Вы тут

У Залессі — назаўсёды


Сядзіба Агінскіх аднаўляецца дзякуючы намаганням дзяржавы і праекту трансгранічнага супрацоўніцтва

Радавы маёнтак Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне, як і многія іншыя гістарычныя аб'екты, час не пашкадаваў, не пашчасціла яму пазбегнуць разбурэння і заняпаду. Але цяпер ансамбль былога палаца пачатку ХІХ стагоддзя ў чаканні знакавай падзеі: у сярэдзіне наступнага года павінны завяршыцца работы па аднаўленні сядзібнага дома, дзе, як лічыцца, Міхал Клеафас Агінскі напісаў свой славуты паланэз «Развітанне з Радзімай».

1

Важнасць гэтай справы разумеюць і наша дзяржава (на сёння з рэспубліканскага і абласнога бюджэту на аднаўленне выдзелена каля 14,5 мільярда рублёў), і міжнародная супольнасць. У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія—Літва—Беларусь» Смаргонскі райвыканкам сумесна з дырэкцыяй Тракайскага нацыянальнага парку ажыццяўляюць праект «Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў» з агульным бюджэтам 575268 еўра. Беларуская частка праекта — 212 тысяч еўра са сродкаў Еўрапейскай камісіі і 25 тысяч еўра — з бюджэту Смаргонскага раёна.

Ад Марцыяна да Ірэніуша

Залессе стала ўладаннем роду князёў Агінскіх у першай палове XVІІІ стагоддзя, калі яго набыў прадзед Міхала Клеафаса — Марцыян Міхал Агінскі. Тады яно называлася Дзербы. Пазней маёнтак перайшоў да яго сына Тадэвуша Францішка, потым — да Францішка Ксаверыя Агінскага. Яго пляменнік, дыпламат, гісторык, пісьменнік і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі прыехаў у Залессе з жонкай Марыяй Неры-Нагурскай. «28 красавіка 1802 года я пакінуў Пецярбург з намерам назаўжды пасяліцца ў вёсцы недалёка ад Вільні», — так будзе ён узгадваць пра шчаслівыя дні прыезду на радзіму продкаў. Новыя гаспадары засяліліся ў вялікі драўляны атынкаваны палац, пабудаваны яшчэ ў першай палове XVІІІ стагоддзя (да нашага часу ён не захаваўся), побач пачалі ўзводзіць новы, мураваны, а таксама двухпавярховы млын, аранжарэі і цяпліцы, капліцу. Праекціроўшчыкам быў прафесар архітэктуры Віленскага ўніверсітэта Міхал Шульц. Дапамагаў яму (а пасля смерці Шульца кіраваў усімі работамі) віленскі губернскі архітэктар Юзаф Пусэ.

Аднак у канцы 1822 года Міхал Клеафас па стане здароўя пакідае сваё любімае Залессе і пераязджае ў Фларэнцыю, якая і стала для яго апошнім прытулкам. У 1833 годзе маёнтак Залессе перайшоў у спадчыну яго сыну Ірэніушу, які жыў тут са сваёй маці, а пасля яе смерці перанёс радавую рэзідэнцыю Агінскіх у горад Рэтаў (тэрыторыя сучаснай Літвы). Ужо ў канцы ХІХ стагоддзя ў былых Паўночных Афінах (такую назву Залессе, дзе збіраліся выдатныя дзеячы той эпохі з Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Варшавы, Вільні і іншых гарадоў, атрымала ад сучаснікаў Міхала Клеафаса) панаваў дух запусцення...

Сёння гэта помнік гісторыка-культурнай спадчыны (тэрыторыя сядзібы складае 25 гектараў), які ў 2009 годзе перададзены ва ўласнасць Смаргонскага раёна з дакументацыяй на рэстаўрацыю.

2

Паркавыя рарытэты

...Шлях да сядзібнага дома, дзе цяпер праводзяцца будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы, пралягае праз старадаўнюю ліпавую алею, якая памятае конныя экіпажы гаспадароў маёнтка і іх гасцей. Побач засталіся рэшткі фундамента драўлянага палаца, а ў яго партэры быў французскі парк.

— Звярніце ўвагу на гэты насып і равок. Спачатку я не разумела, для чаго ён прызначаны. Аказваецца, для таго, каб на дарожках парку не стаяла вада, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна РАЖАВА.

Другая паркавая частка была створана па ініцыятыве Міхала Клеафаса Агінскага ў папулярным на пачатку ХІХ стагоддзя англійскім стылі і задумвалася як маляўнічы куток дзікай прыроды. Там захавалася да нашых дзён паўкруглая альтанка ў рамантычным стылі пачатку ХІХ стагоддзя. Яна патрабуе рэстаўрацыі на наступным этапе аднаўлення палацава-паркавага ансамбля, а побач мяркуецца зрабіць невялікую пляцоўку для канцэртаў камернай музыкі.

Да паркавых рарытэтаў, вядома ж, адносяцца і ўстаноўленыя пры жыцці Міхала Клеафаса камяні з памятнымі надпісамі: адным ён ушанаваў свайго настаўніка Жана Ралея, а другі — у гонар Тадэвуша Касцюшкі. Адноўлена і дзейнічае капліца. А вось так званая кітайская альтанка з драўлянай галерэяй на другім паверсе, адкуль можна было назіраць за дзікімі жывёламі ў звярынцы, да нашых дзён, на жаль, не захавалася. Праўда, на гэтым месцы можна спыніцца падчас экскурсіі, бо краязнаўцы абазначылі яго камянямі.

