Вы тут

Віцебская даследчыца творчасці Шагала расказала карэспандэнту «Звязды» пра малавядомы факт з жыцця майстра


— Менавіта з Германіі слава мастака Марка Шагала распаўсюдзілася па свеце. Ён спыняўся ў Берліне ў 1911, 1914 і ў 1922-1923 гадах. У 1913-м Херварт Вальд, уладальнік знакамітай берлінскай галерэі Der Sturm, выставіў упершыню ў Германіі работы Шагала. Праз год тут прайшла яго першая персанальная выстава.

Да прыходу Гітлера да ўлады ў прыватных калекцыях Германіі знаходзілася каля 200 работ Шагала. Потым ён быў абвешчаны «яўрэйска-бальшавіцкім» мастаком, а яго карціны — «дэгенератыўным мастацтвам», — кажа старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, магістр мастацтваў Марына Карман.

[caption id="attachment_112214" align="alignnone" width="600"]28-50 На аўкцыёне прадаецца карціна М. Шагала «Панюшка тытуню». Чэрвень 1939 года.[/caption]

Вясной 1933 года ўрад Германіі пачынае ажыццяўляць жорсткія меры па «аздараўленні нямецкай культуры». З сакавіка спецыяльна арганізуюцца акруговыя выставы «дэгенератыўнага мастацтва»: у Мангейме («Бальшавізм у культуры»), Нюрнбергу («Камера жахаў у мастацтве»), Дрэздэне («Мастацтва на службе разлажэння») і іншыя. Усяго да 1941 года адбылося 38 падобных выстаў па ўсёй краіне. На іх тройчы былі прадстаўлены і работы Марка Шагала.

— У верасні 1933 года была заснавана Палата па справах мастацтва (Kunstkammer) з Гебельсам у якасці прэзідэнта. Яе найвышэйшая задача — пакласці канец незалежнай творчай дзейнасці ў любых яе праявах. У тым жа годзе ў Базэлі з мэтай ганьбавання была адкрыта рэтраспектыўная выстава Марка Шагала, а ў Мангейме па загадзе Гебельса адбылося публічнае спальванне работ віцебскага мастака.

У 1935-м Гітлер выступіў на VІ партыйным з'ездзе і адкрыта заявіў аб «прынцыповым адарванні» духу авангарду. Да канца 1936 года з краіны эмігрыравалі сотні прагрэсіўных літаратараў, архітэктараў, рэжысёраў, мастакоў і музыкантаў. Сярод іх — самыя знакамітыя: Томас і Генрых Маны, Марлен Дзітрых, Георг Грос і іншыя. Марк Шагал у 1937 годзе стаў грамадзянінам Францыі.

У чэрвені 1937-га Гебельс выдаў дэкрэт аб стварэнні камісіі, якая павінна была канфіскаваць экспанаты «дэгенератыўнага мастацтва» з музеяў Германіі. Быў падпісаны і ўказ аб арганізацыі выставы. Як напісаў адзін з членаў камісіі па адборы, асноўная мэта выставы — выпрацоўка ў немцаў «здаровага інстынкту супраць бацылы мастацтва вар'яцтва і заняпаду, прышчэпленай яўрэямі».

— Члены камісіі ўмудрыліся ўсяго за два тыдні наведаць каля 30 гарадоў і адабраць у 32 музеях 700 «дэгенератыўных» твораў. А ўсяго канфіскавалі больш за 5,2 тысячы работ... У тым ліку з нямецкіх музеяў 59 работ Марка Шагала. Творы канфіскоўвалі ў спешцы, ды і стаўленне да іх было, найперш, як да аб'ектаў, якія будуць выстаўлены на ўсеагульнае абсмейванне, каталогі і запісы вяліся не заўсёды. Менавіта таму дагэтуль не высветлена месцазнаходжанне многіх з іх, — адзначае даследчыца.

Выстава «дэгенератыўнага мастацтва», якая адкрылася ў ліпені 1937 года ў Мюнхене, выклікала неверагодны ажыятаж. За дзень яе наведвалі да 20 тысяч чалавек. Між іншым, уваход быў вольны. Менш чым за чатыры месяцы выставу пабачылі больш за 2 мільёны чалавек. І гэта ўтрая больш, чым колькасць наведвальнікаў выставы любімых аўтараў нацысцкага кіраўніцтва, якая працавала недалёка... Карціны былі развешаны хаатычна і крыва, назвы работ напісаны часам мелам літаральна на палатне, па сценах — вытрымкі з тэкстаў мадэрністаў, а побач — строгія плакаты з цытатамі фюрара.

— Пазней гэтую экспазіцыю адправілі ў Берлін. Там да работ мастакоў далучылі калекцыю карцін псіхічна хворых людзей, размясціўшы іх уперамешку. Усяго 6 са 112 аўтараў былі яўрэямі, аднак «яўрэйская тэма» падавалася публіцы асабліва. Карціна «Рабін» («Панюшка тытуню») Шагала стала своеасаблівым сімвалам гэтай выставы, — працягвае Марына Карман. — Цікава, што перад пачаткам Другой сусветнай вайны, калі фашысцкай Германіі спатрэбіліся грошы на пераўзбраенне арміі, творы прадстаўнікоў «дэгенератыўнага мастацтва» прадавалі на аўкцыёнах у Швейцарыі.

Пасля вайны стаўленне да Шагала ў Германіі кардынальна змянілася. Але ён не мог дараваць немцам іх злачынствы.

«Я думаю, што грахі нашых ворагаў нельга загладзіць, складаючы з імі пагадненні і дапамагаючы ім аднаўляць гаспадарку, а можна толькі абмыць у моры іх уласных слёз. Ад імя расстраляных і жыўцом спаленых мы гаворым ворагу, што ніколі не забудземся пра яго і ніколі яму не даруем — ні ў жыцці, ні ў мастацтве», — сказаў ён у 1947 годзе.

Мастак доўгія гады не хацеў мець нічога агульнага з Германіяй. Аднак урэшце даў згоду браць удзел у акцыях прымірэння. Нават выконваў буйныя дзяржаўныя заказы.

У 1959 годзе завяршыў работу для фае тэатра оперы ў Франкфурце-на-Майне. А ў 1978-м стварыў цыкл вітражоў у храме Святога Стэфана ў Майнцы. Гэта не толькі апошнія, але і самыя буйныя вітражы Шагала. Святару, каб атрымаць згоду віцебскага мастака, спатрэбілася амаль чатыры гады. Сваё імкненне працаваць менавіта з Шагалам ён тлумачыў жаданнем сцерці межы паміж рэлігіямі і нацыянальнасцямі.

Асабіста мяне ўразіў наступны факт. У навінах французскага тэлевізійнага канала быў паказаны цікавы сюжэт. Амерыканскі ваенны журналіст, трапіўшы ў кабінет Гітлера, у якасці трафея ўзяў... падпісаны фюрарам бланк.

— Гэта быў чысты аркуш паперы фармату А3 з фашысцкімі гербамі. Карэспандэнт быў знаёмы з Шагалам. Мастак папрасіў у яго гэтую паперу. На ёй ён намаляваў рабіна, які плача над скрываўленай торай, і вёскі, якія гараць... А збоку — сябе за мальбертам... Здзіўляе чалавечая сіла Майстра, які, можна сказаць, такім чынам «адпомсціў» злу, — кажа Марына Карман.

Той насамрэч унікальны твор знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Францыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.