Вы тут

Навучанне беспрацоўнага абыходзіцца Мінпрацы ў 3,7 мільёна рублёў


Прафесійную перападрыхтоўку незанятых грамадзян арганізоўваюць па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях. Як і раней, гэта рабочыя профілі (яны складаюць 61 працэнт ад агульнай масы вакансій). Рынку працы не хапае кандытараў, кантралёраў-касіраў, кухараў, электраманцёраў. Сярод спецыялістаў і служачых запатрабаваны акушэркі, выхавацелі дашкольных устаноў, фельчары, інжынеры-праграмісты. Сельская мясцовасць чакае жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, трактарыстаў, аграномаў, ветурачоў.

— Навучанне беспрацоўнага праводзіцца, калі немагчыма падабраць чалавеку вакансію праз адсутнасць неабходнай кваліфікацыі ці калі ў грамадзяніна ўзніклі супрацьпаказанні да выканання работ па той прафесіі, якую ён мае,— каментуеначальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.— Сёлета 40 працэнтаў рабочых падрыхтавана намі па заяўках наймальнікаў. Асаблівую ўвагу надаём моладзі.

Летась сярэдні кошт навучання аднаго беспрацоўнага склаў 3,7 мільёна рублёў. Але гэтыя выдаткі пакрывае Мінпрацы, для самога чалавека курсы бясплатныя. Больш за тое, на перыяд праходжання прафадукацыі беспрацоўнаму гарантуецца стыпендыя ў памеры ад адной да трох базавых велічынь (сума залежыць ад прычыны звальнення). Калі перападрыхтоўка праходзіць не па месцы жыхарства, кампенсуюць таксама затраты на праезд і пражыванне.

Беспрацоўны, якому прапануюць запісацца на пераадукацыю, мае выбар больш чым са 120 прафесій (80 працэнтаў з іх— рабочыя спецыяльнасці). Апошнім часам арганізоўваецца навучанне па інтэграваных профілях, калі чалавек адразу можа атрымаць дзве-тры сумежныя прафесіі. Ёсць нават курсы па перападрыхтоўцы на базе вышэйшай адукацыі (беспрацоўныя могуць прайсці іх, напрыклад, у Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны). Вялікім попытам у незанятых грамадзян карыстаюцца трохтыднёвыя праграмы па прадпрымальніцкай дзейнасці.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Навучанне аднаго беспрацоўнага абыходзіцца Мінпрацы ў 3,7 мільёна рублёў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.