Гісторыя

«Звязда» — беларуская дзяржаўная грамадска-палітычная рэспубліканская газета на беларускай мове.

Першы нумар газеты (на рускай мове) выйшаў 9 жніўня 1917 года ў Мінску. У 1917 годзе частка нумароў выйшла пад загалоўкамі «Молот» і «Буревестник». Была друкаваным органам Мінскага камітэта РСДРП(б). У 1920 годзе стала друкаваным органам ЦК КП(б) Беларусі. У 1925 годзе частка матэрыялаў стала публікавацца на беларускай мове, а ў 1927 годзе газета стала цалкам беларускамоўнай.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выдавалася ў Мінску, потым у гарадах Магілёў і Гомель. А ў маі—верасні 1942 г. пачала выходзіць нелегальна ў акупаваным Мінску як орган Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. За гэты перыяд выйшлі прынамсі 4 нумары. Першы нумар газеты за 18 мая 1942 года (перавыдадзены ў чэрвені 1942) быў набраны ў нямецкай друкарні Дома друку і надрукаваны на канспіратыўнай кватэры тыражом 2,5 тыс. экзэмпляраў. Рэдагаваў першага нумара газеты — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў мінскага падполля У. С. Амельянюк, якому пасля вайны было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Напрыканцы 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне аднавіць рэгулярны выпуск газеты на акупаванай тэрыторыі: з 27 студзеня 1943 года ў якасці органа ЦК КП(б)Б і Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б газета выдавалася у Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне. 10 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення Мінска ад акупантаў, выданне газеты было афіцыйна адноўлена ў сталіцы.

Газета ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені (1965) і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967). Таксама выданне ўдастоена Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2002). У 2005 годзе па ініцытыве грамадскасці сталіцы, ветэранаў аднаму з праспектаў у мікрараёне Паўднёвы Захад г. Мінска прысвоена імя «Газеты «Звязда».

Сёння газета «Звязда» знаёміць чытача з усімі важнейшымі аспектамі жыцця Беларусі і свету.

Заснавальнікамі газеты, якая сёння ўваходзіць у склад Рэдакцыйна выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», з’яўляюцца Савет Міністраў, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю