У горадзе Шэньчжэнь (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай) 151 робат устанавіў сусветны рэкорд Гінеса па найбольшай колькасці гуманоідных робатаў, што «танцуюць» на працягу адной гадзіны.
У Шэньчжэні 18-19 лістапада праходзіць саміт Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС).
Выданне The Wall Street Journal пісала, што выбар Шэньчжэня ў якасці пляцоўкі для правядзення саміту АЦЭС быў невыпадковым — такім чынам Кітай імкнецца паказаць моц кітайскай прамысловасці і ўзровень развіцця тэхналогій, Шэньчжэнь часта параўноўваюць з Сіліконавай далінай у ЗША.
Правядзенне саміту АЦЭС — гэта свайго роду «дэбют для горада Шэньчжэнь», які Кітай выкарыстаў «у якасці ранняй выпрабавальнай пляцоўкі для бізнкесу і рыначнай эканомікі». 40 гадоў таму Шэньчжэнь быў напаўсельскай глыбінкай, калі кітайскія ўлады абвясцілі яго адной з першых спецыяльных эканамічных зон КНР. Зараз горад запоўнены зіготкімі хмарачосамі, ён ператварыўся ў адзін з галоўных сусветных цэнтраў высокіх тэхналогій, інавацый і вытворчасці электронікі. У горадзе размешчаны штаб-кватэры некалькіх вядучых кітайскіх аўтамабільных і тэхналагічных гігантаў, такіх як BYD, Huawei і Tencent. На гарадскіх магістралях развешаны рэкламныя шчыты з надпісам: «Збярыцеся ў Шэньчжэні, станьце сведкамі цудаў». Беспілотныя таксі лавіруюць у патоку машын, а дроны дастаўляюць каву кліентам у парку.