Вы тут

Дваццаць дакументаў замест пяці даводзіцца запаўняць педагогам


«Тэма далейшага развіцця сістэмы адукацыі аказалася апошнім часам у цэнтры шматлікіх дэбатаў і дыскусій. Аналізам стану спраў у адукацыі займаліся тры спецыяльна створаныя для гэтага камісіі. Меркаванняў наконт шляхоў удасканалення работы галіны ў грамадстве шмат. Чаго хаваць: вучыць і даваць парады ў нас умеюць усе... Але пытанні і праблемы ёсць, і іх трэба вырашаць, — заявіла на калегіі Міністэрства адукацыі, дзе падводзіліся вынікі работы галіны за папярэдні год, намеснік прэм'ер-міністра краіны Наталля КАЧАНАВА. — Прычым вырашаць планамерна... Нельга дапускаць ніякіх шараханняў. У нас павінен быць дакладны план дзеянняў па ўдасканаленні сітуацыі ў адукацыі».

Наталля Качанава паведаміла, што ў 2015 годзе завяршаецца тэрмін многіх дзяржаўных праграм у адукацыі: «Я лічу, што трэба мяняць падыходы да іх стварэння. Неабходна распрацаваць адну дзяржаўную праграму, якая б акумуліравала развіццё дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі».

Па словах віцэ-прэм'ера, нягледзячы на лічбы, што былі закладзеныя ў папярэднюю праграму па развіцці дашкольнай адукацыі, напружанасць з забеспячэннем месцамі ў дашкольных установах захавалася. Сёння для таго, каб задаволіць усіх, хто мае патрэбу ў дзіцячых садках, і ліквідаваць чаргу, нам не хапае 143 дашкольных устаноў. «Таму хацелася б звярнуць увагу намеснікаў старшыняў абласных выканкамаў, якія прысутнічаюць на калегіі, на гэту праблему. Трэба ўважліва вывучыць сітуацыю з будаўніцтвам дзіцячых дашкольных устаноў у вашых рэгіёнах. Галоўнае — сацыяльная інфраструктура павінна ісці наперадзе будаўніцтва жылля, а не наадварот, як гэта адбываецца сёння».

«Ключавая фігура ў адукацыі — асоба выхавальніка, настаўніка і выкладчыка, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Там, дзе працуе сапраўды педагог, бачныя і вынікі...»

Разам з тым першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ выказаў занепакоенасць кадравай сітуацыяй: «Крытычнай з'яўляецца недастатковая падрыхтоўка педагагічных кадраў, абумоўленая як нізкім узроўнем падрыхтоўкі абітурыентаў, так і якасцю адукацыйнага працэсу ў ВНУ, што ў выніку негатыўна ўплывае на імідж настаўніка ў грамадстве». Асобная праблема, па яго словах, гэта дадатковая нагрузка на настаўнікаў, звязаная з выкананнем неўласцівых педагогам функцый і папяровай бюракратыяй.

Па выніках маніторынгу, што праводзіла Міністэрства адукацыі, колькасць дакументаў, якія запаўняюць настаўнікі-прадметнікі, дасягае 20, а на класных кіраўнікоў кладзецца яшчэ большая папяровая нагрузка. Пры тым, што ва ўстаноўленным Міністэрствам пераліку для прадметнікаў прадугледжаны чатыры дакументы, а для класных кіраўнікоў — пяць.

— Прамая адказнасць і абавязак па кіраванні гэтымі папяровымі патокамі ляжыць на тэрытарыяльных органах кіравання адукацыяй. Усе гэтыя дакументы патрабуюцца, перш за ўсё, на тэрытарыяльным узроўні, таму настойлівая просьба да кіраўнікоў сістэмы адукацыі на месцах — кантраляваць і ўпарадкаваць паток даручэнняў, — дадаў Вадзім Богуш.

Па словах міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, больш пільнае вывучэнне сітуацыі з «паперавытворчасцю» паказала, што «не ўсё так проста, ёсць шмат падводных камянёў і звязаных з гэтым акалічнасцяў». І ўсё ж новы кіраўнік адукацыйнага ведамства спадзяецца рассекчы клубок праблем і даць, нарэшце, педагогам палёгку.

Міхаіл Жураўкоў таксама паведаміў, што ёсць намер стварыць пры Міністэрстве адукацыі Рэспубліканскі савет маладых педагагічных, выкладчыцкіх і навуковых кадраў. Гэта форма работы будзе ўзаемна карысная як для міністэрства, так і для педагогаў. У прыватнасці маладыя настаўнікі і выкладчыкі змогуць дзяліцца сваім бачаннем праблем у адукацыі і шляхамі іх вырашэння на самым высокім узроўні і быць упэўненымі, што іх пачуюць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.