Толькі дзякуючы супрацоўніцтву грамадства і дзяржавы можна дасягнуць поспеху ў супрацьдзеянні наркапагрозе
Паводле экспертных ацэнак, у Беларусі больш як 150 тысяч нарказалежных грамадзян. Афіцыйна на ўліку — больш як 20 тысяч чалавек, якія злоўжываюць псіхаактыўнымі рэчывамі. Праблема наркотыкаў набыла маштаб пагрозы нацыянальнай бяспецы. Патрабаванне Прэзідэнта Беларусі — радыкальныя захады супраць незаконнага абарачэння наркотыкаў. У чым іх сутнасць, абмяркоўвалі эксперты праекта
«Грамадскі дыялог» у Мінску:
Мікалай Карпянкоў — начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь; Іван Канаразаў — галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь; Вадзім Дзевятоўскі — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Ала Веруш — дацэнт кафедры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат палітычных навук; Алена Ленская — каардынатар праектаў Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Маці супраць наркотыкаў» (РГА «МСН»); Ілья Жлабовіч — выкладчык кафедры экалагічнай медыцыны і радыебіялогіі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава, эксперт у галіне праваслаўнай наркалогіі.
«Антымакавы» дэкрэт выявіў новыя язвы
Мікалай Карпянкоў: Наркасітуацыя і звязаная з ёй злачыннасць у Беларусі знаходзяцца на жорсткім кантролі ў кіраўніка дзяржавы і ў кіраўніцтва органаў унутраных спраў, пастаянна вывучаецца, і ў адказ на яе дынаміку робяцца адпаведныя захады.
Зусім нядаўна мы атрымалі абноўленыя звесткі з Цэнтра маніторынгу Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Калі ў 2013 годзе ў нас было 155 нарказалежных на 100 тысяч чалавек насельніцтва, то цяпер — 167,3. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць дынаміку наркатызацыі насельніцтва. Але ў большай ступені яны адлюстроўваюць інтэнсіўнасць і эфектыўнасць работы па выяўленні нарказалежных, фактаў ужывання наркотыкаў. Гэта вынік мэтанакіраванай дзейнасці і органаў унутраных спраў, і органаў сістэмы аховы здароўя, іншых дзяржаўных органаў. 60% усіх, хто ставіцца на ўлік, праходзяць праз сістэму МУС. 30% — установамі аховы здароўя. Самастойная пастаноўка на ўлік нарказалежнымі альбо іх бацькамі — лічаныя працэнты ад агульнай колькасці выпадкаў.
Спрабуючы змагацца з гэтым злом, мы за мінулы год у пералік забароненых унеслі 73 рэчывы. За гэты год унеслі ўжо 44 рэчывы. Мы чакалі змянення кан'юнктуры рынку, планавалі адпаведныя мерапрыемствы па спыненні іх распаўсюджвання ў Беларусі.
Безумоўна, за кошт моцнай, агрэсіўнай прапаганды наркадылеры пастараліся, каб гэтыя новыя наркотыкі трывала ўвайшлі ў жыццё беларускіх грамадзян, перш за ўсё — моладзі. Па нашых даных, нарказалежных, якія ўжываюць спайсы, у краіне да 18 тысяч чалавек. І 55% з іх — гэта менавіта маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 20 гадоў. Гэта самы небяспечны, уразлівы ўзрост. У сістэме маркетынгу і характары ўздзеяння спайсаў на псіхіку ўсё арыентавана на адпаведнасць запытам людзей, якія знаходзяцца менавіта ў гэтым узросце. Падлеткам абяцаюць, што ім будзе лягчэй вучыцца, што ў іх «адкрыецца свядомасць» і гэтак далей.
За мінулы перыяд 2014 года мы спынілі дзейнасць 9 падпольных лабараторый, дзе вырабляліся падобныя рэчывы. Канфіскавалі каля 25 кілаграмаў псіхатропаў. З іх можна было атрымаць прыкладна 250 мільёнаў доз. Перакрылі 14 каналаў паступлення такіх рэчываў на нашу тэрыторыі. Калі летась у нас было заведзена прыкладна 1000 крымінальных спраў па лініі наркакантролю, то ў 2014-м ужо было распачата каля 1800 крымінальных вытворчасцяў. Пры гэтым асноўны акцэнт мы робім на спыненні распаўсюджвання курыльных сумесяў.
