Top.Mail.Ru

Зямныя мары беларусаў

Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на выставачны праект «Зямныя мары», дзе прадстаўлены работы беларускіх майстроў саломапляцення і выцінанкі. Творцы паспрабавалі адлюстраваць унутраную глыбіню і жыццёвыя інтарэсы простых людзей праз таямнічы і прывабны свет мар.


Беларускае саломапляценне і выцінанка ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляюцца гонарам і адметнай асаблівасцю нашай нацыянальнай культуры. Беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце і з’яўляюцца адной з адметных форм выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў. Многія людзі, асабліва моладзь, лічаць гэтае мастацтва састарэлым і неактуальным. Аднак мастакі народных рамёстваў Мінска сваім прыкладам паказваюць, як можна інтэграваць нацыянальную спадчыну ў сучаснае жыццё.

Праз перапляценне тонкіх саломінак, праз ажурныя вобразы выцінанак творцы расказваюць пра мінулае і будучыню, пра абрады і вераванні нашых продкаў, прыродныя і жыццёвыя цыклы, пра любоў да бліжніх і шанаванне продкаў. Пачынаецца экспазіцыя з мастацтва выцінанкі, асноўнай тэмай якога стала цесная сувязь чалавека і прыроды, што ўзнікла вельмі даўно і цяпер працягвае ўплываць на нашу рэальнасць. Работы Вольгі Налівайка, Вікторыі Бародзіч і Валянціны Пазняковай адсылаюць да традыцыйнага мастацтва нашых продкаў. Тут можна ўбачыць дыяменты беларускай народнай творчасці — слуцкія паясы, ручнікі, дрэва продкаў, а таксама старажытныя таямнічыя рытуалы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Сучасная выцінанка адлюстроўвае падзеі і модныя тэндэнцыі апошніх дзён. Майстры Ніна Сакалова-Кубай, Вікторыя Бародзіч і іншыя прадставілі работы, якія добра падыходзяць пад любы інтэр’ер гарадской кватэры. Сюжэты самыя розныя: ад нацюрмортаў, анімалістыкі і міфалогіі да славутых мясцін Беларусі, абстрактных форм і сцэн паўсядзённага жыцця.

Мастацтва саломапляцення таксама займае не апошняе месца на выстаўцы. Марыя Бялова прадстаўляе творы, выкананыя ў традыцыйнай тэхніцы. Перад гледачамі паўстаюць беларуская батлейка з класічным сюжэтам Нараджэння Хрыстова, героі народных казак — конік залатагрывы, мядзведзь касалапы, козлік і інш. Валянціна Пазнякова, Галіна Удодава, Валянціна Курылёнак, Алена Таляронак, Аляксандра Кухціна і Жанэта Розум працуюць над інтэр’ернымі кампазіцыямі і элементамі гардэробу. Разнастайныя кветкі, вазы, шкатулкі для ўпрыгажэнняў, посуд, дэкаратыўныя падвескі, статуэткі, сумкі, капелюшы і вясельныя галаўныя ўборы — спроба майстроў інтэграваць спадчыну продкаў у сучасны інфармацыйны свет. 

Асноўная задача выстаўкі — паказаць наведвальнікам, што традыцыі мінулага сёння могуць набыць новае прачытанне, захоўваючы аўтэнтычнасць і гарманічна ўплятаючыся ў сучасную культуру, робячыся крыніцай натхнення для творчасці і іншых форм самавыяўлення.

Праект арганізаваны Упраўленнем культуры Мінгарвыканкама, ДУ «Мінскканцэрт» у супрацоўніцтве з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці, пры падтрымцы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Выстаўка працуе да 5 красавіка.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю