Вы здесь

Жыць верай


Недрукаваныя творы Зінаіды Бандарынай


У апошні час з’явілася шмат цікавых артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры 1920 — 1930-х гадоў, але, тым не менш, многія матэрыялы, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, яшчэ чакаюць моманту, калі будуць уведзены ў больш шырокі ўжытак. Каштоўнасць уяўляюць найперш тыя творы, якія не былі апублікаваны, а многія засталіся ў рукапісах.

Так, у фондзе Зінаіды Бандарынай захоўваецца арыгінал рукапісу на рускай мове (90 старонак), пазначанага як «Аўтабіяграфічная аповесць» (БДАМЛМ, ф. 75, воп. 1, адз. зах. 10а; далей спасылкі на гэтую архіўную крыніцу), дзе распавядаецца пра жыццёвы шлях паэтэсы да пачатку вайны, а дакладней, да ўступлення ў армію. Першае пытанне, якое адразу ж узнікае: наколькі насамрэч аповесць з’яўляецца аўтабіяграфічнай? Напрыканцы рукапісу аўтарка тлумачыць: «Не ручаюсь, что моя автобиографическая повесть покажется моим родным и близким до конца безупречно правдивой, в основном, я рассказываю в ней о том, что видела своими глазами. А ведь и глаза и сердце у всех разные и каждый одно и то же видит по-своему и по-своему лишь сможет о нём рассказать». На справе, у якой захоўваецца рукапіс, пазначана «без даты», таму невядома дакладна, калі яна была створана, аднак хутчэй за ўсё пасля вайны.

Аповесць напісана ад першай асобы і пачынаецца з абяцання расказаць, як гераіня патрапіла ў армію. Адзначаючы, што большасць аднапалчан «выйшла з народа», гераіня падкрэслівае: «Моя довоенная биография была намного сложнее, в ней много спорного. Спор идёт даже о моем возрасте…» Згодна з аповесцю, сапраўдны год нараджэння гераіні― 1911-ы, а не 1909-ы, як пазначана ў некаторых даведніках.

Гераіня распавядае таксама пра сем’і бацькоў: «Папина мать росла на Брестчине в имении своих родителей, она была полячка и не любила русских, особенно офицеров… Во время польского восстания 1863 года вся семья папиной матери, и в том числе она сама, примкнули к повстанцам. Их разоружила и преследовала царская армия...» Пасля паўстання маёмасць сям’і была канфіскавана. Другая бабуля гераіні паходзіла з Паволжа, з Саратаўскай вобласці.

Адзін з самых цікавых момантаў аповесці ― знаёмства гераіні з Уладзіславай Францаўнай і Янкам Купалам, з якімі да гэтага ўжо была знаёмая маці гераіні. Як вядома, Купала працаваў у Наркаме асветы, а маці Бандарынай была выкладчыцай. Магчыма, гэты факт нейкім чынам і паспрыяў іх знаёмству: «Никогда не забуду своей первой встречи с любимым всю жизнь поэтом. Был закат. Окна в его комнате раскрыты. Из красного угла бросился мне в глаза золотой сноп ржаных колосьев. Сам Купала худощавый, с бледным продолговатым лицом и очень пытливыми грустными глазами сидел за столом у окна, в руке он держал стакан недопитого чая и, видимо, позабыл о нем. Сидел неподвижно, как изваяние, смотрел через окно на закат». І з жалем канстатуе: «А говорить нам с ним в то время все-таки было не о чем, правда мне было чрезвычайно приятно, что он ласково гладит по голове, спрашивает: — А ты любіш чытаць?». І падарыў кніжку «Матчын дар» Алеся Гаруна са словамі: «Чытай, а што хочаш і на памяць вывучы. Як прыйдзеш яшчэ раз да нас, раскажаш,― с этими словами я получила в подарок от Купалы свою первую белорусскую книжку “Матчын дар”».

