Вы тут

Партызанская ёлка


Партызанская елка

У Віцебску адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Партызанская ёлка», падчас якой можна было ўбачыць, як партызаны святкавалі навагодняе свята. І... немцы таксама. Перанесціся ў часе дапамаглі хлопцы і дзяўчаты з віцебскай групы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Таварышы па зброі». 

Незвычайнае мерапрыемства прайшло на тэрыторыі Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова.

Падчас ваенна-гістарычнай рэканструкцыі адбыліся прыняцце прысягі на вернасць нашай Радзіме, адпрацоўка элементаў рукапашнага бою. Партызаны кухарылі, чыталі копіі газет ваеннага часу. Святкавалі і «немцы», якіх павіншаваў Санта Клаус. Але весяліцца ім давялося нядоўга, бо нашы раптам пайшлі ў атаку. І, вядома, «знішчылі» ворагаў і іх галоўнага казачнага персанажа.

Гледачы спускаліся ў бліндажы, дзе адноўлены партызанскі інтэр'ер. Супрацоўнікі музея ў свой час пастараліся стварыць усё такім, якім гэта было ў партызанаў.

У адной з музейных залаў былі паказаны новыя экспанаты: ёлачныя цацкі, вырабленыя ў канцы 1940-х — пачатку 1960-х гадоў, рарытэтныя запалкавыя каробкі, узнагароды ветэранаў Вялікай Айчыннай.

Вялікі інтарэс у наведнікаў выклікала графіка Бода Цымермана, немца, які знаходзіўся ў Віцебску падчас вайны. На творы — цэнтр разбуранага горада, вялікі храм, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён...

У музеі стараюцца расказваць пра значныя падзеі гісторыі, у тым ліку ажыццяўляючы розныя праекты. У прыватнасці, летась быў распрацаваны ўнікальны праект, прысвечаны

200-й гадавіне Айчыннай вайны 1812 года. Сёлетняй вясной працавала выстава «Гісторыя вайсковага мундзіра», на якой была прадстаўлена ваенная форма і рыштунак перыяду Вялікай Айчыннай вайны. А летам была арганізавана выставы твораў удзельнікаў моладзевага пленэру «Віцебшчына партызанская».

У супрацоўнікаў установы культуры ёсць цікавыя ідэі, як павялічыць колькасць наведнікаў, як зрабіць, каб маладое пакаленне з цікавасцю вывучала гісторыю роднай краіны, каб сучаснікі ведалі пра гераізм мінулых пакаленняў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.