Спраў па розных кірунках на тэрыторыі сядзібы — непачаты край. Спецыялісты ў галіне паркавай культуры павінны зрабіць ацэнку сучасных, вельмі праблемных рэалій парку з планам дзеянняў па паляпшэнні яго стану. Неабходна рэстаўрацыя будынка млына. Трэба разбірацца, зноў жа на высокапрафесійным узроўні, з праблемамі водных аб'ектаў — рачулкі, што працякае праз парк, і возера-запруды з востравам, які здаўна называецца лебядзіным, і мастком, што злучае яго з сядзібай. І цяпер, як мы з Таццянай Ражавай пераканаліся, тут гняздуецца пара лебедзяў. У адзін год, дарэчы, мясцовыя жыхары заўважылі, што лебядзінае патомства складаецца з сямі птушанят. Быццам сем нот для музычных твораў кампазітара, які жыў непадалёк...

Верыцца, што на гэтыя і іншыя аб'екты ў перспектыве будуць скіраваны новыя праекты ў Залессі.

3

І паркет — як у Агінскіх

Разам з начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкама Івана ЛЫСКО цікавімся, што робіцца па аднаўленні палаца. Генпадрадчык — Смаргонскі будаўніча-мантажны трэст № 41. Землякі Міхала Клеафаса Агінскага выконваюць практычна ўвесь спектр работ — агульнабудаўнічых, аддзелачных, сантэхнічных, электрамантажных. А «Белрэстаўрацыі» давераны ўстаноўка аконных і дзвярных блокаў індывідуальнага вырабу, укладка паркету, стылізаванага пад старажытныя ўзоры.

На жаль, пры ўсім жаданні палацу нельга вярнуць першапачатковы выгляд: з часоў Міхала Клеафаса Агінскага захавалася толькі адна з дзвюх аранжарэй — часовая, дзе зімавалі расліны, якія ўвесну выносіліся ў парк. Цяпер гэтае памяшканне (у гатычным стылі, з калонамі) плануецца выкарыстоўваць як выставачную залу. А ў другой аранжарэі, як і пры Агінскім, расліны павінны быць круглы год. Ужо цяпер трэба думаць, чым яе напоўніць і хто будзе тут гаспадарыць, ды не горш, чым садоўнік Міхала Клеафаса.

У адноўленым палацы будзе стварацца музейная экспазіцыя, прысвечаная Агінскаму. Прычым дзверы будуць адчынены не толькі для культурных імпрэз і экскурсій, але і для пражывання гасцей — у пакоях, разлічаных на 20 чалавек.

Што паяднала Залессе і Ужутракіс?

Праектам трансгранічнага супрацоўніцтва «Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў» прадугледжана рэстаўрацыя канцэртнай залы ў Залессі і абсталяванне канферэнц-залы ва Ужутракісе. Чым жа паядналіся беларускае Залессе і літоўскі Ужутракіс, маёнткі Міхала Клеафаса Агінскага і графа Юзафа Тышкевіча?

— У свой час яны, прадстаўнікі вядомых магнацкіх родаў, былі суседзямі, сустракаліся, уплывалі на культурнае жыццё рэгіёна. А сёння дзякуючы сумеснаму праекту ўжо мы, іх нашчадкі, наладжваем сувязі ў галіне культуры, а далей, спадзяёмся, і ў турызме. А дзе турызм — там і эканоміка. Мяркую, што гэта «доўгайграючы» праект з добрымі наступствамі, — лічыць намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь БЫЧКО.

Нядаўна ў рамках праекта смаргонцы азнаёміліся з вопытам сваіх літоўскіх партнёраў па аднаўленні палаца графа Тышкевіча ва Ужутракісе. Дырэктар Тракайскага нацыянальнага парку Гінтарас АБАРАВІЧУС распавёў, што гэтая справа заняла амаль 20 гадоў, былі задзейнічаны сродкі шэрагу праектаў з розных фондаў. Цяпер сядзіба з'яўляецца ўпрыгажэннем нацыянальнага парку, месцам паломніцтва турыстаў, культурных імпрэз.

Менавіта на стварэнне турыстычнага, культурнага цэнтра (што не абмяжоўваецца рэстаўрацыяй канцэртнай залы ў Залессі і пакупкай для яе раяля) найперш і скіраваны гэты праект па гістарычных сядзібах. Такая мэта не выглядае на Смаргоншчыне нейкай навацыяй, а будзе лагічным працягам таго, што робіцца не першы год. Напрыклад, ужо традыцыйным стаў фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў», які прыцягвае многіх выхадцаў з гэтых мясцін і турыстаў. Акрамя таго, нядаўна ў Смаргоні адбыўся ўжо Х міжнародны фестываль камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага, у якім удзельнічалі 11 калектываў з Беларусі, Казахстана, Польшчы, Расіі і Украіны. А наступны конкурс — у 2015-м, у гонар 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса — верагодна, адбудзецца ўжо ў Залессі, у адноўленай канцэртнай зале. Ёсць і іншыя цікавыя задумы.

Дарэчы, зала, дзе цяпер працуюць рэстаўратары, будзе прыстасавана не толькі для музычных імпрэз, але і для тэатральных. Ужо ёсць зацікаўленасць з боку Мінскага абласнога драматычнага тэатра прыехаць са спектаклем «Паланэз на развітанне» — туды, дзе ў канцы 1822 года Міхал Агінскі ў апошні раз абышоў парк, пастаяў каля памятнага каменя ў гонар Касцюшкі і сеў у карэту, якая рушыла праз ліпавую алею... Каб больш ніколі не вярнуцца. Але назаўжды застацца ў Залессі!

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.