Са старонак аповесці паўстае жывое, няўрымслівае дзяўчо, якое ўсім цікавіцца. Сустракаецца і азначэнне «дзікарка», даволі характэрнае для перыяду 1920-х гадоў (яго можна знайсці і ў вершах самой Бандарынай, і ў творах іншых паэтаў). На жаль, пра «Маладняк» у аповесці не сказана ні слова. Увогуле, увесь перыяд пасля педтэхнікума займае ў рукапісе не больш за пяць старонак, аднак і тут ёсць цікавыя моманты, якія могуць праліць святло на некаторыя абставіны жыцця Бандарынай (калі дапусціць, што так і адбывалася насамрэч).

Асноўнае захапленне гераіні аповесці ― не вершы, а жывапіс. Як вядома, З. Бандарына тры гады была аспіранткай Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе (скончыла ў 1937 г.). Гэты факт адлюстраваны і ў творы: «…произошло событие, надолго поразившее мою душу и на много лет выбившее меня из творческой колеи. Лучшие мои товарищи в Белоруссии были арестованы и высланы как враги народа. Я не верила, что они могут быть врагами, и не скрывала своего мнения. На этом отыгрались карьеристы, мне на бюро комсомола было предъявлено обвинение ― связь с врагами, скрытие социального происхождения». Распавядаецца і пра выключэнне з камсамола. Як вынік, «…вырванная из коллектива, одинокая, стала жить своей верой. Жизнь наносила мне все новые и новые удары, посланные и принятые для выставки мои картины неизвестно кем были утеряны, бесследно исчезли. Имя мое, как молодой талантливой художницы, заглохло».

Галоўная гераіня аповесці цяжка перажывала тое, што з ёй адбывалася: «Домой о случившемся не писала, на каникулы не ездила и даже не знала, что стряслась еще беда ― арестован отец». Завяршаецца аповесць, як ужо адзначалася, пачаткам вайны і ўступленнем галоўнай гераіні ў армію.

Думаецца, што гэты аўтограф з’яўляецца чарнавым варыянтам (магчыма, першым), і ў далейшым ён мог бы быць дапоўнены, пра гэта сведчаць шматлікія праўкі.

Падзеі, якія асвятляюцца ў аповесці, пэўным чынам тлумачаць перыяд доўгага творчага маўчання. Як вядома, Зінаіда Бандарына ― аўтар дзвюх апублікаваных кніг паэзіі: першая — гэта сумесны зборнік з Я. Пфляўмбаўм і Н. Вішнеўскай «Вершы» (1926), і другая ― яе самастойны паэтычны зборнік «Веснацвет», які выйшаў у 1931 годзе і ўключаў вершы, напісаныя ў 1926 ― 1929 гг.

Як і гераіня аповесці, Зінаіда Бандарына ў сваёй творчасці імкнулася не толькі адлюстраваць пульс эпохі, але і ці не ў першую чаргу пачуцці і думкі жанчыны свайго часу. У прынцыпе, імкненне да «палкай ідэёвасці» выявілася хутчэй у зборніку З. Бандарынай «Веснацвет», які тым не менш атрымаў сваю долю крытыкі. Аднак пасля выхаду «Веснацвету» наступае складаны перыяд у жыцці не толькі самой паэтэсы, але і ўсёй краіны ў цэлым. У біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі» ў біяграфіі З. Бандарынай гады з 1934 па 1945 не адзначаныя ніводнай паэтычнай публікацыяй, хоць М. Хведаровіч у сваім нарысе «Памятныя сустрэчы» згадваў, што «патрыятычныя вершы Бандарынай у франтавым друку заклікалі байцоў стаяць за родную Маскву». Магчымым кірункам пошукаў можа стаць той самы «франтавы друк». Тым не менш у рукапісах, што захоўваюцца ў архіве, 1930-я гады прапушчаныя цалкам. Ёсць рукапісы вершаў, якія датуюцца1941 і 1942 гадамі, а таксама некалькі вершаў без даты. Магчыма, гэта звязана з тым, што З. Бандарына ў гэты час жыла не ў Беларусі, і паперы маглі застацца, напрыклад, у Расіі, а магчыма, варта пашукаць у іншых установах, куды перадаваліся матэрыялы З. Бандарынай.

