Вы тут

Нявеста для бактрыяна


У Магілёўскім заасадзе напярэдадні Новага года набылі вярблюдзіху.

1387401983869_19-47

Экзатычная жывёла родам з Астрахані, а прывезці яе дапамог маскоўскі прадпрымальнік. У заасадзе радуюцца: цяпер іх двухгорбаму пастаяльцу Джамалю (на фота), які з'явіўся тут у пачатку верасня, не будзе сумна. Планы аб набыцці парачкі двугорбых вярблюдаў (па-навуковаму — бактрыянаў) належаць кіраўніку Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа Георгію Маліноўскаму, які, дарэчы, і ініцыяваў у свой час стварэнне заасада.

Новая жыхарка, па словах намесніка дырэктара каледжа Пятра Скрылёва, адчувае сябе добра. Яна паспела пазнаёміцца з жаніхом. Яшчэ летам для цеплалюбівых жыхароў Магілёўскае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне пабудавала летні і зімовы дамы. Але, як кажуць спецыялісты, гэтыя жывёлы з лёгкасцю вытрымліваюць маразы да 30 градусаў. За паўднёвую прыгажуню разлічыліся з маскоўскім прадпрымальнікам трыма маленькімі высакароднымі аленямі, якія нарадзіліся менавіта ў заасадзе. Дарэчы, роўна столькі каштаваў і Джамаль.

Цяпер у каледжы аб'яўлены конкурс на лепшае імя для нявесты Джамаля. Імя для яго таксама прыдумалі навучэнцы гэтай установы. Пасля гэтага новая жыхарка атрымае пашпарт, дзе ў тым ліку будзе пазначаны і яе ўзрост — год і 7 месяцаў.

А ў заасадзе ўжо рыхтуюцца да сустрэчы яшчэ двух навасёлаў — маралаў-дзяўчынак. Для іх тут таксама ёсць жаніх.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.