Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды пераможцам і прызёрам Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.
"У гэтай зале сабраліся сапраўдныя, мужныя людзі. На зімовых Гульнях мы былі сведкамі бязлітаснай барацьбы не толькі на стадыёнах, але і ў судзейскіх кулуарах. Нават у міждзяржаўных адносінах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што алімпійскае золата ў жаночай эстафеце [2] стала для некага нечаканасцю, але не для беларускіх балельшчыкаў. "Нашы дзяўчаты малайцы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў і перамогі біятланісткі Дар'і Домрачавай на далейшых пасля Алімпіяды этапах Кубка свету: "Павінен сказаць табе як чалавек неабыякавы да ўсіх нашых спартсменаў, што гэта былі перамогі асаблівыя. Мне здалося, што такіх у цябе наогул не было ў кар'еры. Яны адрозніваліся ад усіх папярэдніх. У адной гонцы ты наогул паказала, як кажуць у народзе, зверскі характар, калі ў такую гару... ззаду толькі пыл слупам снежны стаяў. А апошняя гонка - мас-старт - гэта наогул была гросмайстарская гонка".
"Я гэта кажу як прыклад таго, як трэба змагацца, але для трэнераў гэта ўрок. Уявіце, калі б Домрачава ў такой форме падышла да Алімпіяды. Там бы, напэўна, золата засталося толькі ў беларускай каманды. Гэта той прыклад, якога мы павінны прытрымлівацца, вучыцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўдзячнасць кіраўнік дзяржавы выказаў паралімпійцам [3]. "Вы проста малайцы! Я, напрыклад, не мог адарвацца ад экрана, гледзячы на ўсе вашы гонкі. Я балеў за вас не менш, чым за нашых алімпійцаў, - сказаў ён. - Вы настолькі моцна выступалі, што цяжка ўявіць, што чалавек, які мае ўсе магчымасці, так выступіў бы".
"Я чакаў вас тут для таго, каб павіншаваць і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Вельмі вам удзячны за той уклад, які вы ўнеслі ў развіццё спорту і праслаўленне нашай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.
Ордэны і медалі ўручаны за высокае прафесійнае майстэрства, выдатныя спартыўныя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у паспяховае выступленне нацыянальных каманд.
Ордэна Айчыны ІІІ ступені з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" удастоена трохразовая паралімпійская чэмпіёнка і бронзавы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Святлана Саханенка [4].
Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, Герой Беларусі Дар'я Домрачава ўзнагароджана ордэнам "За асабістую мужнасць".
Аналагічнай узнагародай і ганаровымі званнямі "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" адзначаны заслугі алімпійскіх чэмпіёнак па біятлоне Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко і Надзеі Скардзіна.
Ордэнам Пашаны з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" узнагароджаны паралімпійскі чэмпіён і трохразовы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Юрый Голуб [5].
Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны двухразовы бронзавы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Лідзія Графеева [6] і генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Мікалай Шудзейка.
Ганаровае званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" прысвоена трэнеру-выкладчыку па лыжных гонках сярод інвалідаў Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву Мікалаю Шаблоўскаму.
Двухразовы сярэбраны прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Дзмітрый Лобан [7] удастоены ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь".
Акрамя таго, за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і значны асабісты ўклад у забеспячэнне выдатных спартыўных вынікаў нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта шэрагу прадстаўнікоў спартыўнай сферы. У іх ліку старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель, спартсмены - лідары паралімпійцаў, якія заваявалі ўзнагароды, Дзмітрый Будзіловіч і Раман Яшчанка, трэнеры-выкладчыкі Юрый Буранаў, Васіль Гаўруковіч, Інеса Казлова, Міхаіл Лебедзеў і трэнер-урач Ірына Кузьміна.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства таксама была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.
БЕЛТА [8]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] http://zviazda.by/be/news/20180223/1519368197-zhanochaya-zbornaya-vyygrala-alimpiyskuyu-estafetu-pa-biyatlone-u
[3] http://zviazda.by/be/news/20180320/1521531140-belaruskiya-paralimpiycy-vyarnulisya-z-zimovyh-gulnyau-u-phyonchhane
[4] http://zviazda.by/be/news/20180317/1521299345-svyatlana-sahanenka-stala-trohkratnay-paralimpiyskay-chempiyonkay
[5] http://zviazda.by/be/news/20180313/1520923979-belarus-uzyau-zolata-u-biyatlone-na-paraalimpiyadze-u-phyonchhane
[6] http://zviazda.by/be/news/20180316/1521183706-belaruska-lidziya-grafeeva-zavayavala-bronzu-u-biyatlone-na-paralimpiyadze
[7] http://zviazda.by/be/news/20180314/1521006298-belarus-dzmitryy-loban-vyygrau-srebra-u-paralimpiyskim-lyzhnym-sprynce
[8] http://www.belta.by/
[9] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[10] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiyada-u-phyonchhane