Вы тут

Тут не толькi «кнiжкi выдаюць»


85 годдзе сёлета адзначае Гомельская абласная бiблiятэка. Ад імя выдавецкага дома «Звязда» нашых добрых сяброў і даўніх партнёраў павіншавала з юбілеем намеснік дырэктара Ала КОРБУТ.

Пачатак iснавання скарбнiцы мудрасцi паклалi 20 тысяч кнiг з калекцыi князёў Паскевiчаў — вельмi рэдкiя выданнi XVI–XIХ стагоддзяў. Найбольш каштоўная частка фонду ў гады Вялiкай Айчыннай была вывезена ў далёкую расiйскую Пензу i вярнулася ў Гомель пасля заканчэння вайны, у лiпенi 1945 года. Цяпер фонд бiблiятэкi налiчвае звыш мiльёна крынiц iнфармацыi на розных носьбiтах.

1386135645302_4-10

Навуковы сакратар Гомельскай абласной унiверсальнай бiблiятэкi Юрый Максiменка расказвае, што з 1993 года ўстанова ўступiла разам з чытачамi ў эру iнфармацыйных тэхналогiй. Менавiта таму яна не толькi фармiруе свой фонд з дапамогай электронных рэсурсаў, але i сама iх стварае. У iх лiку праект «Жывая памяць Гомельшчыны», вiртуальныя музеi пiсьменнiкаў-землякоў: Iвана Шамякiна, Андрэя Макаёнка, Iвана Мележа, Iвана Навуменкi i Барыса Сачанкi.

Славутым выхадцам з Гомельшчыны будзе прысвечаны i музей, якi ствараецца цяпер аддзелам краязнаўства ўстановы. Ужо iснуе некалькi экспазiцый, у тым лiку прысвечаныя драматургу Васiлю Ткачову, паэтам Мiхасю Башлакову i Мiколу Мятлiцкаму, пiсьменнiкам Iвану Навуменку i Барысу Сачанку. Сем'i пiсьменнiкаў перадалi ў абласную бiблiятэку кнiжныя калекцыi, рукапiсы i асабiстыя рэчы, якiя належалi людзям, чые iмёны вядомыя далёка за межамi нашай краiны. У далейшым плануецца стварэнне экспазiцый, прысвечаных жыццю i творчасцi Iвана Шамякiна, Анатоля Грачанiкава i iншых вядомых выхадцаў з Гомельшчыны.

З 2008 года пры бiблiятэцы — адзiнай з абласных — iснуе Музей рэдкай кнiгi. Яго аснову склалi рэдкiя i каштоўныя выданнi з фондаў: кнiжная калекцыя князёў Паскевiчаў, збор мiнiяцюрных выданняў, кнiжныя закладкi, фотаздымкi, календары…

«Бiблiяпанарама» — унiкальны праект, партнёрамi якога на працягу дзесяцi гадоў з'яўляюцца абласная бiблiятэка i тэлерадыёкампанiя «Гомель». Аўтары штотыднёвага 20 хвiлiннага радыёчасопiса — супрацоўнiкi аддзела бiблiятэказнаўства — знаёмяць слухачоў з прафесiяй, з гарачымi бiблiятэчнымi навiнамi, iмкнуцца разбурыць стэрэатыпы пра тое, што бiблiятэка — толькi месца, «дзе выдаюць кнiжкi».

Амаль пятнаццаць гадоў iснуе лiтаратурны тэатр «Гракi» — таксама адзiны ў рэспублiцы тэатр пры бiблiятэцы. Ён служыць папулярызацыi лепшых узораў сусветнай лiтаратуры i аб'ядноўвае супрацоўнiкаў бiблiятэкi — акцёраў-аматараў па сумяшчальнiцтве. Пяць гадоў, як рашэннем калегii Мiнiстэрства культуры Беларусi тэатру «Гракi» прысвоена званне «народны аматарскi».

А два гады таму пры абласной бiблiятэцы пад эгiдай Мiжнароднага саюза лiтаратараў i дзеячаў мастацтваў быў створаны арт-клуб «Прызнанне» для творчых людзей Гомельшчыны. У яго рамках праходзяць мастацкiя выставы, прэзентацыi, канцэрты, акцыi, рэалiзуюцца значныя сацыяльна-культурныя праекты. Дарэчы, Гомельская абласная бiблiятэка нароўнi з Нацыянальнай бiблiятэкай Беларусi прадастаўляе свае памяшканнi прафесiйным мастакам.

У падарунак бiблiятэцы ўдзячныя чытачы, сярод якiх шмат вядомых на Гомельшчыне людзей, прынеслi кнiгi. Сярод iх — рэпрынтнае выданне «Генерал-фельдмаршал князь Паскевiч. Яго жыццё i дзейнасць» А. П. Шчарбатава (у 9 тамах), выпушчанае Санкт-Пецярбургскiм выдавецтвам «Альфарэт» — ад iмя старшынi Гомельскага аблвыканкама Уладзiмiра Дворнiка.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.