Іван
Канаразаў: Шэраг грамадзян пасля прыняцця дэкрэта, усведамляючы свае праблемы са здароўем, звярнуліся да нарколагаў. Другая, больш шматлікая, група залежных з так званым нізкім рэабілітацыйным патэнцыялам проста змяніла псіхаактыўнае рэчыва, якое яны ўжываюць. Калі раней гэта быў экстрагаваны опій з насення маку, то цяпер гэта часцей за ўсё амфетаміны, а таксама сінтэтычныя канабіноіды. Яны імкліва распаўсюдзіліся за апошнія два-тры гады ва ўсім свеце. А значыць, гэта не толькі беларуская або рэгіянальная праблема. Гэта агульнасусветны трэнд, які ў большай ступені закранае Еўропу і Паўночную Амерыку.
Практыка і навука гавораць аб тым, што, на жаль, лячэнне залежнасці ад сінтэтычных канабіноідаў вельмі складанае. Сёння методыкі проста не існуе. Па клінічных праявах, якія мы бачым у такіх пацыентаў у стацыянарах, становіцца зразумела, што мы маем справу не з чыстым наркатычным, а з наркатычна-таксічным ап'яненнем.
Алена Ленская: Рынак змяніўся, і ў залежнасці ад гэтага змяніўся і попыт. Наша арганізацыя аказвае дапамогу як нарказалежным так і іх бацькам. І магу адзначыць, што за апошні год колькасць наркаспажыўцоў, якія звярнуліся да нас і якія прымаюць сінтэтычныя наркотыкі, спайсы, маркі, значна павялічылася. Асабліва я хачу адзначыць пры гэтым, што звяртаюцца ў асноўным менавіта сваякі. Таму што самі спажыўцы, маладыя людзі ад 15 гадоў, не здольны, як правіла, прыйсці да разумення неабходнасці лячыцца ад залежнасці. Яны не ведаюць, куды ісці. Яны не могуць ацаніць стан свайго здароўя. Але самае галоўнае — ім падабаецца ўжываць наркотыкі. Таму ў масе зваротаў (а іх колькасць павялічылася за год удвая) пераважная большасць — гэта звароты бацькоў і блізкіх сваякоў нарказалежных.
Ілья Жлабовіч: Калі глядзець па дынаміцы колькасці зваротаў у рэабілітацыйныя цэнтры, створаныя пры арганізацыях традыцыйных канфесій (праваслаўных, каталіцкіх), то можна канстатаваць, што колькасць іх пацыентаў, якія ўжываюць спайсы, павялічылася да 25—30% ад агульнай колькасці. Раней гэта было 3—4% зваротаў. Адпаведна, мы вымушаны карэкціраваць і метады рэабілітацыі для арганізацыі паспяховага лячэння.
Быць у поўным узбраенні
«Звязда»: МУС прапанавала стварэнне «антынаркатычнай камісіі».
Мікалай Карпянкоў: Падрыхтаваны шэраг заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці барацьбы з наркотыкамі. Гэта, перш за ўсё, змяненні і дапаўненні ў Закон аб наркатычных рэчывах, прэкурсорах і іх аналагах. Распрацавана паняцце «базавай структуры», якое дазволіць аператыўна, на працягу некалькіх працоўных дзён, залічваць да аналагаў наркатычных рэчываў новыя, раней невядомыя наркотыкі. Але, каб яшчэ больш паскорыць гэты працэс, мы прапануем стварыць антынаркатычную камісію. Мяркуецца, што ў яе ўвойдуць тры намеснікі кіраўнікоў ведамстваў — ад МУС, ад Міністэрства аховы здароўя і ад Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія максімальна аператыўна змогуць ажыццяўляць адпаведныя працэдуры.
Наш парламент падтрымаў такую ініцыятыву, і калі парламентарыі ўхваляць гэта ўжо на ўзроўні законапраекта і створаць такі заканадаўча замацаваны механізм, то ў нас, як нідзе ў свеце, хутка і аператыўна будзе праходзіць зняцце з абарачэння новых наркатычных рэчываў. Упэўнены, што тады наркадылеры, міжнародная наркамафія хутка ацэняць нявыгаднасць увозу ў Беларусь наркотыкаў.
