Вы тут

Ты куды пабег?


Курс любой валюты не стаіць на месцы з-за многіх фактараў

Калі мы, напрыклад, хочам паехаць за мяжу, то ідзем купляць у абменніках адпаведную валюту. Так даводзіцца рабіць нават пры паездках у самыя блізкія краіны (скажам, Расію, Украіну). Нягледзячы на тое, што мы добра разумеем мовы адно аднаго і едзем амаль дадому, а не ў госці, грошы ў кожнай краіне ходзяць зусім розныя. Чаму ж нельга паўсюль разлічвацца любой валютай? І хто вырашае, колькі каштуюць чужыя грошы?

Барацьба экспарту з імпартам

Грошы — таксама тавар. Іх можна купляць, прадаваць, інвеставаць у іх. Таму валютны курс (яго яшчэ называюць абменным) — гэта кошт адной нацыянальнай грашовай адзінкі, які выражаны ў грашовых адзінках іншых краін. Але чаму, напрыклад, сёння курс долара да беларускага рубля 9050?

1378935537406_12-42

Калі разважаць найбольш абагульнена, то гэтая лічба склалася з балансу попыту на долар і прапановы яго на Беларускай валютна-фондавай біржы. Аднак не ўсё так проста. Сапраўды — фізічна курс вызначаецца падчас таргоў на біржы. Гэта робіцца штодзённа. Курс, які вызначаецца на таргах сёння, будзе курсам Нацыянальнага банка заўтра. Але гэта ідэалізаваная схема, прыдатная адно толькі для падручнікаў па эканамічнай тэорыі. Насамрэч на значэнне курса нацыянальнай ці замежнай валюты ўплывае шмат фактараў, якія потым адбіваюцца на выніках таргоў.
Адным з такіх фактараў можа быць эмісія нацыянальных грошай. Калі дзяржава пачынае друкаваць вялікую колькасць грошай, павышаючы прапанову нацыянальнай валюты, курс апошняй пачынае падаць (гэты закон датычыцца любога тавару — чым яго больш, тым ніжэй яго цана). Другім вельмі ўплывовым фактарам з'яўляецца плацежны баланс знешняга гандлю краіны. Любая дзяржава вырабляе нейкія тавары і, зразумела, прадае іх на ўнутраным і знешнім рынках. У той жа час краіны абавязкова і штосьці закупляюць у замежнікаў. То бок эканоміка трымаецца на балансе экспарту і імпарту. Чым больш у краіне экспарту (які павышае попыт на нацыянальную валюту, бо замежных пакупнікоў экспартных тавараў прымушаюць разлічвацца мясцовымі грашыма), тым вышэйшы курс нацвалюты. І наадварот — чым больш імпарту (значыць, попыту на замежную валюту), тым ніжэйшы курс айчынных грошай. Трэці значны фактар — давер да нацыянальнай валюты з боку насельніцтва, бізнесу і гэтак далей. Калі людзі пачынаюць захоўваць свае зберажэнні ў замежнай валюце (павышаючы на яе попыт), курс яе расце, а мясцовыя грошы, адпаведна, таннеюць. Таксама на ваганні курса могуць уплываць заявы палітыкаў ці галіновых чыноўнікаў і шмат іншых прадказальных і не вельмі фактараў (напрыклад, прыродная катастрофа, якая значна падкошвае эканоміку краіны).

Віды валютных курсаў

Фіксаваны — афіцыйна ўсталяваныя суадносіны паміж нацыянальнымі валютамі. Курс вызначае рэгулятар валютнага рынку (Цэнтральны банк, Нацыянальны банк і гэтак далей).
Курс, які вагаецца, — свабодна змяняецца пад уплывам попыту і прапановы. Заснаваны на рыначным механізме.
Курс, які плавае, — таксама вагаецца, але тут ужо выкарыстоўваецца механізм валютнага рэгулявання, каб абмежаваць рэзкія ваганні курса нацыянальнай валюты.

У нашай краіне выкарыстоўваецца апошняя форма курса нацыянальнай валюты.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты:
іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне
8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.