Вы тут

ТБ-праграмы ад праграмістаў


Як працуюць тэлевізійнікі галоўнага ІТ-універсітэта краіны? З гумарам!

Гісторыя маладзёжнага тэлебачання БДУІР налічвае амаль 15 гадоў. За гэты час яно паспела зарэкамендаваць сябе як адно з найлепшых сярод студэнцкіх. Відэа, падрыхтаваныя будучымі праграмістамі, два гады перамагалі на конкурсе «Студэнт года». А ў сеціве ролікі збіраюць тысячы праглядаў. Карацей, ёсць чаму павучыцца. Мы завіталі на тэлебачанне БДУІР і даведаліся, як зрабіць навіны, цікавыя моладзі; што трэба, каб ператварыць калідор у фотастудыю, і навошта ТБ-каманда айцішнікаў бярэ з сабой на здымкі пластыкавыя трубы.


 На­ві­ны, рэ­клам­ныя ро­лі­кі, па­зна­валь­ныя пра­гра­мы — тэ­ле­ка­ман­да БДУ­ІР мо­жа зра­біць усё.

Пра матрыцы — з 25-га дубля

Асновы журналістыкі тэхнары на парах не вывучаюць, але працуюць амаль як прафесійныя тэлевізійнікі. Навіны стараюцца выпускаць у той жа дзень, калі знялі, максімум — на заўтра зранку. За тыдзень, у залежнасці ад насычанасці ўніверсітэцкага жыцця, выходзіць ад трох да дзесяці сюжэтаў. У ТБ-камандзе пяць карэспандэнтаў, шэсць мантажораў-аператараў, чатыры фатографы. Хоць многія могуць і ў стэндапе зняцца, і ролік зманціраваць. Вядома, не адразу ўсё атрымліваецца. Студэнтка Ганна ЛОСЬ, кіраўнік піяр-аддзела, памятае, як упершыню здымалася ў стэндапе: «Мне трэба было сказаць: «матрыцы звыш'яркіх святлодыёдаў на алюмініевых анадзіраваных платах для святлотэхнічных прылад». Вы ўяўляеце, першы раз працую на камеру і тут такое! Мы перазапісвалі гэты момант разоў 25».

Акрамя навінавых сюжэтаў, студэнты здымаюць яшчэ і творчыя ролікі. Напрыклад, штогод рыхтуюць рэкламу для сваёй ВНУ.

— Летась, я ведаю, піяршчыкі ацанілі нашу рэкламу не надта высока, — дзеліцца прэс-сакратар БДУІР Алена САКАЛОЎСКАЯ. — Параілі нам не ісці ў гумар, зрабіць больш класічны варыянт. Сёлета мы ўлічылі гэтыя заўвагі.

Свае відэа студэнты не толькі круцяць у вучэбных карпусах, але і выкладваюць на YouTube. Найбольш папулярнымі становяцца ролікі па ўступнай кампаніі. Сёлетні сабраў восем тысяч праглядаў! На думку Ганны, каб прыцягнуць увагу да матэрыялу, трэба падабраць правільнае суправаджэнне:

— Дзесьці неабходна пасупрацоўнічаць са СМІ, дзесьці дастаткова выкласці відэа ў суполку «УКантакце» з цікавым подпісам. Цяпер мы актыўна прасоўваем студэнцкае тэлебачанне праз сацыяльныя сеткі. Сёння ў суполцы амаль 1,5 тысячы падпісчыкаў.


Усё дзеля прыгожай «карцінкі»!

На тэхніку журналістам-айцішнікам скардзіцца не прыходзіцца. У іх распараджэнні тэлесуфлёр, мікрафоны з фірменнай ветраабаронай, HD-камеры і... аператарская каляска. Апошнюю самі змайстравалі. Набылі пластыкавыя трубы, якія замяняюць рэйкі, зрабілі трохкутнік (на ім мацуецца камера) і прыладзілі колцы ад скейтборда. Бяруць цяпер гэтую каляску ледзь не на ўсе здымкі. Смяюцца, што гледачы, можа, плаўны праезд і не бачаць, але самой ТБ-камандзе гэтая дэталь здаецца вельмі заўважнай. Увогуле, каб зрабіць у кадры прыгожую «карцінку», студэнты выкарыстоўваюць усе падручныя сродкі. Напрыклад, пераварочваюць стэнды, калі тэрмінова патрэбен белы фон. Не хапае сваёй тэрыторыі — едуць запісваць відэа ў офісы ІТ-кампаній. Ці ствараюць студыю з дапамогай камп'ютарнай графікі або ў калідоры ўніверсітэта: завешваюць вокны коўдрамі і расстаўляюць студэнтаў з асвятляльнымі прыборамі ў руках.