У дадатак да гэтага захаду мы прапанавалі ўзмацніць крымінальную адказнасць па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса (незаконнае абарячэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў): за выраб наркатычных сродкаў ва ўмовах лабараторыі, за збыт непаўналетняму, за кантрабанду. А таксама мы прапануем увесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркатычных рэчываў.
Вадзім Дзевятоўскі: Для мяне пытанне наркотыкаў у нашай краіне — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Зразумела, што мы не павінны страчваць час і разам з ім — чалавечыя жыцці. Неабходныя тэрміновыя дзеянні.
Тыя ініцыятывы, якія вылучыў МУС, былі агучаны ў парламенце і атрымалі папярэдне поўнае ада-
брэнне кіраўніцтва і дэпутатаў. Сёння ёсць добры шанц хутка рэалізаваць іх шляхам унясення змяненняў у Закон аб наркатычных рэчывах, прэкурсорах і іх аналагах, паколькі адпаведны законапраект якраз знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, у камісіі па нацыянальнай бяспецы. У Палату ўнесены законапраект аб унясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс, а значыць, гэтыя захады таксама можна хутка прапісаць.
Наша задача — забяспечыць адназначнасць і дакладнасць гэтых нормаў, каб не падвяргаць рызыцы пакарання невінаватых людзей. Таму нам патрэбна яшчэ крыху часу для таго, каб даўзгадніць гэтыя нормы з усімі зацікаўленымі. І мы над гэтым інтэнсіўна працуем.
Як грамадскага дзеяча і патрыёта, мяне, акрамя названых захадаў, цікавяць пытанні прафілактыкі. На заканадаўчым узроўні ўсё, што магчыма, мы зробім. За гэтай працай стаіць у тым ліку публічна агучаная пазіцыя кіраўніка дзяржавы, які звярнуўся ў тым ліку да заканадаўцаў з заклікам прыняць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў.
Але прафілактыка — гэта перш за ўсё. І ў гэтым плане, напрыклад, наша аб'яднанне «Белая Русь» праводзіць адпаведную работу. Напрыклад, у Наваполацку сумесна з «Белтэлекамам» была праведзена акцыя «Бацькоўскі кантроль». Мы раздавалі бацькам лістоўкі, якія інфармуюць іх аб тым, што «Белтэлекам» можа па іх запыце абмежаваць доступ да пэўных, небяспечных сайтаў для іх дзяцей. Таму, я лічу, мы ўсе павінны ўключыцца ў падобную работу — не пакідаць яе толькі на заканадаўчым узроўні, але і рабіць кожны, хто што можа, у тым ліку — журналісты, прэса.
Ала Веруш: Неабходна таксама думаць пра стварэнне каардынацыйных механізмаў, якія дазволілі б аб'яднаць намаганні больш шырокага кола ведамстваў, а не толькі тых трох, якія будуць працаваць у рамках камісіі. Гэта і Следчы камітэт, і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, і Міністэрства адукацыі, і іншыя. Бо палітычная воля на максімальна інтэнсіўную барацьбу супраць наркотыкаў ёсць. Цяпер пытанне ў механізмах яе рэалізацыі.
Напрыклад, у Расіі праблема наркотыкаў прызнана пагрозай нацыянальнай бяспецы і выбудаваны механізм Дзяржаўнага антынаркатычнага камітэта, які каардынуе дзейнасць вялікай колькасці ведамстваў у частцы барацьбы з гэтым злом.
Што далей?
«Зв»: Як будзе развівацца наркасітуацыя ў выпадку ўвядзення ўсіх мер, прапанаваных МУС?
Іван Канаразаў: З пункту гледжання попыту на наркотыкі мы можам вылучыць некалькі наступстваў увядзення ў дзеянне такога механізму, як антынаркатычная камісія.
Пярвічнай прафілактыкай павінны займацца ўсе. У першую чаргу — самі грамадзяне на ўзроўні сям'і. У нас быў такі прыклад — напісалі бацькі, чыё дзіця пачало курыць спайсы, і просяць прыняць меры. Пры гэтым яны апісваюць, дзе ён купляе, дзе і калі курыць, і просяць нас нешта зрабіць. Па фактах гандлю наркотыкамі трэба звяртацца ў міліцыю. Па пытаннях рэабілітацыі — ва ўстановы аховы здароўя, у наркалагічныя ўстановы. Там ёсць таксама псіхолагі, якія дапамогуць справіцца з залежнасцю. Але пачынаць трэба з сям'і. Бо калі на гэтым узроўні нічога не робіцца, то дзяржаўныя інстытуты наўрад ці змогуць справіцца з праблемай.
Вадзім Дзевятоўскі: Вывучаючы гэту праблематыку, я зразумеў, што наркагандляры — вельмі рацыянальныя, уніклівыя людзі. Яны дэталёва вывучаюць прававыя рэжымы, характар работы праваахоўных органаў. І я ўпэўнены, што пасля стварэння антынаркатычнай камісіі яны дакладна для сябе зафіксуюць, што тэрыторыю Беларусі трэба абыходзіць бокам. А гэта істотна знізіць паток наркотыкаў, павялічыць цэны на іх і зробіць іх недаступнымі для значнай часткі сённяшніх і патэнцыяльных спажыўцоў.
Мікалай Карпянкоў: Мы працуем таксама ў рамках АДКБ, дзякуючы чаму маем доступ да інфармацыі аб наркасітуацыі на ўсёй постсавецкай прасторы. Таму ў нас ёсць магчымасць разведкі «на далёкіх подступах». Бо наркотыкі не з'яўляюцца ў адзін момант. Яны заўсёды з'яўляюцца дзесьці, маюць канкрэтныя маршруты распаўсюджвання і транспартавання. Таму, грунтуючыся на гэтай інфармацыі, мы можам і дзейнасць у сябе арыентаваць у апераджальным парадку.
Апроч выкладзеных захадаў, мы вылучылі ініцыятывы па змяненні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60, які рэгулюе дзейнасць у інтэрнэце, з тым, каб спыніць магчымасці прапаганды і распаўсюджвання наркотыкаў у гэтым асяродку.
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь правёў пленум, падчас якога пастанавіў, што пакаранне за збыт наркатычных рэчываў павінна быць самым суровым у межах, якія дапускаюцца заканадаўствам.
Карацей, мы чакаем, што наркасітуацыя будзе паляпшацца, а жыццё ў нашай краіне, у тым ліку — для нашых дзяцей, будзе станавіцца больш бяспечным.
Ілья Жлабовіч: Я павінен звярнуць увагу на тое, што ліквідацыя сімптомаў не можа замяніць лячэн не самой прычыны. Мы ліквідуем наступствы, перакрываем доступ да наркотыкаў, але прычыны, якія штурхаюць людзей да залежнасці, застаюцца. Таму вельмі хацелася б, каб работа вялася таксама і ў плане прафілактыкі, пра што гаварыў Іван Іванавіч Канаразаў. Бо сучасная навука, якая працуе нярэдка і на крымінальныя інтарэсы, вельмі аператыўна і хутка дазваляе ствараць новыя рэчывы. На гэта завязаны вялікія грошы.
Таму нам трэба адказаць на пытанне: чаму маладыя людзі і іншыя жыхары нашай краіны адсочваюць з'яўленне новых наркотыкаў, новых прэпаратаў і пачынаюць іх ужываць? Неабходна дзейсная сістэма прафілактыкі наркаспажывання. І гэтыя прафілактычныя захады, якія яшчэ неабходна выпрацаваць і ўзгадніць, таксама павінны быць замацаваны заканадаўча.
Мікалай Карпянкоў: Я ў цэлым згодны з тым, што сказаў калега. На мой погляд, барацьба супраць наркотыкаў павінна весціся ў чатырох кірунках:
— забеспячэнне недаступнасці наркотыкаў;
— ранняя дыягностыка, выяўленне выпадкаў наркаспажывання;
— забеспячэнне рэабілітацыі нарказалежных;
— навукова-метадычнае і заканадаўчае забеспячэнне.
Па гэтых кірунках цяпер работа ў Беларусі і вядзецца.
У МУС, дарэчы, будуць некаторыя арганізацыйныя змены ў рабоце па лініі наркакантролю. Будзе створаны аддзел па каардынацыі, які будзе займацца каардынацыяй работы праваахоўных органаў, органаў выканаўчай улады, іншых зацікаўленых у агульнай справе.
Што будзе з наркаманамі?
«Зв»: Як будуць паводзіць сябе нарказалежныя, пазбаўленыя доступу да наркотыкаў? Ці варта ў такім выпадку чакаць росту алкагалізацыі?
Алена Ленская: Алкагалізм, як правіла, з'яўляецца спадарожным элементам для наркаспажывання. Часта нарказалежныя чаргуюць алкаголь і наркотыкі ў залежнасці ад таго, да чаго ў іх ёсць доступ. Але цалкам замяніць наркотыкі алкаголь не можа.
Іван Канаразаў: Дарэчы, беларусы дастаткова надзейна абаронены ад «аптэчнай наркаманіі». У нас ажыццяўляецца кантраляваны водпуск нарказмяшчальных рэчываў. Таму злоўжыванні тут спалучаны з цяжкасцямі і рызыкай — і для спажыўцоў, і для гандляроў. У нас была асцярога па росце дэзамарфінавай наркаманіі пасля «антымакавага дэкрэта». Аднак усе ведамствы спрацавалі добра, і гэтага не здарылася.
Паводле нашых звестак, каля 40% былых опійных наркаманаў перайшлі на амфетамін. Значная частка астатніх пайшла ва ўстановы аховы здароўя. У тым ліку павялічылася колькасць самастойных зваротаў.
Гэта значыць, у цэлым мы, можна сказаць, з опійнай наркаманіяй справіліся. Спадзяюся, што цяпер мы і з новай пагрозай — сінтэтычнай наркаманіяй — справімся.
Дзяржава і грамадства супраць наркотыкаў: адзіным фронтам
«Зв»: Чым можа дапамагчы грамадска-дзяржаўнае партнёрства ў барацьбе супраць наркотыкаў?
Алена Ленская: Мы, як грамадскія работнікі, падтрымліваем стварэнне антынаркатычнай камісіі. Хацелася б, каб яна брала на сябе дадатковыя функцыі і паўнамоцтвы: неабходна фарміраваць грамадскую думку, ствараць атмасферу нецярпімасці да наркотыкаў.
Мікалай Карпянкоў: Хацеў бы нагадаць, што каардынацыяй на рэспубліканскім узроўні займаецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, а кіруе гэтай работай віцэ-прэм'ер Анатоль Афанасьевіч Тозік. І гэты механізм працуе дастаткова аператыўна і эфектыўна.
Мы зараз прапрацоўваем пытанне аб стварэнні грамадскага аб'яднання, якое будзе працаваць у сферы барацьбы з наркотыкамі. У яго ўвойдуць прадстаўнікі па ўсіх кірунках работы.
Ала Веруш: На мой погляд, беларускае грамадства гатова да больш рашучай барацьбы з наркотыкамі. Гэта важна. Таму што для больш жорсткай палітыкі грамадства павінна быць гатова абмежаваць сябе ў чымсьці. Аднак ёсць вялізная прастора работы, звязаная не столькі з больш жорсткай работай дзяржавы, колькі з павышэннем свядомасці, інфармаванасці саміх грамадзян. На сустрэчах з бацькамі ў школах у мяне часта пытаюцца пра спайсы, маркі: як яны выглядаюць, які эфект аказваюць, як зразумець, ці знаходзіцца дзіця пад уздзеяннем наркотыкаў і г.д.
Далей — ёсць найважнейшая работа ў сацыяльных сетках. Калі, дзякуючы намаганням МУС, сайты, уцягнутыя ў прапаганду і гандаль наркотыкамі, будуць закрыты, то сацыяльныя сеткі ніхто перакрыць не зможа. Там ёсць свой слэнг, свае ўмоўнасці. Кантраляваць гэта з пазіцыі дзяржавы немагчыма. Гэта грамадская задача.
Таму мы цяпер думаем над тым, як мабілізаваць грамадскую думку. Ці патрэбна новая грамадская структура супраць наркотыкаў? Ці патрэбна каардынацыя існуючых структур? Або трэба арганізаваць гэтую работу ў рамках іншых грамадскіх аб'яднанняў?
Бо нельга ж усё пакідаць на адказнасць бацькоў. Урэшце, бацькі самі бываюць спажыўцамі наркотыкаў. Неабходны менавіта публічны грамадскі ўдзел у гэтай рабоце.
Наркаманія — гэта не асабістая справа кожнага. Адзін наркаман уцягвае ў спажыванне наркотыкаў 5—10 чалавек. Наркаманія — гэта сацыяльна небяспечная з'ява. Гэта зло, з якім неабходна змагацца ўсяму грамадству.
Круглы стол правёў
Юрый ЦАРЫК.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.