Сярод матэрыялаў, перададзеных у БДАМЛМ пасля смерці паэтэсы яе маці Таісіяй Аляксееўнай Бандарынай, ёсць машынапісны зборнік «Выбраныя вершы» (хутчэй за ўсё, падрыхтаваны самой паэтэсай), які складаецца са 129 вершаў (187 старонак). Амаль палова з яго ― творы, напісаныя пасля зборніка «Веснацвет» (гэта значыць, у 1930 ― 1950-я гг.), і папярэдні аналіз дазваляе з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што большасць з іх нідзе не друкавалася.

На рукапісе ёсць адзнакі, якія дазваляюць меркаваць, што, хутчэй за ўсё, зборнік рыхтаваўся да друку і павінен быў выйсці ў 1961 г. Як вядома, Зінаіда Бандарына памерла 6 красавіка 1959 года. Хто ў такім разе рыхтаваў зборнік і чаму ён не выйшаў? І ў якім выдавецтве ён павінен быў выйсці?

Творы ў зборніку размешчаны ў храналагічным парадку, але кніга адкрываецца вершам «На купалаўскіх сцежках», напісаным значна пазней, ужо пасля вайны. Кніга падзяляецца на невялікія часткі, кожная з якіх мае эпіграф. Большасць эпіграфаў ― з У. Маякоўскага. У новую кнігу планавалася ўключыць як вершы, што ўваходзілі ў папярэднія зборнікі (гэта значыць, напісаныя ў 1920 — 1930-я гады), так і новыя творы, напісаныя ў ваенны і пасляваенны час (большасць у 1950-я гады), якія складаюць прыкладна палову кнігі.

У 1957 г. Зінаіда Бандарына ўступіла ў Саюз пісьменнікаў СССР, што, магчыма, паспрыяла творчаму ўздыму паэтэсы, бо ў зборніку шмат вершаў, датаваных 1957 ― 1958 гадамі.

Шмат вершаў у зборніку прысвечана вайне, кранальна гучаць вершы сыну. Ёсць у кнізе і вершы пра каханне, у многіх гучыць матыў асэнсавання пройдзенага шляху і ўласнага лёсу, а ў некалькіх ― выразныя матывы хуткага развітання з жыццём.

Вылучаецца верш «Не мірацца ў сэрцы…» (1958), які можна разглядаць як своеасаблівае прысвячэнне пакаленню маладнякоўцаў і ўзвышэнцаў:

Блакітна-зялёны жытнёвы палетак

Мужнее без смецця, дужэе без кветак.

Труцілі і чысцілі зерне-насенне,

І чыстае жыта, як наша сумленне.

Чагось не хапае, шукаю… Дзіўлюся,

Хіба васількоў больш няма ў Беларусі?!

Паўсвета прайшла б я і ўсюды шукала

Любімую кветку…

Сёння цяжка меркаваць, ці паўплываў бы выхад кніжкі З. Бандарынай «Выбраныя вершы» на развіццё беларускай паэзіі ў цэлым, аднак, несумненна, яе публікацыя была б у нейкай ступені знакавай, тым больш што ў канцы 1950-х ― пачатку 1960-х гадоў жанчын у беларускай літаратуры ўсё яшчэ было вельмі мала.

Аксана ДАНІЛЬЧЫК,
кандыдат філалагічных навук

Фота прадастаўлена аўтарам артыкула.

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.

Энергетика

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

А среди стран ЕАЭС — на первом месте.

Молодежь

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Финалистка проекта «Академия талантов» на ОНТ — о творчестве и жизни.

Общество

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.