцеўскай сярэдняй школы хацелі б звярнуцца да ўсіх калег Беларусі. «Жадаем кожнаму настаўніку невычэрпнага цярпення і творчых сіл, — кажа Ірына Ярцава. — Хай ваша мудрасць і дабрата дапамагаюць дзецям станавіцца сапраўднымі людзьмі — дапытлівымі, адказнымі, неабыякавымі».

Вольга Савянок дадае: «Маладым педагогам хачу пажадаць смеласці і веры ў сябе. Не бойцеся спрабаваць новае, шукайце свой падыход да дзяцей. Памятайце, што нават маленькія поспехі вучняў — гэта вялікая перамога».

Далучаецца да віншаванняў і дырэктар школы Ганна Станкевіч: «Хай у кожным калектыве, у кожным класе пануе атмасфера ўзаемаразумення, а праца настаўніка заўжды шануецца. Здароўя, дабрабыту і радасці ад важнай працы, якую мы робім разам».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераінь публікацыі



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю