Сёння ад сцен галоўнага корпуса БДПУ імя М. Танка стартуе маладзёжны праект «Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця». Яго ініцыятарамі выступіла кіраўніцтва галоўнай педагагічнай ВНУ краіны і веласіпедны брэнд AІST.
Старт праекта прымеркаваны да 100-годдзя БДПУ і Дня горада. Яго галоўная задума — далучэнне студэнтаў да актыўнага ладу жыцця і сучаснага, еўрапейскага, разумення велакультуры. Гарадскі веласіпед — гэта не толькі здорава і карысна, але і прыгожа, модна, а галоўнае, камфортна.
З рук рэктара БДПУ і прадстаўнікоў ААТ «Мотавела» студэнтам будзе перададзена 100 новых гарадскіх веласіпедаў. Менавіта на іх у суправаджэнні вядомых спартсменаў студэнты праедуць па запланаваным маршруце. Далей — болей: маладзёжны праект «Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця» паскорыць свой рух. Яго працягам стануць шматлікія акцыі, адна з якіх — «100 кіламетраў да 100-годдзя БДПУ». Кожную суботу на працягу двух месяцаў будучыя педагогі і навучэнцы педагагічных класаў 20-й сталічнай гімназіі будуць сустракацца на веладарожках Мінска. Да юбілею ўніверсітэта, які адзначаецца ў лістападзе, удзельнікам акцыі прапануюць праехаць на веласіпедзе 100 кіламетраў. А тыя з іх, якія адолеюць 200 кіламетраў, атрымаюць у падарунак веласіпед AІST ад рэктара БДПУ Аляксандра Жука. На ім можна будзе ездзіць ва ўніверсітэт на заняткі.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Даведка
У 2012 годзе на веласіпедах AІST беларускія спартсмены ўстанавілі алімпійскі рэкорд і два нацыянальныя рэкорды на велатрэку на Алімпіядзе ў Лондане. AІST з'яўляецца тэхнічным партнёрам нацыянальнай каманды Беларусі па веласпорце. Сёлета веласіпедны брэнд AІST быў прызнаны «Народнай маркай Беларусі».
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?