Дзень ратаўніка ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшоў незвычайна. Кожны з прысутных мог адчуць на сабе, што ж такое праца ратаўніка ў задымленым памяшканні, ці патрэніравацца на манекене аказаць першую дапамогу. Зрабіў гэта і карэспандэнт «Звязды».
У дыме
У фае Акадэміі кіравання разгарнулася тэматычная экспазіцыя, прысвечаная барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі ў сучасных умовах. Наведвальнікі ўстановы на свае вочы пабачылі экіпіроўку ратаўнікоў, пазнаёміліся з прыборамі цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны. А побач з трэнажорамі-манекенамі для аказання першай медыцынскай дапамогі была размешчана і дымаімітуючая ўстаноўка.
— Ці не хочаце зайсці ў палатку? Адчуеце непасрэдна, як мы працуем на выездзе, — пасміхаюцца ратаўнікі.
Згаджаюся і пачынаю апранаць экіпіроўку. З непрывычкі не адразу спраўляюся з металічнымі зашпількамі ў куртцы з вогнеўстойлівага матэрыялу. За спіну ратаўнікі вешаюць балон са сціснутым паветрам. На галаву з цяжкасцю ўзлазіць кіслародная маска. Паверх яе — шлем. Рухі крыху скаваныя, бо заўважна пагрузнеў (толькі пасля даведаўся, што амуніцыя важыць кілаграмаў дваццаць). Бяру ў рукі святлодыёдны ліхтарык. Ад яго асляпляльнага бляску навакольныя жмурацца. Разварочваюся на 180 градусаў і заходжу ў палатку, поўную імітатару дыму. Прамень магутнага ліхтарыка прабівае дарогу, магчыма, на два-тры дзясяткі сантыметраў наперадзе. А менавіта ў такіх умовах часта і ратуюць жыцці падчас пажараў у жытле. Толькі калі я магу сабе дазволіць перасоўвацца па палатцы няспешным крокам, то ў ратаўнікоў адлік часу ідзе на секунды, каб зарыентавацца і выцягнуць чалавека на свежае паветра…
Ратаўнікі высокай кваліфікацыі
Таксама ў Дзень ратаўніка кіраўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Уладзімір Вашчанка і Марат Жылінскі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Цяпер у краіне будуць рыхтаваць высокакваліфікаваных кіраўнікоў па пытаннях абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый як прыроднага, так і тэхнагеннага характару, а таксама вядзення грамадзянскай абароны. Таксама бакі плануюць абменьвацца тэарэтычнай і практычнай інфармацыяй, якая дапаможа папярэджваць і ліквідаваць такія здарэнні.
— Армія ратаўнікоў у краіне вельмі вялікая. Планку ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў мы трымаем высока, але хочам дапоўніць вучэбны працэс кіраўніцкім кампанентам, — сцвярджае міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір ВАШЧАНКА. — Час пастаянна вымушае карэктаваць запас прафесійных ведаў у тым ліку і тым, хто кіруе пытаннямі бяспекі ўжо непасрэдна на месцах. Галоўнае для нас сёння — гэта не толькі паўплываць на свядомасць людзей, але і прывіць ім разуменне таго, што пра ўласную бяспеку ніхто лепш за іх саміх не паклапоціцца. Са свайго боку мы пастаянна праводзім разнастайныя мерапрыемствы, дзе дзелімся сакрэтамі сваёй працы і дэманструем тэхніку. Што да кіраўнікоў, то кожны з іх мусіць забяспечваць бяспеку свайго калектыву. Але практыка паказвае, што ўзровень гэтай адказнасці разумее не кожны…
Паркоўкамі зоймецца Генпракуратура?
Вельмі набалелая тэма для перапоўненага Мінска — бессістэмная паркоўка аўтамабіляў жыхарамі ў дварах. Яна прагучала на вучэбным семінары па пытаннях забеспячэння пажарнай бяспекі і папярэджання надзвычайных сітуацый для дзеючых і будучых кіраўнікоў.
З аднаго боку, многія кіроўцы жадаюць бачыць свайго жалезнага каня з вокнаў уласнай кватэры ці офіса, нават не разглядаючы ў якасці альтэрнатывы спецыялізаваныя стаянкі, калі яны і ёсць. Ці пакідаюць машыну «на пяць хвіліначак». Але месца пад вокнамі хопіць далёка не ўсім. І ці многія кіроўцы, паркуючы аўто, думаюць пра магчымы праезд ратавальнай тэхнікі?
У лістападзе мінулага года ў Мінску гарэла кватэра ў адным са шматпавярховікаў у спальным раёне. Доступ тэхнікі да месца пажару быў ускладнены абы-як прыпаркаванымі ў двары аўтамабілямі. Калі ратаўнікі ўсё ж дабраліся да палаючай кватэры і патушылі пажар, яны знайшлі там два трупы…
— На жаль, ёсць выпадкі, калі немагчымасць праезду стварае праблему пры ліквідацыі пажараў і эвакуацыі людзей, — гаворыць Уладзімір Вашчанка. — Таму мы вынеслі гэтае пытанне на разгляд у Генеральнай пракуратуры. Няпроста адказаць, як гэтую праблему можна вырашыць. Відавочна, тут ёсць прэтэнзіі не толькі да кіроўцаў, але і да тых, хто праектаваў прылеглую да будынкаў тэрыторыю, памыліўшыся ў прагнозе на будучыню. Колішняя норма ў адно машынамесца на чатыры кватэры працавала, калі аўтамабіль быў маладасяжнай пакупкай, а не сродкам перасоўвання. А цяпер гэта ўплывае і на нас. У многіх сем'ях ёсць па два аўтамабілі і нават больш. Можа, і аднаго машынамесца на кватэру ўжо будзе недастаткова? Праблема доступу праз няправільна прыпаркаваныя аўто перашкаджае не толькі нам, але ад гэтага не лягчэй…
Валяр'ян ШКЛЕННІК
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?