Вы тут

Дабро і зло — у аднолькавай мерцы?


Цудоўную крытыку атрымалі фестывальныя работы з Тбілісі і Брэста.

Першыя дні Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Брэсце парадавалі таленавітымі пастаноўкамі. Сапраўды высокі ўзровень паказаў Тбіліскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя А.С. Грыбаедава. Спектакль «Халстамер. Гісторыя каня» паводле аповесці Льва Талстога вызначаны як трагічная споведзь.

[caption id="attachment_101171" align="alignnone" width="600"]17-27 Ура­чыс­тае га­шэн­не мар­кі (ды­рэк­тар Брэсц­ка­га тэ­ат­ра Аляк­сандр КО­ЗАК, мі­ністр куль­ту­ры Ба­рыс СВЯТ­ЛОЎ, ды­рэк­тар Брэсц­ка­га фі­лі­яла РУП «Бел­пош­та» Ва­лян­ці­на ПУХ).[/caption]

Дзея пабудавана ў форме разважання пра свой лёс пярэстага каня. А ўсе яго жыццёвыя няўдачы, пакуты пачынаюцца менавіта з пярэстасці, гэта значыць, з яго індывідуальнасці, адрознення ад іншых.

Свет часта не прымае таго, хто выбіваецца з агульнага шэрагу, і карае таго, хто асмеліўся быць індывідуальнасцю.

І тады яму здраджваюць усе, нават каханая. Але аповед рэжысёра і акцёраў не толькі пра гэта. Спектакль закранае пытанні сэнсу жыцця, дабра і зла. Прымушае думаць, пакутаваць, смяяцца і суперажываць. На сцэне існуюць паралельныя светы — коней і людзей. У рабоце ўдала спалучаюцца музыка, пластыка, таленавітая ігра акцёраў. Нездарма пасля заслоны гледачы пад доўгія апладысменты папрасілі на сцэну рэжысёра і горача віталі Аўтандзіла Варсімашвілі.

Несумненна, падзеяй сёлетняга тэатральнага форуму стала прэм'ера абрадавай драмы «Дзяды», якую прадставіў гаспадар фестывалю Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. За пастаноўку знакавага твора ўзяўся малады польскі рэжысёр Павел Пасіні. Спектакль «Дзяды» адрозніваецца ад усіх іншых нават формай яго правядзення. Як нехта трапна заўважыў, гэта тэатральная пастаноўка ў фармаце 3D.

Гэта нават нешта большае, чым згаданы фармат. Глядач знаходзіцца на сцэне. Напачатку героі пастаноўкі настойліва запрашаюць кожнага з залы падняцца на сцэну. Там публіка рассаджваецца па коле на прыгатаваныя загадзя лаўкі, а для спектакля застаецца круг у цэнтры. Там і разгортваецца дзея — у кашы са снегу і чорнай зямлі, дзе змагаюцца за праўду, пакутуюць, паміраюць героі, а потым узнікаюць іх духі. Дзяды, як вядома, свята памінання продкаў, даніна пашаны душам памерлых. У тлумачальным пралогу гаворка ідзе пра маладога чалавека, які звёў рахункі з жыццём з-за няшчаснага кахання. Нясцерпны душэўны боль уздымае яго нават з магілы. Лічыцца, што правобразам гэтага героя стаў сам Адам Міцкевіч і яго няспраўджанае каханне да Марылі Верашчакі.

Але ў спектаклі ўсё значна больш шырока і складана. На сцэне мы бачым праекцыю мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой», затым карцінкі мяняюцца, і становіцца зразумела, што «Дзяды» не маюць межаў у краінах альбо эпохах. На сцэне то жорсткі сенатар як увасабленне зла і гвалту, то гаротніца маці, у якой пасадзілі сына ў вязніцу і катуюць.

1

Услед за героямі, якія прыходзяць з даўніны, гучаць маналогі больш блізкага да нас часу. Перад намі паўстае душа жанчыны, якую замучылі ў 1942 годзе, рэальная гісторыя з Брэсцкага яўрэйскага гета. Затым чуем пра іншыя трагедыі — тых, каго бязвінна забілі фашысты. Спектакль ідзе на беларускай мове, а названыя гісторыі гучаць на рускай, ёсць і маналогі на польскай. Няважна, дзе ты жывеш, на якой мове гаворыш, — важна, што пакінеш пасля сябе: дабро ці зло.

Арыгінальная не толькі рэжысура «Дзядоў». Варта сказаць, што брэсцкія акцёры іграюць самааддана. І цяжка-містычная атмасфера перадаецца гледачу. Калі дзеючыя асобы шмат разоў праходзяць па крузе і паўтараюць, нібы заклінанне: «Цёмна, людзі! Сумна, людзі! Штосьці будзе, штосьці будзе!», то міжволі заражаешся гэтай энергетыкай містыкі і чакаеш нейкага выбуху. Робіцца нават крышачку страшна. Мільгае думка, што дзяды вернуцца і спытаюць, як мы жывём на гэтай зямлі.

Абрад Дзядоў важны як ачышчэнне ўнутры чалавека, ды і ў гісторыі ў цэлым, — лічыць рэжысёр нестандартнай работы Павел Пасіні, пра што ён і сказаў падчас абмеркавання. А крытык Марыя Танана з Літвы адзначыла, што «Дзядоў» можна лічыць прыкладам пастаноўкі класікі ў наш час. Для брэсцкага тэатра гэта, несумненна, знакавы спектакль.

Ну а падчас адкрыцця «Вежы» гледачоў парадаваў Нацыянальны драматычны тэатр імя М. Горкага. Камедыя дэль артэ, альбо камедыя масак, — від італьянскага вулічнага тэатра, які бярэ пачатак у сярэднявеччы. Кажуць, што цяпер напрамак вяртаецца ў тэатральную моду. Было весела, цікава глядзець на работу «Vіva Comedіa!», пастаўленую італьянскім рэжысёрам Матэа Сп'яці.

За некалькі хвілін да адкрыцця заслоны гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывіталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС і міністр культуры краіны Барыс СВЯТЛОЎ. А ў антракце адбылася цырымонія гашэння паштовай маркі, прысвечанай Брэсцкаму тэатру. Марка з выявай сцэны са спектакля «Прымакі» выпушчана Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі ў серыі «Тэатры Беларусі».

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.