Вы тут

Першакурснік... Як многа ў гэтым слове!


...або Выпрабаванне на трываласць.

Самы адказны этап у жыцці абітурыента — цэнтралізаванае тэсціраванне — ужо даўно пройдзены, але, чым бліжэй верасень, тым часцей будучага студэнта пачынаюць наведваць думкі пра вучобу. Як гэта будзе? Чаго чакаць ад новай прыступкі ў дарослае жыццё? Знайсці адказы на пытанні дапамогуць тыя, хто ўжо меў магчымасць адчуць, што значыць быць першакурснікам.

27-18

27-18

 

Вольга Варанец, ІІ курс Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ:

— Першы курс для мяне прайшоў вельмі насычана, ярка і прадуктыўна! Я пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых, мэтанакіраваных і амбіцыйных людзей, пры стасунках з якімі нельга было самой не стаць такой жа. Пачатак вучобы адкрыў для мяне шмат новых магчымасцяў і перспектыў для рэалізацыі сябе. Напрыклад, на базе нашага факультэта існуе адукацыйны клуб Busіness Іntellіgence Club, дзверы якога адчынены для студэнтаў і абітурыентаў ВНУ бясплатна. Мне пашанцавала: мае здольнасці заўважылі і ацанілі, і ўжо з сярэдзіны першага курса я стала кіраўніком гэтага цудоўнага праекта.

Трэба адзначыць, што першы курс — гэта не толькі адна вучоба, але і процьма розных мерапрыемстваў, конкурсаў, турзлётаў. Так што магу з упэўненасцю сказаць: першы курс — гэта крута!

Дар'я Сянькова, ІІ курс Інстытута журналістыкі БДУ:

— Калі ты не робіш урокі ў школе, настаўнікі будуць з усіх сіл намагацца паўплываць на цябе. Ва ўніверсітэце ты стараешся сам, таму што гэта ў тваіх жа інтарэсах: пасля чарговай сесіі на курсе можа застацца хто-небудзь больш руплівы. Першы курс — гэта магчымасць самому складаць расклад свайго дня, размяркоўваць свае рэсурсы. Твае бацькі па-ранейшаму падтрымліваюць цябе, але пры гэтым ты ўжо жывеш сваім жыццём. Гэта выдатная трэніровачная пляцоўка перад дарослым жыццём.

Найбольш запомніліся дзве мае паспяхова здадзеныя сесіі. Але не складанасцямі ў здачы экзаменаў, а атмасферай сярод аднакурснікаў. Сесія — гэта час усеагульнага яднання студэнтаў.

Вольга Трафіменкава, ІІ курс інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР:

— Раней заўсёды думалася, што вучоба ў вышэйшай навучальнай установе і школе будзе адрознівацца не нашмат. Але атрымалася ўсё не зусім так. Адарваўшыся ад бацькоўскага гнязда, можна і прагульваць заняткі. Але ці трэба, калі гэта можа адгукнуцца поўным неразуменнем на наступнай лекцыі?

Напэўна, самая важная і запамінальная падзея ў жыцці яшчэ зусім «зялёных» першакурснікаў — пасвячэнне ў студэнты. І хаця кажуць, што афіцыйна называцца студэнтам першакурснік можа толькі пасля першай сесіі, адабраць у мяне званне «Студэнт БДУІР» я не дазволіла б нікому і да яе!

Святлана Шарамет, ІІ курс факультэта англійскай мовы МДЛУ:

— Першы курс для мяне — гэта сінонім слова «перамены»: новыя знаёмствы, новыя выкладчыкі. Мне запомніліся вячоркі ў кавярні з аднагрупнікамі і іншыя прыемныя дробязі, напрыклад, выбар падарункаў на дзень нараджэння кожнаму чалавеку ў нашай групе.

Складана было толькі спачатку. Калі ты змяніў свой школьны калектыў на студэнцкі, ты нібы пераехаў з маленькага горада ў мегаполіс. Гэта значыць, трэба быць максімальна гнуткім і камунікабельным чалавекам.

Год вучобы даў мне моцны штуршок у вывучэнні англійскай мовы. Акрамя гэтага, універсітэт — выдатная магчымасць абзавесціся не толькі карыснымі знаёмствамі, але і знайсці нешта сапраўднае: сяброўства ці нават каханне.

Аляксандра Кайрыс, ІІ курс факультэта эканомікі і кіравання гандлем БДЭУ:

— Для мяне першы курс быў сапраўдным выпрабаваннем на трываласць. Гэта той час, калі ўваходзіш у зусім нязвыклы для цябе рытм жыцця, усё ўжо залежыць толькі ад цябе, ад тваёй стараннасці, часам гнуткасці і, вядома ж, увагі і працавітасці. Так што магу сказаць, што не васямнаццаць гадоў робяць цябе дарослым і адказным, а пройдзены такі этап, як першы курс.

Найбольш запомнілася першая сесія. Я і да гэтага часу здзіўляюся, як змагла яе пераадолець. Цікава было праверыць уласныя сілы і магчымасці.

...Першы курс — час, у якім найбольш гарманічна спалучаюцца юнацкія амбіцыі і шырокае кола магчымасцяў. Кожны дзень ва ўніверсітэце — гэта шанц праявіць сябе, раскрыць свае таленты і ўдасканаліць веды. Вельмі важна не баяцца, не спадзявацца на тое, што хто-небудзь заўважыць цябе і прапануе «залатыя горы». Вучоба ў вышэйшай навучальнай установе — гэта пэўная ступень самастойнасці. Таму адказнасць за прафесійную будучыню трэба адразу браць на сябе. І калі ты ўпэўнены ў сваіх сілах і ведах, то зможаш пераадолець любыя перашкоды.

Марыя Дарашкевіч, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Надзеі Нікалаевай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.