Вы тут

Грушка


Эмілія Комар нарадзілася ў 1993 годзе, вучыцца на журналіста ў ГрДУ імя Янкі Купалы, захапляецца адзінаборствамі, натхняецца падарожжамі і загартоўваецца маржаваннем. У «Маладосці» дэбютуе маленькімі апавяданнямі, адно з якіх прапануецца чытачам «Чырвонкі».

23-27

Cкрыўленая на бок хата стаяла адна, нібы пакінутая сіротка, на ўзлессі, за некалькі соцень метраў ад невялікай вёскі. Маленькая, са старых бярвёнаў, яна дажывала свой доўгі век як пустэльніца, адна-адзінюткая. Яе гаспадыня, такая ж старая і ўсімі забытая бабуля, жыла ў ёй больш за паўсотню гадоў. Дзеці параз'язджаліся па свеце, а з былой гаспадаркі толькі і засталіся, што пара курэй ды кволы стары певень. Гарода ўжо некалькі гадоў не трымала, бо на тое не было колішніх сіл. І толькі ля самай хаціны стаяла грушка — адзіная родная душа бабулі. Яна кожнае лета давала добры ўраджай смачных пладоў. На лавачцы каля грушкі старая і праводзіла амаль увесь свой час, седзячы ды нешта гаворачы гэтаму дрэву. Часта паглядала на верхавіну ды цяжка ўздыхала. Грушка была для яе даражэйшай за ўсё. Здавалася, яна лавіла і разумела кожнае слова старой, а ў адказ часам шапацела лісцем...

...У вёсцы бабулю іначай, як чараўніцай або вядзьмаркай, не звалі; ніхто нават дакладна не памятаў яе імя. Чамусьці лічылася, што яна займаецца рознымі чарамі, знарок накладае праклёны, наводзіць псоту... Таму ягады і грыбы мясцовыя ў тым баку не збіралі, бо лічылі іх сапсаванымі, ядавітымі. Да хаты старой ніхто не набліжаўся, а калі бабуля выходзіла да аўтакрамы, што прыязджала ў вёску два разы на тыдзень, то яе абыходзілі бокам, цураліся. І толькі адзін чалавек, прадавец гэтай крамы, вітаўся з бабуляй, гаварыў ветліва і проста. Раней, калі была яна крыху маладзейшай, аднавяскоўцы заўсёды імкнуліся яе абразіць, зневажалі, хаця і пабойваліся. Цяпер усе неяк звыкліся, не так звярталі ўвагу, проста моўчкі не любілі, а былі і такія, хто адкрыта ненавідзеў, думаючы, што прычынай усіх вясковых няшчасцяў была яна, вядзьмарка...

І ніводзін чалавек не памятаў, што быў час, калі яна ратавала хворых, дапамагала цяжарным, лячыла свойскую скаціну, збірала травы, сушыла, рабіла з іх лекі і аддавала ўсім, хто прасіў... Не памятаў ніхто і пра тое, што на вайне загінуў муж, што дзеці даўно выракліся роднай хаты і павыязджалі хто куды, забыўшыся на свае карані, на маці, зямлю... Людзі памяталі толькі адно: нібыта яна забіла дзіця. Хоць ніхто дакладна не ведаў, як тое было, ніхто не здагадваўся, што дзіця памерла, не нарадзіўшыся, таму што меўся толькі такі выбар: альбо загіне маці, якая павінна была нарадзіць, або дзіця, якое мусіла нарадзіцца... Старая пакінула ў жывых жанчыну, бо ў той было яшчэ чацвёра, якіх гадавала адна, без мужа... Ніхто не ведаў, але ўсе гаварылі і пракліналі...

На пачатку восені, калі надышла пара збіраць садавіну, вясковыя дзеці залезлі на бабуліну грушку, абламалі сукі, паабтрасалі ўсё, пазбіралі грушкі, зламалі лаўку, што стаяла побач, разбілі маленькае акенца ў сенцах ды паразбягаліся. Для іх гэта была забава, нядобрая, але ўсяго толькі забава. А бабуля...

...У чацвер, як заўсёды, прыехала аўтакрама. Добры дзядзька Мар'ян, прадавец, не заўважыўшы старой, запытаўся пра яе ў вясковых... У адказ прагучала незадаволенае:

— Дык памерла старая, няма больш. Яшчэ і грошы з нас збіралі, каб іх чэрці, на пахаванне...

Вясной грушка не зацвіла...

Эмілія Комар

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.