Вы тут

Міхаіл Арцем'еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»


Мы чакалі чалавека ў строгім пінжаку, гальштуку «пад самую шыю» і з чорным скураным партфелем. Як-ніяк доктар хімічных навук, загадчык лабараторыі нанахіміі Белдзяржуніверсітэта, самы цытуемы беларускі навуковец. А ён аказаўся па-еўрапейску зручна і проста апранутым, па-беларуску ветлівым і шчырым з намі, сваімі суразмоўцамі. Міхаіл Арцем'еў расказаў «Звяздзе», для чаго трэба даваць волю сваім вучням, якім чынам лепей скарыстоўваць вандроўкі за мяжу і чаму варта працаваць у роднай краіне.

Безимеdcни-1

фото Сергея Нікановіча

— Так бы мовіць, знешне наша навука не такая прыгожая і прывабная, як гэта бачыцца прыхільнікам серыяла «Тэорыя вялікага выбуху», — жартуе Міхаіл Валянцінавіч і паказвае сваю лабараторыю. — У нас ёсць некалькі цэнтрыфуг, мяшалак і спектрометр, з дапамогай якога можна вызначаць колер нанакрышталяў і іх колькасць. Не ўсе даследаванні мы можам рабіць самі. Некаторыя праводзім, напрыклад, у нашых партнёраў у Германіі, Іспаніі, Расіі і іншых краінах. Але абсталяванне, якое вы бачыце, толькі бляклае аздабленне. Сапраўдная навука знаходзіцца ў галаве кожнага навукоўца.

— Раскажыце, калі ласка, над чым зараз працуюць у лабараторыі...

— Асноўныя аб'екты нашых даследаванняў — гэта наначасціцы розных матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца для стварэння тэхнікі, напрыклад, у дысплэях новага пакалення. Некалькі месяцаў таму кампанія Samsung анансавала першы ў гісторыі тэлевізар на нанакрышталях. Экран сучаснага тэлевізара складаецца з мікраскапічных кропак чырвонага, сіняга і зялёнага колераў. Перад кожнай з іх стаяць спецыяльныя затворы з вадкіх крышталёў. Яны ці пускаюць святло, ці не. Калі ўсе тры адкрытыя — вока гэта бачыць як белае. Так створаны сучасныя лінзы. Кампанія Samsung вынайшла новую тэхналогію. Яна замест святлафільтраў усталявала нанакрышталі, якія свецяцца тымі ж трыма колерамі, калі падсвечваць іх ультрафіялетам. Так званы эфект люмінесцэнцыі. Мы ствараем новыя матэрыялы з унікальнымі ўласцівасцямі такога кшталту. Кампанія Samsung штогод аб'яўляе грантавы конкурс на фундаментальныя прарыўныя праекты з арыгінальнымі навуковымі ідэямі, якія калі-небудзь у няблізкай перспектыве змаглі б прынесці прыбытак. Мы збіраемся паўдзельнічаць у ім і распрацоўваем новыя матэрыялы для тэлевізараў апошняга пакалення.

— А дзе яшчэ могуць выкарыстоўвацца наначасціцы?

— У звышадчувальнай дыягностыцы захворванняў. Гэтым займаецца не толькі лабараторыя нанахіміі БДУ, але і шматлікія навуковыя групы ў свеце. Цяпер такія даследаванні праходзяць у межах флюарэсцэнтнага імунааналізу. Бярэцца нейкі клетачны матэрыял, напрыклад, кроў, і высвятляецца, ёсць у ёй нездаровыя клеткі ці няма. Для гэтага ўводзяць спецыяльны маркер — малекулу-фарбавальнік. Да яго прышываецца бялковая малекула, так званае антыцела, якое дакладна распазнае сваю клетку і пасля свеціцца пад ультрафіялетам патрэбным колерам.

Каля 15 гадоў таму было прапанавана замест іх выкарыстоўваць нанакрышталі. Таму што, у адрозненне ад фарбавальнікаў, мы можам мяняць колер часціц, рухаць так званую паласу люмінесцэнцыі па шырокім спектральным дыяпазоне. Акрамя таго, гэта паскарае працэс вызначэння шкодных клетак ад месяца да некалькіх дзён. Але з іншага боку, наначасціцы непрадказальныя. Невядома, як яны сябе павядуць у арганізме чалавека. Дагэтуль іх тэсціравалі толькі на жывёлінах.

— Гучыць эвалюцыйна!.. Калі зірнуць праз прызму гісторыі, наколькі магчымы і патрэбны былі нанадаследаванні сто гадоў таму? Ці гэта выключная прывілея сучаснасці?

— Некалькі стагоддзяў таму карыфеі ад навукі працавалі ў адзіночку. За гэта ім ніхто не плаціў, таму ў навукоўцаў павінны былі быць пабочныя даходы.

Сучасная навука пабудавана на зусім іншых прынцыпах. Па-першае, яна вельмі дарагая. Інструмент, які на нанаметровым узроўні дазваляе вызначыць элементны склад часціц і з дапамогай якога калегі ў Іспаніі даследуюць нанакрышталі з нашай лабараторыі, каштуе некалькі мільёнаў еўра. Не кожны можа сабе такое дазволіць. Па-другое, навука стала надзвычай высока спецыялізаванай. Увогуле, вынаходствы з прыстаўкай «нана» — гэта выключна міждысцыплінарныя даследаванні. Калі раней Н'ютан сам ставіў эксперыменты і вопыты, то цяпер нават у межах адной групы зрабіць усё самім нерэальна.

Чалавецтва назапасіла столькі ведаў, што атрымаць іх усе адразу фізічна непадуладна. Таму ўніверсальных вучоных сёння амаль няма. У кожнага ёсць спецыялізацыя. Толькі хтосьці разважае больш шырока і бачыць сваю дзейнасць глабальна, а хтосьці думае пра невялікія задачы.

— Тое ж самае адбываецца не толькі ў навуцы, але і ў культуры...

— Бадай, што так. І ў спорце таксама. Па-трэцяе, існуе неабходнасць фактычна штодзённа тлумачыць заказчыкам, а ў нашым выпадку гэта найчасцей дзяржава, навошта патрэбны гэтыя даследаванні. Чаму падаткаплацельшчык павінен аддаваць свае грошы на тое, чым займаюцца навукоўцы. Калі заказ робіць фірма, то афармляецца так званая падача гранта. Па ім сродкі выдзяляюцца на канкрэтныя праекты па стварэнні новых прыкладных тэхналогій. А ёсць фундаментальная навука, і яе найчасцей фінансуе дзяржава і толькі ў невялікай частцы — бізнес. Бо яна — базіс, на якім будуецца ўся эканамічная моц любой краіны. На фундаментальнай навуцы базіруюцца новыя тэхналогіі прыкладной навукі.

— Без чаго фундаментальная навука не можа існаваць?

— Без людзей, якія любяць сваю працу, без аптымізму, адкрытасці і камунікабельнасці. Без добразычлівасці да сваіх калег і нават канкурэнтаў. А яшчэ без удзелу навукоўцаў у канферэнцыях. На іх адбываецца ў першую чаргу абмен інфармацыяй. Мы пачынаем разумець, што робяць іншыя групы, узаемна ўзбагачаемся і пры гэтым выкарыстоўваем магчымасць прарэкламаваць сваю працу і краіну ўвогуле. Гэта важна не толькі з пункту гледжання рэнамэ дзяржавы і беларускай навукі, таму што ў працэсе глабалізацыі апошняе вылучыць даволі няпростая задача, але і з боку камунікацыі паміж вучонымі. Такім чынам завязваюцца кантакты, ідзе абмен ідэямі. У адных яны ёсць, а другія згодны іх рэалізаваць. Імкненне зрабіць сумесны праект часта выліваецца ў новыя даследчыя вынікі. Калі гэтага абмену не адбываецца, то навука ператвараецца ў правінцыяльную. Яна не можа выйсці на сусветны ўзровень. Навукоўцы вынаходзяць веласіпед ці яшчэ горш — займаюцца лжэнавукай, бо не атрымліваюць належнай крытыкі ад іншых школ.

Да гэтага ж пытання адносяцца публікацыі ў навуковых часопісах — пагалоска для кожнага вучонага. У постсавецкіх краінах накшталт Беларусі і Расіі большасць вучоных знаходзіцца ўжо ў сталым узросце і ім складана адшукаць сабе месца ў ранжыроўцы па колькасці цытавання. Тут пытанне перш за ўсё моўнае. У савецкі час працы друкаваліся па-руску, на Захадзе былі вядомы з іх толькі самыя выбітныя. Пры гэтым даследаванні ў СССР рабіліся важныя, але на іх ніхто не спасылаўся. Моладзь, якая працуе ў нашай лабараторыі зараз, у гэтым плане вельмі мабільная. Яна накіравана на тое, каб напісаць артыкул па-англійску і першай надрукаваць яго ў замежным часопісе.

— Ці атрымліваецца ўдзельнічаць у замежных канферэнцыях?

— Дзяржава нас забяспечвае ў асноўным зарплатай, абсталяваннем, рэактывамі, а таксама камандзіроўкамі ў краіны блізкага замежжа. Часам атрымліваецца наведаць міжнародныя канферэнцыі за кошт унутраных сродкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на базе якога мы працуем. Калі такой магчымасці няма, то выкарыстоўваем грошы з атрыманых грантаў, пры іх наяўнасці. Аднак увогуле сітуацыя з удзелам у вядучых міжнародных навуковых канферэнцыях вельмі складаная, асабліва для маладых вучоных, аспірантаў.

— Як фінансуецца навука ў іншых краінах?

— У іх вядзенне фундаментальнай навукі адбываецца па конкурснай грантавай форме. Калі прафесар Германіі, які мае поўную прафесарскую зарплату за кошт выкладання ва ўніверсітэце, жадае займацца даследчай дзейнасцю, ён афармляе заяўку на грант і фарміруе адначасова доследную групу. Далей камісія, якая складаецца з вучоных-спецыялістаў з некалькіх дзяржаў, адбірае найлепшыя праекты ў межах зададзенага напрамку на найбліжэйшыя гады і фінансуе іх. Гэта жорсткая сістэма, але дзейсная.

— Але давайце вернемся да нашых рэалій. Я ведаю, што ў 1990-я вы маглі з'ехаць з Беларусі, але засталіся і працягнулі тут працаваць...

— Я адношуся да пакалення, чыё станаўленне прыйшлося на перыяд перабудовы, калі ўмовы жыцця былі не самымі простымі. Таму шмат хто са знаёмых мне аспірантаў БДУ ў той час з'ехаў на Захад. Некаторыя з іх сёння — вядучыя прафесары ў найлепшых універсітэтах свету. Увогуле, беларускія вучоныя запатрабаваныя, таму што вельмі мазгавітыя і працаздольныя. Мы бяром фантазіяй і неардынарнасцю мыслення. А навукоўцы майго ўзроўню, якім у 1990-я было каля 30 гадоў, з цяжкасцю маглі ўвайсці ў складзеную замежную навуковую сістэму, дзе хапае сваіх маладых талентаў.

— У той час і вы ездзілі вучыцца за мяжу...

— Так, у 1991 годзе быў 8 месяцаў на стажыроўцы ў Масачусацкім тэхналагічным інстытуце. Ён уваходзіць у пяцёрку найлепшых універсітэтаў свету. У мяне была магчымасць застацца ў Амерыцы. Але я вярнуўся, бо ў Мінску ў мяне ўжо былі маладая жонка і дзіця. Ды і навука не займае 100% жыцця. Для мяне важна, каб усё было гарманічна: праца, сям'я, адпачынак, сябры. Апошняе асабліва важна. Я добра разумеў, што калі з'еду з Беларусі, то страчу іх. Так, у мяне будзе шыкоўная праца і болей чым прыстойныя ўмовы жыцця, а блізкіх людзей — не будзе.

— Вы засталіся і сталі загадчыкам лабараторыі, бачыце навуковую «кухню» знутры. Як думаеце, што важна, каб беларуская навука развівалася надалей?

— Мне б хацелася, каб у нас раслі свае навуковыя групы і школы. Для гэтага неабходна, каб моладзь пераймала тыя веды, якімі мы ўжо валодаем. Для вучонага лепшае прызнанне, акрамя Нобелеўскай прэміі, калі поспехі вучня, якога ён вёў ад першых курсаў інстытута да дысертацыі, пераўзыходзяць яго ўласныя.

— А калі ваш вучань вырашыць з'ехаць і працаваць у іншай краіне, як вы да гэтага паставіцеся?

— Нармальна. Маладыя і таленавітыя шукаюць месца для поўнай самарэалізацыі. Я разумею магчымасці нашай лабараторыі, таму калі яны перарастаюць іх, усё разумею і адпускаю. Адзіны крытэрый для мяне, як навуковага кіраўніка, — гэта творчы рост чалавека, яго жаданне выйсці на новы ўзровень. Ці можна ў такой сітуацыі адмовіць таленту ў жаданні стаць лепшым?

Вераніка ПУСТАВІТ.

pustavіt@zvіazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі «Сам-насам»:

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.