Вы тут

Вікторыя Азаранка: толькі наперад!


Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (№ 17 рэйтынгу ВТА) у цяжкім матчы чацвёртага круга абыграла 21-гадовую сербскую тэнісістку Аляксандру Круніч (№ 145) і выйшла ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе.

Паядынак працягваўся 2 гадзіны 19 хвілін. Аляксандра Круніч, якая ў папярэдняй сустрэчы сенсацыйна выбіла з барацьбы чацвёртую ракетку свету і пераможцу Уімблдона-2014 чэшку Петру Квітаву, даказала, што той поспех, як і яшчэ дзве перамогі на турніры, былі не выпадковымі (да US Open-2014 яна ні разу не выйгравала ў матчах асноўнай сеткі Вялікага шлема!).

Нягледзячы на хваляванне і няўдалы для сербкі пачатак першага сэта, па ходзе якога Азаранцы ўдалося захапіць лідарства (3:0), Круніч здолела не толькі адыграцца, але і ў напружаных двух апошніх геймах вырваць перамогу ў стартавай партыі.

У другім сеце лідарства захапіла ўжо Круніч (1:0, 2:1, 3:2), якая дзейнічала разнастайна і прыстойна паганяла саперніцу па корце. У шостым гейме пры ліку 3:2 на сваю карысць сербка пасля падачы Вікторыі запрасіла відэапаўтор, але аказалася, што мяч трапіў у корт. Так лік зраўняўся (3:3). Гэты момант выбіў Круніч з каляіны, і наступныя два геймы засталіся за беларускай (5:3). Аднак лёгка даціснуць апанентку не ўдалося. Наступныя два геймы былі вельмі складанымі - у адным з іх больш удачлівай была Круніч, а затым поспех аказаўся на баку Азаранкі, якая зраўняла лік па партыях - 1:1.

У вырашальным трэцім сэце спачатку наперад вырвалася Азаранка - 2:0, аднак у наступных трох геймах Круніч умела скарысталася памылкамі беларускі і пераламала ход падзей - 3:2. Але вопыт усё ж узяў верх над маладосцю - рука ў беларускі ў ключавыя секунды апынулася цвярдзейй.

Статыстыка матчу Азаранка - Круніч - 4:6, 6:4, 6:4

Адзначым 6 эйсаў Круніч пры адсутнасці такіх у Азаранкі. Акрамя таго, беларуска зрабіла больш памылак - як падвойных, так і нявымушаных і саступіла па ліку вінерсаў.

Нагадаем, што у папярэдніх раўндах цяперашняга US Open Вікторыя Азаранка ўзяла верх над японскай тэнісісткай Місакі Доі (№ 90) - 6:7 (3:7), 6:4, 6:1, затым абыграла амерыканку Крысціну Макхэйл (№ 43) - 6:3, 6:2  і расіянку Алену Весніну (№ 56) - 6:1, 6:1.

У чвэрцьфінале Азаранка згуляе з расіянкай Кацярынай Макаравай (№18), якая даволі нечакана абыграла 8-ю ракетку свету канадку Эжэн Бушар - 7:6 (7:2), 6 4. Раней Азаранка тройчы выйгравала ў Макаравай і двойчы цярпела паражэнні, у тым ліку ў іх папярэдняй вочнай дуэлі на турніры ў Мадрыдзе ў 2013 годзе.

Склад іншых чвэрцьфінальных пар: Серэна Уільямс (№1, ЗША) - Флавія Пенета (№12, Італія), Белінда Бенчыч (№58, Швейцарыя) - Пэн Шуай (№39, Кітай), Каралін Вазняцкі (№11, Данія) - Сара Эрані (№14, Італія).

У выпадку поспеху ў маючых адбыцца паядынках ў паўфінале могуць сысціся фіналісткі двух папярэдніх гадоў Вікторыя Азаранка і Серэна Уільямс. У 2012 і 2013 гадах Азаранка абодва разы саступіла Серэне Уільямс у вырашальных паядынках US Open.

З тэнісістак наймацнейшай дзясяткі сусветнага рэйтынгу выступленні на US Open ужо завяршылі румынка Сімона Халеп (№2), полька Агнешка Радваньска (№5), немка Ангеліка Кербер (№7), канадка Эжэн Бушар (№8), сербка Ана Іванавіч (№9 ) і расіянка Марыя Шарапава (6), якая прайграла датчанцы Каралін Вазняцкі (№11).

Яшчэ дзве беларускі ўжо завяршылі выступленні ў Нью-Ёрку. Упершыню ў кар'еры прабілася ў асноўную сетку турніраў серыі Вялікага шлема 20-гадовая Аляксандра Сасновіч (№ 120) - у першым раўндзе перайграла славачку Ганну Шмідлаву (№ 67) - 6:4, 6:3, але затым саступіла 11-й ракетцы планеты Каралін Вазняцкі з Даніі - 3:6, 4:6. Адзначым, што для выхаду ў асноўную сетку Сасновіч прыйшлося пераадолець тры кругі кваліфікацыі.

Вольга Гаварцова (№ 117) прайграла ўжо ў стартавым паядынку 8-й ракетцы свету канадцы Эжэн Бушар - 1:6, 2:6.

У мужчынскім парным разрадзе Максім Мірны разам з расіянінам Міхаілам Южным выбылі ўжо ў стартавым раўндзе, саступіўшы мацнейшаму дуэту планеты - братам Бобу і Майку Брайнанам з ЗША.

У змешаным разрадзе беларус Максім Мірны разам з прадстаўніцай Тайваня Хао-Чын Чань дайшоў да другога круга, склаўшы зброю ў сустрэчы з аўстралійцамі Эшлі Барці/Джон Пірс.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.