Вы тут

Чэмпіёнка... па шыцці


Пра тое, як нашы Казань заваявалі

Ньюсмейкерам у галіне моды ў апошнія месяцы стаў... Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці. Спачатку адна з яго вучаніц заняла прызавое месца на «Млыне моды». А праз колькі дзён іншая студэнтка, Вольга ЗАКРЭЎСКАЯ, атрымала «золата» на чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkіlls краін СНД у кампетэнцыі «Дызайн адзення» (ну, цяпер вы разумееце, у каго трэба сукенкі заказваць!). Як стаць найлепшай майстрыхай? Пра гэта мы вырашылі даведацца ад самой Вольгі. Дзяўчыну заспелі за працай у майстэрні каледжа. Паўсюль — на машынках, побач з манекенамі, на прасавальнай дошцы — расклеены стыкеры з англійскімі словамі. «Рыхтуюся да чэмпіянату свету ў Бразіліі, — тлумачыць Вольга. — Там усе заданні будуць на англійскай мове, таму трэба тэрмінамі авалодаць».

18-16

— Дома ты цяпер, напэўна, славутасць?

— Так, у вёсцы Капачы Магілёўскай вобласці, адкуль я прыехала, усе мяне пазнаюць і віншуюць. Ніхто ж не думаў, што чалавек з глыбінкі зможа прабіцца. Прыемна, калі аднавяскоўцы падтрымліваюць.

— Як праходзіў турнір WorldSkіlls у Казані?

— Былі тры модулі. Спачатку мы шылі спадніцу: здымалі вымярэнні з манекена, рабілі чарцёж і лякала, раскройвалі... На ўсё — восем гадзін. Наступнае заданне — задэкарыраваць майку. Удзельнікам выдавалася аднолькавая фурнітура — гузікі, маланкі. Я прарэзала сілуэт дзяўчыны, а каб аздобіць ёй валасы, выкарыстала некалькі тэхнік — «ракако», вышыўку стужкамі, тамбурнае шво. Каўнерык дзяўчыне зрабіла з моднай цяпер «локшыны» — нарэзанай махрамі тканіны. Чым больш разнастайнымі тэхнікамі ты валодаеш, чым больш матэрыялаў выкарыстоўваеш, тым вышэйшы бал атрымаеш ад журы. Праўда, тут ёсць небяспека: калі возьмеш усю фурнітуру, атрымаецца «каша»... Апошнім заданнем стала наколка жакета (метад мадулявання адзення на манекене. — Аўт.). За восем гадзін пінжак неабходна было сфастрыгаваць і падрыхтаваць да прымеркі.

— Перад чэмпіянатам шмат трэніравалася?

— Вядома. У гэтай справе шмат што залежыць ад практыкі. Нашу каманду рыхтавала выкладчыца каледжа Ірына Уладзіміраўна Марозава. Мы ведалі толькі агульныя рысы заданняў, якія чакалі нас на турніры. Таму трэніраваліся шыць розныя спадніцы, глядзелі, якая тэхналогія больш эканомная і хуткая. Майкі, на якіх практыкавалі дэкор, набывалі самыя танныя, бо за дзень штук
15 расходавалі.

18-17

 

— Слухай, чаму выдатніца (у Вольгі сярэдні бал быў 9,2. — Аўт.) выбрала швейны каледж, а не ВНУ?

— Я прыйшла па прафесію. Можна было б паступіць у Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт на дызайнера, але я хацела асвоіць тэхналогію працы з самых азоў, каб быць кваліфікаваным спецыялістам і ўмець рабіць усё — ад зарысоўкі да пашыву.

— Шыць спрабавала яшчэ ў школьныя гады?

— З сёмага класа я ўдзельнічала ў алімпіядах па працоўным навучанні. Займала высокія месцы на вобласці і на ўзроўні рэспублікі. Шыць сабе адзенне пачала ў 16 гадоў. Вядома, я не ведала ніякага канструявання, таму рабіла так, як уяўляла сама. Потым, ужо ў каледжы, навучылі і чарцяжы маляваць, і вытачку разлічваць.

— У тваім гардэробе шмат адзення ўласнага пашыву?

— Хапае. Раблю сабе сукенкі на кожны выпадак. Ёсць нават такія, што стварыла па натхненні і яшчэ ні разу не надзела. Падабаецца працаваць над паліто, я іх ужо больш за 10 адшыла. На першае патраціла тры тыдні, цяпер атрымліваецца значна хутчэй. Апошняе паліто, простай канструкцыі, рабіла для мамы: за тры гадзіны яго раскроіла і за пяць пашыла. Колькі часу пойдзе на стварэнне рэчы, залежыць ад складанасці вырабу. Бывае, простая сукенка і за пару гадзін гатовая, а калі з драпіроўкай — больш за два дні прасядзець над ёй можна.

— Тыповая дзявочая праблема — «няма чаго апрануць» — у цябе ўзнікае?

— Здараецца, але пытанне вырашаецца хутка. Іду ў краму і набываю тканіну. Тым больш сёння нескладана знайсці розную фурнітуру і ўпрыгажэнні на адзенне. Я пастаянна шыю сама, паколькі часам хочаш пэўную рэч, уяўляеш, як яна павінна выглядаць, але ў продажы такой няма. Прыгадваю, якія дэталі цікавыя бачыла, напрыклад, нейкі каўнерык ці выраз, і так збіраю вобраз. Ідэямі з модных паказаў таксама часам карыстаюся. Але не бывае такога, каб я пашыла рэч дакладна, як на фота ў часопісе: усё роўна штосьці змяняю, дабаўляю свае дэталі.

— Крамы адзення часта наведваеш?

— Магу зайсці паглядзець, што новенькае з'явілася на рынку, каб для сябе цікавыя ідэі знайсці, ведаць, што прапаноўваць кліентам. Як на экскурсію.

— Брак у адзенні, напэўна, бачыш адразу?

— Раней не звяртала ўвагі на вопратку іншых людзей, а цяпер у вочы кідаецца, калі какетка крыва прышыта ці пасадка не такая. Найбольш распаўсюджаны брак у масавай вытворчасці — гэта смецце (неабрэзаныя і незапраўленыя ніткі). Беларускія фірмы, тыя ж «Калінка», «Элема», такога звычайна не дапускаюць, у дарагіх буціках падобныя недахопы таксама рэдка сустрэнеш. Затое ў адзенні, што прадаецца на рынку, столькі дэфектаў! І зрэзы не апрацаваныя, і нават рукавы левы з правым могуць быць пераблытаны.

— Ужо атрымліваеш заказы ад сябровак?

— Так, дзяўчаты прыходзяць сукенкі пашыць. Звычайна на першай прымерцы, калі дэталі яшчэ толькі раскроены і змацаваны на чарнавую, яны хвалююцца, каб закончаны выраб на іх добра глядзеўся. Большасць з кліентаў жа, у адрозненні ад швачак, не могуць уявіць, якой гэтая рэч атрымаецца ў выніку. Галоўны эксперт для мяне — мама. У асноўным для яе шыю, бо яна можа вытрымаць усё (усміхаецца). Часам штосьці не атрымліваецца, пачынаю эксперыментаваць — і мама стаіць, маўчыць, церпіць да канца.

— Чым пасля каледжа збіраешся заняцца?

— Думаю пайсці на завочнае ў ВНУ. А пасля адпрацоўкі па размеркаванні хацелася б сваю справу адкрыць, што-небудзь творчае.

— Што, на тваю думку, самае складанае ў швейным майстэрстве?

— «Пасадзіць» выраб на заказчыка. Можна якасна пашыць, але калі рэч не падыдзе ідэальна, чалавек будзе адчуваць сябе ў ёй некамфортна. Нас у каледжы, дарэчы, вучаць, як правільна працаваць з кліентам. Напрыклад, каб зацікавіць заказчыка з самага пачатку, трэба паказаць яму добрую зарысоўку. А каб карэктна патлумачыць чалавеку, які фасон падыдзе для яго фігуры, лепш акцэнтаваць увагу на тым, што трэба падкрэсліць, а не якія недахопы схаваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.