Зялёныя зоны становяцца турыстычнымі сімваламі і новымі візітнымі карткамі кітайскіх гарадоў. Гэтай вясной пекінскія ружы літаральна апанавалі інтэрнэт. На кальцавых дарогах сталіцы, уздоўж эстакад і раздзяляльных палос бурна квітнеюць ружовыя і пунсовыя ружы, ствараючы рамантычную атмасферу. Пекін — не адзіны. Гэтай вясной гарадское азеляненне па ўсім Кітаі нечакана ператварылася з сумнага «зялёнага фону» ў сапраўдныя кветкавыя сады, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
У Ханчжоу (правінцыя Чжэцзян, Паўднёва-Усходні Кітай) цюльпаны, фіялкі і анюціны вочкі ўтвараюць шмат’ярусныя кветкавыя дываны — інтэрнэт-карыстальнікі параўноўваюць іх з упрыгожаннем вясельнай залы. У Чэнду (правінцыя Сычуань, Паўднёва-Заходні Кітай) ружы і бугенвіліі квітнеюць прама на эстакадах, а бетонныя апоры ўпрыгожаны плюшчом. У Гуанчжоу (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай) надземныя пераходы патанаюць у бугенвіліях, нагадваючы «паветраныя кветкавыя галерэі».
За такой прыгажосцю стаіць дбайны выбар раслін. Для паўночных гарадоў падбіраюць засуха- і марозаўстойлівыя віды, для вільготнага поўдня — ценевынослівыя і вільгацетрывалыя. Пекінская ружа «юэдзін», выведзеная кітайскімі селекцыянерамі, устойлівая да выхлапных газаў і спякоты, цвіце каля 200 дзён і дае да 15-20 кветак на галінцы. Разумныя сістэмы кропельнага арашэння аўтаматычна падаюць ваду ўначы, зніжаючы працавыдаткі.
Многія гарады робяць стаўку на непатрабавальныя мясцовыя шматлетнікі замест дарагой сезоннай змены раслін. Так, у Цындаа (правінцыя Шаньдун, Усходні Кітай) выкарыстоўваюць больш за 70 відаў мясцовых травяністых мнагалетнікаў. Чэнду эксперыментуе са спалучэннем дзікарослых і дэкаратыўных раслін.
Гарадская прыгажосць усё больш актыўна стымулюе спажыванне. На Шанхайскім міжнародным фестывалі кветак восем гандлёвых цэнтраў аб’яднаў адзіны кветкавы маршрут. У Куньміне (правінцыя Юньнань, Паўднёва-Заходні Кітай) турысты катаюцца на двухпавярховых экскурсійных аўтобусах уздоўж 1,4-кіламетровай алеі жакаранды, каштуюць каву ў цені яе цвіцення і купляюць тэматычныя сувеніры.
Гарадскія зялёныя насаджэнні — гэта агульнадаступная прыгажосць, якая цешыць кожнага па дарозе на працу або ў краму. Азеляненне не толькі робіць жыццё гараджан больш камфортным, але і фарміруе новы, больш яркі імідж кітайскіх гарадоў, павышаючы іх прывабнасць для турыстаў.