Вы тут

Дапамагчы, але ў межах закона


Што прымушае грамадзян з рэгіёнаў Мінскай вобласці імкнуцца патрапіць на прыём непасрэдна да старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры? Вера ў «вышэйшую справядлівасць»? Немагчымасць вырашыць пытанні ў райвыканкаме, раённым, пасялковым, сельскім Саветах дэпутатаў? Думаецца, што прычына ў іншым, а менавіта — у псіхалогіі чалавека.

Людзі ідуць на прыём з рознымі пытаннямі: уладкаванне дарог, водазабеспячэнне, газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў. Скардзяцца на работу камунальнікаў, нясвоечасовую здачу ў эксплуатацыю жыллёвых кааператываў і дрэнную якасць будаўніцтва. Звяртаюцца і з просьбамі перагледзець судовае рашэнне, паўздзейнічаць на следства. На што заўсёды атрымліваюць катэгарычнае: «Не!»

З даверанасцю ад сына

Бываюць і зусім неардынарныя, дзіўныя сітуацыі. Вельмі ўразіў прысутных выпадак, што здарыўся падчас выязнога прыёму ў Пухавіцкім раёне. Да губернатара звярнулася маці з... даверанасцю ад роднага сына. Не, яе крывінка не інвалід. Наадварот, здаровы, жанаты.

Пасля заканчэння навучальнай установы хлопца накіравалі на працу (ветэрынарным урачом) і нават выдзелілі для маладой сям'і жыллё. Але спецыяліста не задавальняе месца работы, і ён пісьмова даверыў сваёй маці прадстаўляць яго інтарэсы ў розных інстанцыях наконт іншага працаўладкавання. Сямён Шапіра прызнаўся, што з такой сітуацыяй сустракаецца ўпершыню, і параіў маладому мужчыну свае пытанні вырашаць асабіста. Разам з тым, растлумачыў, што, паводле заканадаўства, яму давядзецца адпрацаваць у гаспадарцы два гады. У іншым выпадку ён павінен вярнуць дзяржаве грошы, патрачаныя на вучобу.

«Залатыя» капальні

У апошні час усё часцей гучыць тэма пясчана-гравійных кар'ераў. Гэта вельмі прыбытковая справа. Некаторыя фірмы за год атрымліваюць «з пяску» па 500 млн долараў чыстага прыбытку. Зразумела, што ніхто не хоча развітвацца з «залатой жылай».

Напрыклад, дырэктар аднаго з сумесных прадпрыемстваў пераехаў у Пухавіцкі раён з Латвіі, атрымаў пасведчанне на права жыхарства. Ён папрасіў выдзеліць фірме кар'ер для здабычы пяску. У Дзяржынскім раёне прыватнікі таксама спрабавалі адстаяць свае правы на «залатыя капальні». Справа ў тым, што адной з іх быў выдзелены кар'ер з умовай, што яна пабудуе завод па вытворчасці дарожна-будаўнічых матэрыялаў. Але замест гэтага фірма занялася продажам пясчана-гравійнай сумесі грамадзянам і прадпрыемствам.

«У Мінскай вобласці шмат кар'ераў аддадзена ў прыватныя рукі, — зрабіў выснову губернатар. — Усе яны будуць вернуты дзяржаве. Гэта стала прадметам спекуляцыі, выкарыстаннем агульнанароднай уласнасці ў асабістых мэтах асобнымі фірмамі. У выніку даражэюць будаўніцтва жылля, дарог».

Вымова за валакіту

Губернатар катэгарычны ў тым, каб хтосьці нажываўся на народнай уласнасці. А вось Марыі Кеўліч і шматдзетным сем'ям, што стаяць у чарзе на атрыманне льготнага крэдыту для будаўніцтва індывідуальнага жылля, ён пастараецца дапамагчы. Магчыма, у перспектыве атрымаецца павялічыць памер крэдытавання для гэтай катэгорыі грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Людміла Паўлюкоўская — настаўніца малодшых класаў — не можа засяліцца ў пабудаваную ў 2010 годзе кватэру, за якую даўно разлічылася. Забудоўшчык не аддае дакументы і ключы, патрабуючы даплаціць 37,5 млн рублёў. Разам з тым, жанчыне штомесяц налічваюць аплату за камунальныя паслугі, за якія яна спраўна плаціць. Чаму так атрымалася? Справа ў тым, што дом стаў даўгабудам. Ды толькі не вінаватыя ў гэтым жыльцы... Губернатар распарадзіўся выдаць заяўніцы ключы і праінфармаваць яго, чым закончыцца судовая справа.

Васіль Сіманаў з Дзяржынскага раёна не можа ўзаконіць зробленую ім перапланіроўку кватэры: не дазваляюць адпаведныя службы райвыканкама. Пры гэтым апорныя сцены не парушаны, змены ў кватэры нязначныя. Пазіцыя мясцовых улад абурыла губернатара. Сямён Шапіра аб'явіў вымову намесніку старшыні райвыканкама па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Большасць праблем, з якімі людзі ідуць да губернатара, можна вырашыць на пасялковым, раённым ці гарадскім узроўні. Напрыклад, падчас кожнага прыёму ў рэгіёнах абавязкова прысутнічае тэма капітальнага рамонту жылых дамоў, дарог, газіфікацыі населеных пунктаў, водазабеспячэння. Неаднаразова губернатар падкрэсліваў, што мясцовыя ўлады павінны распрацаваць адпаведныя графікі першачарговага правядзення работ. Прычым надрукаваць іх у мясцовых сродках масавай інфармацыі. Нядрэнна было б у кожнай раённай газеце стварыць «гарачую» лінію, куды б маглі патэлефанаваць з набалелым. Акрамя таго, сёлета мясцовыя Саветы дэпутатаў папоўніліся новымі ініцыятыўнымі абраннікамі. Нямала тут і вопытных — тых, каму людзі аказалі давер у другі і нават трэці раз. І ім, і ўсім іншым трэба працаваць так, каб псіхалогія некаторых нашых суайчыннікаў — маўляў, прыедзе вялікі начальнік і расставіць акцэнты — змянілася на карысць мясцовых органаў улады.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.