Вы тут

БУДУЧЫНЯ КРАІНЫ — ІНІЦЫЯТЫЎНАЯ МОЛАДЗЬ


Праект «100 ідэй для Беларусі» аснова для далейшага развіцця краіны. Пра гэта заявіў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ падчас адкрыцця ў Нацыянальнай акадэміі навук выставы-прэзентацыі лепшых распрацовак удзельнікаў.

— Мы павінны знаходзіць шляхі прарыву ў эканоміцы, але без творчасці гэта немагчыма.Трэба разумець, што творчасць — гэта не толькі літаратура ці музыка. Існуе і тэхнічная, і навуковая творчасць. Беларусь багатая на людзей, якія «гараць» сваімі наватарскімі ідэямі і могуцьстварыць нешта вартае, — адзначыў АнатольРубінаў.

Па яго словах, арыентацыя праекта менавіта на моладзь — гэта правільнае рашэнне. Бо ў маладосці чалавек валодае найбольшым творчым патэнцыялам. Магчыма, маладым не заўжды хапае ведаўі вопыту, але гэта нават падштурхоўвае да актыўных дзеянняў. Сённяшнія хлопцы і дзяўчаты дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям могуць адкрыць для сябе ўвесь свет, адчуць яго «пульс» і зразумець, якіх ідэй і вынаходніцтваў зараз не хапае.

Таксама старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што фінансавая падтрымка найбольш цікавых са «100 ідэй для Беларусі» будзе аказвацца «настолькі, наколькі гэта магчыма».

— Усё, безумоўна, прафінансаваць нельга, але ў найбольш перспектыўных падтрымка будзе, — сказаў Анатоль Рубінаў.

2

На выставе-прэзентацыі свае працы прадэманстравалі 16 фіналістаў (яшчэ пра 34 ідэі іх аўтары распавялі ў фармаце выступлення). Напрыклад, праект па выкарыстанні ў Беларусі расліны пад назвай «амарант» распрацавала настаўніца сталічнай гімназіі №61 Юлія Лабус разам са сваімі вучнямі.

— Амарант — гэта ўнікальная расліна. Яе радзіма — Паўночная Амерыка, — распавядае Юлія Міхайлаўна. — Бялок, які змяшчаецца ў расліне, блізкі па саставе да груднога малака. Па сваіх пажыўных уласцівасцях амарант нават пераўзыходзіць казеінавы бялок, які ўключаны ў сумесі для дзіцячага харчавання. У насенні амаранту ёсць рэчыва, якое валодае моцнымі рэгенеруючымі здольнасцямі і можа выкарыстоўвацца ў медыцыне. А крухмал з амаранту цудоўна падыходзіць для вытворчасці касметыкі.

Адна з галоўных пераваг выкарыстання амаранту, па словах Юліі Лабус, — гэта адсутнасць адходаў пры яго перапрацоўцы. Адпрацаваная маса можа служыць кормам для жывёл.

У ЗША для вывучэння амаранту створаны цэлы інстытут, а суседнія Польшча, Украіна і Расія актыўна займаюцца вырошчваннем гэтай культуры. У Беларусі пакульшто гэта не распаўсюджана шырока.

Падчас прэзентацыі праекта Юлія Міхайлаўна са сваімі вучнямі частавала прысутных хлебам з дабаўленнем здробненых амарантавых зярнят, амарантавым печывам, паказвала мыла і скраб, якія выраблены з дабаўленнем кампанентаў гэтай расліны. Дарэчы, каб атрымаць матэрыял для навуковых эксперыментаў, настаўніца вырошчвае амарант з насення на ўласнай дачы. Прапанова прадстаўнікоў гімназіі №61 — будаўніцтва ў Беларусі комплексу па перапрацоўцы гэтай карыснай расліны.

А вось вучань 11 класа Ліцэя БНТУ Ігар Балыкін прапанаваў на суд экспертаў «Шклопакеты будучыні». У іх вытворчасці выкарыстоўваецца празрысты аэрагель.

— Гэта рэчыва, у якім вадкая фаза поўнасцю замешчана газападобнай, — распавёў Ігар. — Матэрыял вельмі карысны. З дапамогай яго можна ствараць, напрыклад, звышлёгкія, але вельмі трывалыя бронекамізэлькі альбо «пасткі» для касмічнага смецця. Але і для «прыземленых» мэт — такіх, як вытворчасць шклопакетаў — ён таксама цудоўна падыходзіць.

Па словах першага сакратара ЦК БРСМ, намесніка старшыні пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігара Бузоўскага, эксперты, што будуць вызначаць праекты-пераможцы, — гэта адны з лепшых у сваіх сферах спецыялісты, якія павінны даць убачанаму аб'ектыўную ацэнку. Чыя менавіта ідэя стане рэальнасцю і калі гэта адбудзецца, яшчэ належыць даведацца ў будучым.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.