Прафарыентацыйнай работай павінны займацца не толькі ВНУ
У вышэйшых навучальных установах распачаўся дадатковы набор на шэраг спецыяльнасцяў, дзе пасля асноўнага набору былі заняты не ўсе бюджэтныя месцы. Спецыяльнасці сельскагаспадарчага напрамку аказаліся ў гэтым спісе сярод першых. Аб прычынах падобнага недабору, аб тым, як можна выправіць сітуацыю, карэспандэнт «Звязды» гутарыць з рэктарам адной з вядучых сельскагаспадарчых ВНУ краіны — Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта — Вітольдам ПЕСЦІСАМ.
— Вітольд Казіміравіч, якія спецыяльнасці сёлета аказаліся найбольш і найменш запатрабаванымі?
1
— Наш універсітэт вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па трох кірунках: аграбіялагічны, тэхналагічны і эканамічны. Найбольш запатрабаванымі сёлета аказаліся спецыяльнасці тэхналагічнага і эканамічнага профілю, нават конкурс ёсць. Спецыяльнасці аграрнага профілю былі менш папулярнымі сярод абітурыентаў. Але, тым не менш, набор на бюджэтныя месцы забяспечаны поўны, за выключэннем агранаміі і заатэхніі. Я абсалютна ўпэўнены, што кантрольныя лічбы выканаем, бо праведзена вялікая прафарыентацыйная работа. Ужо да пачатку дадатковага набору ёсць заявы на пакуль вольныя месцы.
Пры гэтым выклікае непаразуменне, што на бюджэтную форму навучання мінімальная «планка» балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання зніжана, а на платную засталася ранейшай. Хаця, здавалася б, яны павінны быць у правах ураўнаваны. Калі нічога не зменіцца, мы не набяром чалавек 300 на платную форму навучання.
— Чым выклікана меншая зацікаўленасць моладзі ў такіх прафесіях, як аграном, заатэхнік і ветурач?
— Напэўна, спецыфікай гэтай працы — вельмі напружанай, адказнай. Моладзь бачыць гэта, калі старэйшыя студэнты бываюць на практыцы, пра гэта ў вёсках гавораць бацькі. Хаця ёсць нямала прыкладаў, калі ў нядаўніх выпускнікоў нашага ўніверсітэта ўсё складваецца выдатна — і зарплата вельмі добрая, і жыллёвыя, іншыя сацыяльныя ўмовы дастойныя. Гэта яны самі пацвярджаюць на ўжо традыцыйных злётах маладых спецыялістаў Гродзеншчыны. З іншага боку, калі ў гаспадарках належнага клопату аб маладых кадрах не праяўляюць, то яны, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, з'язджаюць.
Сёння вельмі важнае значэнне мае правільная прафарыентацыйная работа. І займацца ёй, мяркую, павінны не толькі ВНУ, але і, так бы мовіць, спажыўцы нашых адукацыйных паслуг. Недастаткова звярнуцца ва ўніверсітэт з просьбай накіраваць агранома, заатэхніка ці ветурача. А што вы самі зрабілі, каб нехта з вашага раёна вучыўся па гэтых спецыяльнасцях? Так, ёсць прыклады, калі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў пачынаюць падрыхтоўку сваіх будучых кадраў яшчэ ў школе — нават плацяць дзецям, якія добра вучацца, стыпендыю, а потым накіроўваюць у аграрную ВНУ. Але, на жаль, такую зацікаўленасць праяўляюць далёка не ўсюды.
— Адна з «фішак» Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, як вядома, у забеспячэнні ўсіх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах. А якія яшчэ аргументы на яго карысць?
— Ёсць такая стандартная фраза аб стварэнні ўсіх ўмоў для раскрыцця патэнцыялу асобы. Але ж у нас так і ёсць, сапраўды створаны ўсе ўмовы, каб малады чалавек сябе праявіў. І не толькі ў вучобе, дзякуючы выкладчыкам — сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, але і ў навукова-даследчай рабоце, грамадскай дзейнасці, мастацкай самадзейнасці, спорце. У прыватнасці, мы маем магчымасці эфектыўнага супрацоўніцтва са шматлікімі навуковымі цэнтрамі ў нашай рэспубліцы і за мяжой, праходжання вытворчай практыкі на лепшых беларускіх прадпрыемствах і ў фермерскіх гаспадарках Польшчы, Германіі і іншых краін. Асноўны ўпор у падрыхтоўцы спецыялістаў робім менавіта на практычны складнік, тым больш што амаль усе нашы выкладчыкі цесна звязаны з вытворчасцю, працуючы па тых ці іншых гаспадарчых дагаворах. Такім чынам, у студэнтаў ёсць магчымасці не толькі тэорыю спасцігнуць, але і быць у курсе праблем рэальнай эканомікі, а пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаць гарантаванае рабочае месца па запатрабаванай спецыяльнасці.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?