«Сістэма становіцца максімальна зручнай і сучаснай»
Аб асаблівасцях новых правіл рэгістрацыі зямлі мы папрасілі расказаць намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Андрэя БАЛЫША, які засяродзіў увагу на наступным:
— Падпісанне Прэзідэнтам новага ўказа аб парадку рэгістрацыі зямельных участкаў — гэта чарговы сістэмны крок па ўдасканаленні зямельных адносін. Для нашага аграрнага сектара і для ўсіх, хто жыве і працуе на зямлі, гэта не проста змяненні, а рэальныя, адчувальныя падтрымка і
спрашчэнне. Сёння скараціліся тэрміны і механізм рэгістрацыі зямлі. Так, аднолькавымі правамі надзелены і натарыяльныя канторы, і рэгістратары. Гэта значна скарачае тэрміны афармлення дакументаў. Спрошчаны парадак рэгістрацыі зямельных участкаў дае магчымасць грамадзянам, якія не паспелі аформіць на іх паперы, без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці правесці ўсе працэдуры ў рамках дзеючага заканадаўства, каб у гэтым працэсе не ўзнікала ніякіх цяжкасцяў. Лічу, што для кожнага грамадзяніна, які мае патрэбу ў афармленні зямельнага ўчастка, вельмі важна скарыстацца такой магчымасцю.
Галоўнае тое, што новыя правілы рэгістрацыі зямлі пацвярджаюць права на зямельны ўчастак без распрацоўкі складаных праектаў адводу гэтага права да 1 студзеня 2028 года, падкрэслівае дэпутат
Што гэта значыць на практыцы, асабліва для нашых аграрыяў?
— Адбылося значнае спрашчэнне правіл рэгістрацыі зямлі для сялянска-фермерскіх гаспадарак, — тлумачыць Андрэй Балыш. — Яны змогуць аформіць яе па спрошчанай схеме, што значна знізіць адміністрацыйную нагрузку і дазволіць фермерам засяродзіць увагу на вытворчасці. Вялікае значэнне новаўвядзенне мае і для жыхароў вёскі. Палегчаны парадак распаўсюджваецца на землі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва.
Парламентарый таксама звяртае ўвагу, што працягнута «зямельная амністыя». Вельмі важным момантам з'яўляецца тое, што указ датычыць і самавольна занятых зямель, а тэрмін «зямельнай амністыі» падоўжаны да 1 студзеня 2028 года. Гэта дае шанц мноству людзей узаконіць свае правы на зямлю, навесці парадак у дакументах, не сутыкаючыся з залішнімі цяжкасцямі. Змяненні датычаць таксама арганізацый, якім дадзена зямля для будаўніцтва і абслугоўвання шматкватэрных жылых дамоў і аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія эксплуатуюцца.
На заканчэнне Андрэй Балыш дадаў: «Усе гэтыя змяненні, а таксама раней прынятыя меры па аўтаматызацыі працэсаў, магчымасці атрымліваць дакументы ў натарыуса і экстэрытарыяльны прынцып, робяць сістэму рэгістрацыі нерухомасці максімальна зручнай і сучаснай».
З улікам пажаданняў землекарыстальнікаў
Дарэчы, хутка ў Палату прадстаўнікоў паступіць праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін». Але дэпутаты ўжо сёння фактычна пачалі работу над ім. Карэкціроўка зямельнага заканадаўства была нядаўна абмеркавана на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы. У пасяджэнні ўдзельнічала трэць усяго дэпутацкага корпуса, народныя выбраннікі агучылі актуальныя пытанні сваіх выбаршчыкаў і канкрэтныя прапановы ад іх, сабраныя ў час работы ў акругах. Дыскусія дэпутатаў праходзіла актыўна і змястоўна. Падрабязна абмяркоўваліся прапановы выбраннікаў пра неабходнасць выключэння патрабавання аб заключэнні дагавораў арэнды зямельных участкаў, змяненняў (дапаўненняў) да іх у пісьмовай форме і іх дзяржаўнай рэгістрацыі. Былі таксама падрабязна разгледжаны пытанні ўстанаўлення магчымасці зліцця зямельных участкаў, якія маюць рознае мэтавае прызначэнне, пашырэння відаў правоў на зямельныя ўчасткі, што выдзяляюцца прыватным партнёрам у рамках пагадненняў аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, і іншыя.
Як заўважыў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай БОБЕР, які прысутнічаў на абмеркаванні, работа над законапраектам па ўдасканаленні зямельнага заканадаўства і Зямельнага кодэкса ў цяперашні час з'яўляецца актуальнай. «Ініцыятывы, якія паступаюць ад людзей праз іх дэпутатаў, маюць вялікае значэнне, — заўважыў ён. — Грамадзяне хочуць, каб удасканаленне заканадаўства было накіравана на паляпшэнне ўмоў выкарыстання зямельных участкаў. Мы змаглі канструктыўна абмеркаваць даволі шырокі пералік пытанняў, якія датычаць розных накірункаў удасканалення зямельнага заканадаўства, і прыняць адпаведныя рашэнні, што будуць пакладзены ў аснову карэкціроўкі Зямельнага кодэкса».
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