Вы тут

У Каляды на Каляды


«Гэй, гайда ў Каляды калядаваць!» — калісьці падобны каламбурны покліч моладзі выглядаў цалкам дарэчна і актуальна. У вёску з сапраўднай святочнай назвай, якая знаходзіцца на Вілейшчыне, снежнымі вечарамі прыходзілі вясёлыя, пераапранутыя калядоўшчыкі з усёй ваколіцы. Гэта цяпер тут пануе цішыня і ўсе жылыя дамы рознакаляровай вёсачкі можна пералічыць на пальцах, аднак жыхары Калядаў актыўна рыхтуюцца сустрэць свята Божага Нараджэння. Як гэта адбываецца, на свае вочы пабачылі карэспандэнты «Звязды».

1387871036582_1

Іосіф Браніслававіч Жураўскі, сын тамтэйшага солтыса, толькі-толькі вярнуўся з нядзельнага набажэнства ў даўгінаўскім касцёле і падпампоўвае кола ў сваёй чырвонай «пяцёрцы». На твары спадара Іосіфа, якога тут усе завуць проста Юзафам, добразычлівая ўсмешка. Яму ўжо за 80, але разам з жонкай ён яшчэ трымае кароўку, кабанчыка, час ад часу запрагае гожую кабылу Каштанку. З Аляксандрай Мікалаеўнай яны выгадавалі трох сыноў, згулялі залатое вяселле і рыхтуюцца да брыльянтавага! Амаль усё сваё жыццё Жураўскія прысвяцілі вёсцы са святочнай назвай і зусім не наракаюць на тое, як яно склалася.

1387871039410_2

— Чаму ў нашай вёскі такая прыгожая назва? — уваходзячы ў хату, кажа гаспадар. — Таму што на свята заснавалі! Праўда, як даводзілі іншыя, быў тут некалі чалавек па прозвішчы Каляда, але такіх я ўжо не памятаю. Жылі тут спрадвеку Жураўскія, Надольскія, Кур'яновічы, Савіцкія... Жылося ў нас весела. Хадзілі ў госці адно да аднаго, танцавалі польку ў клубе пад акардэон, скрыпачку і цымбалы. Каляды — каталіцкая вёска. У нядзелю ніхто не працаваў, а ўсе земляробчыя работы выконваліся да свят. Цяпер людзей паменшыла. Але жыць нам камфортна. Да нас аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень, пенсію прыносяць своечасова.

1387871042754_3

Пакуль спадар Іосіф узгадвае польскую школу, войта, які з праверкамі прыязджаў да бацькі, Аляксандра Мікалаеўна завіхаецца каля стала і пералічвае нашаму фотакарэспандэнту ўсё тое, што гатуе на свята Божага Нараджэння. А гэта і поліўка, посны салат з гароху, рыбная страва, кісель — на вігілію, тушаная гусь, каўбаскі пальцам пханыя, сала, вараная лапатка на само свята...

1387871045195_4

Мы крыху адцягваем увагу Жураўскіх ад хатніх клопатаў і выходзім з імі на роўную заасфальтаваную дарогу. З абодвух бакоў ад дарогі стаяць шарэнгамі прыгожыя дагледжаныя дамы. Але думкі аб тым, каб пастукаць у дзверы, перапыняе Аляксандра Мікалаеўна — стала ў большасці дамоў ніхто не жыве. Каляды па-сапраўднаму ажываюць летам, калі да нешматлікіх жыхароў прыязджаюць госці, а іншыя хаты запаўняюць дачнікі. Аднак і ў гэты дзень на ўездзе знайшлося некалькі дамоў, запоўненых гасцямі. Да майстравітага гаспадара, пчаляра Тадэвуша Ляшковіча і яго маці прыехалі сваякі з Маладзечна. Саша і Ваня, унукі Тадэвуша, з асалодай упрыгожваюць вокны дома гірляндай агеньчыкаў, у каляднае адзенне «апранаюць» стройную, гожую тую, а пасля бягуць грэцца ў цёплую хату да прабабулі. Пад гарбату яна просіць, каб дасталі старую кніжку, і нешта нетаропка перад ад'ездам расказвае малым. Вось вам і яшчэ адно свята — сямейнае, калі пад адным дахам збіраецца шмат родзічаў.

1387871049135_5

На развітанне гасцінны Тадэвуш махае рукой і кажа, каб прыязджалі летам, калі людзей будзе больш. І ў гэты момант вельмі хочацца, каб гэтым разам, як калісьці даўно, у святочныя хаты добрых калядцаў вечарам пастукалі сапраўдныя калядоўшчыкі і радасна заспявалі:

1387871052478_6

А ўчора з вячора засвяціла зора,
Зора засвяціла,
Ўвесь свет абудзіла.
Нам прыйшла навіна,
што Дзева Марыя нарадзіла Сына»

1387871055774_7

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Вілейскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.