Вы тут

У пошуках «ісціны»?


«Зялёны дэман» пільнуе кожнага з нас. Камусьці падсоўвае таннае «чарніла», камусьці — дарагі каньяк

Кожную раніцу панядзелка ёсць у маім рабочым распарадку адзін напружаны момант. Хвілін пятнаццаць, калі праглядаеш на сайтах хроніку здарэнняў за выхадныя. Хвалюешся не з-за журналісцкага імпэту: вось, маўляў, добрая тэма для газеты, а з-за прадчування таго чалавечага болю, які зараз пальецца на цябе з абыякавай інфармацыйнай стужкі. Часам болю менш: бываюць такія шчаслівыя выхадныя, калі ніхто не загінуў і сур'ёзна не пакалечыўся. Часам, як у мінулы панядзелак, яго зашмат: здарэнняў з трагічнымі наступствамі было — «на любы густ». Хтосьці скажа: гэта ўсё поўня — акурат у мінулыя суботу ды нядзелю яна была неяк надзвычай блізка ад зямлі і асабліва ўплывала і на тэхніку, і на паводзіны людзей. Можа, яно і так, толькі як па мне, дык спадарожнік нашай планеты тут абсалютна ні пры чым. Бо ва ўсіх здарэннях, некаторыя з якіх з-за сваёй недарэчнасці былі б проста смешнымі, калі б не былі такімі сумнымі, чырвонай ніткай праходзіць тое, што іх аб'ядноўвае.

Вы не здагадваецеся, пра што я? Што ж, мяркуйце самі. Мінск. «Грузавы аўтамабіль наехаў на 38-гадовага пешахода, які знаходзіўся на праезнай частцы ў стане алкагольнага ап'янення. Пацярпелы быў шпіталізаваны і памёр у бальніцы». Івацэвіцкі раён. «Два нецвярозыя маладыя чалавекі ледзь не забілі гаспадара «Аўдзі» і яго пасажыра, спрабуючы завалодаць яго аўтамабілем. Яны папрасілі падвезці іх да суседняй вёскі. Калі машына спынілася, кухонным нажом ударылі пасажыра, а вадзіцелю нанеслі шэсць удараў па галаве. На шчасце, той усё ж сумеў выцягнуць ключ з замка запальвання і ўцячы»... Мазырскі раён. «Ноччу 27-гадовы мазыранін на чыгуначнай станцыі вырашыў не абыходзіць цягнік, а пралезці пад ім. Састаў рэзка крануўся, і малады чалавек апынуўся пад коламі. У выніку яму адрэзала абедзве нагі і тры пальцы на руцэ. Пацярпелы на момант здарэння быў выпіўшы». Любанскі раён. «П'яны вадзіцель не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль з'ехаў у кювет і перавярнуўся. У выніку пасажыр апынуўся ў бальніцы»... Хопіць? Чакайце, гэта яшчэ далёка не ўсё! Нават калі па загалоўках прабегчы: «П'яны мужчына ўтапіўся на Чыжоўскім вадасховішчы ў Мінску», «Прапаўшы без вестак жыхар Мінска аказаўся забітым у п'янай бойцы»... А ў вёсцы Лядавічы Іванаўскага раёна і зусім дэтэктыўная гісторыя здарылася: па незразумелых прычынах узарваўся жылы дом, а вельмі п'янага гаспадара з апёкамі пажарныя знайшлі на вышках у хляве...

Вось такая «п'яная» гісторыя. І гэта — за адны выхадныя ў адной невялікай краіне. А колькі дурных учынкаў засталося за кадрам, па-за зводкамі міліцыі і ратавальнікаў, бо, па шчаслівай выпадковасці, трагедыі не адбылося...

Не чакайце, што буду гаварыць пра тое, што з п'янствам трэба змагацца больш жорстка, што трэба забараніць або абмежаваць продаж спіртнога, узмацніць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць. Шмат што ў гэтым плане робіцца, гэтыя прапісныя ісціны ўжо нагналі аскому, а недарэчных нецвярозых гісторый, нярэдка з непапраўнымі наступствамі, менш не становіцца. Выходзіць, справа не толькі ў ступені даступнасці і цане алкаголю?..

І размова тут не толькі пра запойных п'яніц, алкаголікаў, якія ва ўсім свеце прызнаны хворымі людзьмі і якіх трэба лячыць і дзесьці нават, нягледзячы на іх непрыглядны твар, шкадаваць. Размова пра нас усіх — такіх «прыстойных», цвярозых, законапаслухмяных. Калі задумацца, нават у самай інтэлігентнай кампаніі самыя папулярныя гісторыі, якія здараюцца з некім з гэтай самай кампаніі і якія пасля ўспамінаюць са смехам і жартамі, — звязаны з алкаголем. Ледзь не ўсе смелыя, адчайныя ўчынкі, на якія не адважваемся гадамі, але здзейсніўшы якія, вельмі імі ганарымся, мы робім калі не «пад мухай», дык «глынуўшы для храбрасці». «Глытаючы», здымаем празмерны стрэс на працы, адзначаем радасную падзею (нібы радавацца проста, без «дабаўкі» ўжо і не ўмеем). «Знясіленыя» штодзённай аднастайнасцю, шукаем не спосаб, як разнастаіць жыццё, а «глытаючы» (вядома, зусім не шмат, для настрою). І на душы адразу робіцца весела і бесклапотна, і можна лёгка пайсці купацца на глыбіню, ледзь умеючы плаваць, сесці ў машыну і ціснуць, ціснуць на газ, ловячы адчуванне палёту, палезці пад цягнік, скарачаючы шлях, узбіцца куды на вышыню, каб сустрэць сонца... І калі пашанцуе і ўсё абыдзецца, стукаем сябе пяткай у грудзі, лашчым самалюбства: маўляў, я зусім не цвярозы зануда, а — о-го-го! Калі не пашанцуе і не абыдзецца — абыякавая інфармацыйная стужка папоўніцца яшчэ адным «п'яным» здарэннем.

«Зялёны дэман» пільнуе кожнага з нас. Камусьці проста шэпча жартаўліва: «З раніцы выпіў — дзень свабодны», камусьці, больш адукаванаму, падкідвае блокаўскае: «Я знаю: истина в вине». Камусьці падсоўвае таннае «чарніла», камусьці — дарагі каньяк. Сродкі розныя — вынік адзін: мы, самі таго не ўсведамляючы, хоць на некалькі хвілін трапляем да яго ва ўладу. І гэтыя некалькі хвілін ён робіць з намі, што хоча: з кімсьці проста гуляе, забаўляючыся, а кагосьці заманліва падштурхоўвае да апошняй рысы.

...Мы нядаўна з прыяцелькамі, сур'ёзнымі дзелавымі дамамі, за келіхам віна (выпілі толькі па келіху, дый віно было сухое і дарагое) згадвалі каторы раз даўнюю інтэрнацкую гісторыю. Як студэнткамі, выпіўшы вермуту, на прапанову хлопцаў, што жылі пад намі, пакаштаваць, чым «частуюцца» яны, спусцілі сяброўку з акна восьмага паверха ўніз галавой і трымалі яе за ногі, пакуль суседзі налівалі ёй нешта ў чарку... Бадай упершыню за гады, што прайшлі з таго выпадку, мы ўспаміналі яго без смеху, а з жахам. Можа, таму што ў некаторых ужо сваім дзецям па столькі, колькі было тады п'янаватым дурніцам? А можа, таму што ўпершыню «зялёны дэман», не тоячычыся, зазірнуў прама ў вочы?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.