Вы тут

Ці трэба нам “бераг турэцкі”?


Анталію з Анатоліяй блытаць пакуль не варта, але задумацца аб уласнай бяспецы самы час.

28-31

“Якая “вайна”? --  паціскае плячыма знаёмы, які толькі вярнуўся з адпачынку ў Анталіі. --  У Турцыі ўсё як звычайна: спякота, “галубы” на ручніках у нумарах гатэля, мора, ну і, канешне, непераможны “ол інклюзіў”.

На тэрыторыю турыстычнай інфраструктуры навіны аб абвастрэнні сітуацыі вакол Турцыі хутчэй за ўсё паступалі, але ўспрымаліся адпачываючымі як нешта далёкае --  своеасаблівая “рэч у сабе”. Ды і той самы “ол інклюзіў” таму спрыяе... Усе ведаюць --  да турыстаў на “беразе турэцкім” ставяцца з павагай: паводле статыстыкі, летась тут адпачылі больш чым 40 мільёнаў чалавек. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце. Пагадзіцеся, надзвычай перспектыўная галіна эканомікі, якую нельга ставіць пад удар. Але...

Мінулы тыдзень у Турцыі выдаўся, мякка кажучы, неспакойным. Кропкай адліку ў разгортванні процістаяння стаў выбух у горадзе Суручы. Загінулі 32 чалавекі, звыш сотні атрымалі раненні. Адразу з'явілася мноства версій наконт таго, хто гэта здзейсніў і навошта. У ліку іншых праводзіліся паралелі і з нядаўнім нападам на гатэль у Тунісе, — тады ісламісты мэтанакіравана атакавалі турыстаў, спрабуючы сарваць курортны сезон у краіне.

Неўзабаве высветлілася, што сярод загінулых і пацярпелых замежнікаў не было, толькі турэцкія і курдскія сацыялісты ды  камуністы. У адрозненне ад Туніса, тэрарысты не ставілі за мэту падарваць эканоміку і напалохаць турыстаў. Заезджыя замежнікі і да сірыйскай вайны рэдка наведваліся ў Суруч: якіх-небудзь выбітных цікавосткаў у горадзе няма, дабірацца туды доўга. Мясцовыя ўлады, разумеючы слабую турыстычную прывабнасць рэгіёна, нават не паклапаціліся тым, каб перакласці інфармацыю пра горад хоць на якую замежную мову. Як адзначаюць спецыялісты, відавочна, што тэракт у Суручы не паўплывае на турыстычныя плыні.

Але, як аказалася, гэта быў толькі пачатак паўнамаштабнага канфлікту. Турэцкія знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі F-16 здзейснілі новыя авіянапады па пазіцыях баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі, а таксама атакавалі пазіцыі супрацьстаялых ісламістам курдскіх апалчэнцаў на поўначы Ірака. Самалёты выляталі з авіябазы ў правінцыі Дзіярбакыр. Па афіцыйнай версіі гэта сталі адказам на памежны інцыдэнт у раёне Кіліса. З падкантрольнай ІД тэрыторыі Сірыі быў адкрыты агонь па турэцкім памежным пасту, у выніку чаго загінуў афіцэр.

Курды пасля налётаў турэцкай авіяцыі абвясцілі пра заканчэнне шматгадовага перамір'я з Турцыяй. Анкара ж працягвае масавыя арышты экстрэмістаў і абяцае не спыняць бамбавання пазіцый тэрарыстаў "Ісламскай дзяржавы” і курдаў, якія ваююць супраць іх.

28-30

Таксама Турцыя выступіла з ініцыятывай правядзення экстранага сходу пасланцаў краін НАТО, каб абмеркаваць каардынацыю баявых дзеянняў супраць баевікоў групоўкі "Ісламская дзяржава" і курдскіх сепаратыстаў. Як адзначыў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг, “НАТО ўважліва сочыць за сітуацыяй і выражае салідарнасць з нашым саюзнікам Турцыяй”. З падтрымкай Анкары ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам выступіла і ЕС. Акрамя таго Турцыя і ЗША дамовіліся аб стварэнні зоны бяспекі на тэрыторыі Сірыі, якая прылягае да турэцкай мяжы і прызвана супрацьстаяць “Ісламскай дзяржаве”. Праўда, лічаць эксперты, за гэтымі планамі хаваецца намер Анкары паслабіць не столькі ІД, колькі сірыйскіх курдаў, якія аказваюць падтрымку Працоўнай партыі Курдыстана. Свае планы хутчэй за ўсё  і ў Штатаў. Як заўважыў колішні намеснік дзяржсакратара ЗША Філіп Кроўлі, “нават калі Вашынгтон з Анкарой і плывуць па адным моры, яны пакуль не на адной хвалі”.

Карацей кажучы, партыя складваецца даволі складаная, таму пэўныя высновы рабіць заўчасна. Адно можна сказаць дакладна -- сітуацыя дэстабілізавалася надоўга. І пакуль гэты канфлікт застаецца ў “топавых” навінах інфармаагенстваў. Паколькі, на жаль, рэгулярна дадаецца паведамленняў пра новыя здарэнні. Адно з апошніх -- выбух  на трубаправодзе ва Усходняй Анатоліі, па якім у краіну пастаўляўся газ з Ірана. І хоць не трэба блытаць Анталію з Анатоліяй, варта ўлічыць рэкамендацыі беларускага міністэрства спорту і турызму не наведваць паўднёвы ўсход Турцыі.

Мікалай Літвінаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.