На маладзёжным тэлебачанні ёсць нават свой візажыст. Алена Сакалоўская з усмешкай узгадвае, як яны першы раз рабілі макіяж дзяўчыне для здымак: «Я дагэтуль не запісвала чалавека без грыму на відэакамеру, толькі фатаграфавала. А на фота святло «з'ядае» макіяж. Таму мы нанеслі касметыку максімальна. Заводзім героя ў аўдыторыю і бачым, што на нас усе са здзіўленнем азіраюцца. «Вы яе часам не перафарбавалі?» — спытаў у мяне адзін з хлопцаў. Але я была ўпэўнена, што для відэа — гэта «самае тое». Потым, калі глядзелі ролік, вядома, убачылі сваю памылку: дзяўчына з яркім вячэрнім макіяжам вельмі вылучалася сярод астатніх студэнтаў у кадры».

З грашыма на здымачны працэс дапамагае ўніверсітэт. Але каманда задумваецца над тым, каб самім прыцягваць сродкі. Варыянт БДУ — здаваць студыю буйным ТБ-каналам у арэнду — тут не падыходзіць. Студыі няма. Затое можна паспрабаваць арганізоўваць платныя курсы па тэлевізійным майстэрстве.


«Зачапіць» гледача і... кадры

Цяпер на маладзёжным тэлебачанні БДУІР распачаўся рэбрэндзінг: вырашылі змяніць лагатып і застаўкі навін. Прэс-сакратар універсітэта кажа, што яны хочуць адрознівацца ад іншых:

— Мы шукаем свой стыль. І ўсё роўна, што нашы застаўкі не будуць адпавядаць класічнаму ўяўленню аб тым, як яны павінны выглядаць.

Стандартныя выпускі навін студэнты «разбаўляюць» цікавымі праектамі. Адзін з іх — праграма «Падслухана» (відэаверсія папулярнай аднайменнай суполкі «УКантакце»). Вядучы прымерыць на сябе вобраз тыповага савецкага школьніка — «вадалазку» і акуляры — і ў іранічнай форме будзе расказваць пра падзеі, якія найбольш актыўна абмяркоўваюцца ў студэнцкім асяродку. «Навіны ў дзелавым стылі не заўсёды ўспрымаюцца моладдзю, таму мы дададзім гумару. Думаем яшчэ рабіць агляд фільмаў: куды варта схадзіць, а на што лепш не марнаваць час. Ацэнка будзе катэгарычнай, бо такі падыход «чапляе», — тлумачыць Алена.

У планах таксама запусціць праграму пра выхад з крызісных сітуацый. І спецыялізаваныя ІТ-навіны: ніша не запоўнена. Парк высокіх тэхналогій, напрыклад, ужо прапаноўваў студэнтам здымаць тэматычныя сюжэты.

— Да нас на тэлебачанне прыходзяць творчыя і тэхнічна падкаваныя людзі, — хваліць сваю каманду Алена Сакалоўская. — З імі лёгка працаваць. Ёсць, вядома, праблема з напісаннем тэкстаў, але што тычыцца мантажу, графікі — вельмі хутка асвойваюць. Ты на словах тлумачыш, што хочаш убачыць, а яны ўжо ведаюць, як гэта рэалізаваць тэхнічна. Таму студэнтаў БДУІР ахвотна бяруць на тэлеканалы. Але мне б хацелася стварыць тут прафесійную платформу, каб нашы хлопцы і дзяўчаты, якія вырашылі займацца журналістыкай, заставаліся ва ўніверсітэце. Цяпер на працу ў прэс-службу БДУІР прымаюць ахвотных з факультэта журналістыкі. Мне здаецца, нашы студэнты, якія ўжо праявілі сябе на тэлебачанні падчас навучання, таксама гэтага вартыя.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.