У снежні, нават такім не падобным на самога сябе, як было летась і як, мяркуючы па ўсім, будзе сёлета, заўсёды згадваецца дзяцінства і незвычайнае лёгкае пачуццё прадчування чароўнага свята. Стараешся яго, гэта пачуццё, злавіць хоць на хвіліну, — а не атрымліваецца. «Можа, справа ва ўзросце?» — скептычна сама ў сябе пытаешся. Можа. А можа, яшчэ і ў тым, што памяняліся аб'ектыўныя абставіны. Тое, чаго не было, ёсць напоўніцу. А таго, што здавалася звычайным і абавязковым, — няма.
Ну вось глядзіце. Ядомыя сімвалы свята. Мандарыны. Ці зялёны кансерваваны гарошак. Цяпер у любым, нават вясковым, магазіне ці аўтакраме ён у наяўнасці. Калі ж магазін большы — «прадстаўлены шырокі асартымент». Выбірай на любыя густ і кашалёк. А раней жа мандарыны былі менавіта навагодняй раскошай — каб іх пакаштаваць, за імі трэба было яшчэ і пабегаць-пашукаць-пастаяць у чарзе. І тое ў горадзе. Калі ж гэтыя дзівосныя фрукты хтосьці з гарадскіх прывозіў у вёску — інакш чым райскія яблыкі, якія шанцуе каштаваць толькі выбраным, яны не ўспрымаліся. Іх пах, які трывала замацаваўся як пах Новага года, змешваўся з пахам хвоі ад прынесенай з марознага лесу ёлкі і здаваўся самым лепшым, самым святочным водарам у жыцці. Я, калі шчыра, не памятаю, якія былі мандарыны майго вясковага дзяцінства на смак: салодкія ці кіславатыя, але дакладна ведаю, што смак той быў — найлепшы... А што цяпер? Ходзіш між скрынак з аранжавымі пладамі, выбіраеш: гэтыя абхазскія, гэтыя іспанскія, гэтыя з Егіпта. Круціш носам: у гэтых костачак шмат, гэтыя чысцяцца дрэнна, гэтыя кіслыя. Якое ж тут свята і яго прадчуванне? Звычайны паход у звычайны магазін, прычым незалежна ад пары года.
Ці той жа гарошак. Памятаеце гэтыя літровыя венгерскія бляшанкі з цёмна-сінім канцікам? Таксама дэфіцыт, таксама атрыбут менавіта Новага года. Мяккія зялёныя гарошыны, якія асцярожна, каб, крый божа, якая не звалілася на падлогу, горкай высыпалі на астатнія накрышаныя «прасцецкія» інгрэдыенты аліўе і асцярожна перамешвалі, дадаючы пакрысе яшчэ адзін дэфіцытны прадукт — маянэз, закатаны пад блакітнай бляшанай крышачкай у маленькім слоічку. Яго не лілі — накладвалі лыжкай, такі быў густы. Слоічка на вялікую міску святочнай салаты не хапала — і тады шчодра дабаўлялі жоўтай вясковай смятаны. Не ведаю — можа, менавіта з-за яе тая аліўе з дзяцінства была самай смачнай з усіх, што даводзілася каштаваць за жыццё. Дарэчы, «аліўе» гэтую салату ніхто не зваў — ён быў «гарошак» (пэўна, з павагі да яго галоўнага дэфіцытнага складніку). А бляшанка з-пад гарошку з напісанымі на ёй замежнымі белымі літарамі, старанна вымытая, ставілася куды на шафку ці на загнетак — гэткі своеасаблівы сімвал тагачаснага дабрабыту. Падобныя ёмістасці, як і бляшанкі ад растваральнай індыйскай кавы (памятаеце, такія сакавіта-карычневыя з літарамі наўскос), і сёння можна ўбачыць на вясковых кухнях — у іх гаспадыні захоўваюць якую дробязь, каляндру ці насенне фасолі, напрыклад.
Цяпер жа гарошку — хоць венгерскага, хоць іспанскага, хоць свайго, тураўскага (дарэчы, апошні, як на мой густ, самы ўдалы)... У бляшанках, у слоіках, нават у тэтра-упакоўцы. І маянэз ліецца ракой — ва ўсіх сэнсах. І посны, і салатны, і «той самы» правансаль (праўда, ніякі не «той самы»). Пайшоў, купіў, прынёс, з'еў, упакоўку выкінуў. Хоць кожны дзень, калі жаданне ёсць і здароўе дазваляе. Ну і дзе тут свята?
І з нехарчовым складнікам — тое самае. Як цяпер дзіцяці карнавальны касцюм здабываюць? Правільна, у інтэрнэт-краме ці ў звычайнай. Хочаш новы — калі ласка, хочаш б/у — яшчэ прасцей і танней. Купіў, прынёс, надзеў адзін вечар, паклаў у шафу (пусціў на анучы, выставіў на продаж). Дзе свята? І каб не фоткі, ці запомніць дзіця, кім яно было на ранішніку летась? А пазалетась? А ў выпускной групе?.. Мы нядаўна з сястрой прыгадвалі Новы год, дык яна здзівіла: памятае, які касцюм быў у яе ў другім класе, а ў брата ў пятым. Яна была Кветачка, а брат быў Чорт. І яны два тыдні з мамай вечарамі майстравалі ёй на спадніцу пялёсткі з кардону, абшываючы іх пафарбаванай марляй, а брату прышывалі да трыко звіты з вяровак і вымачаны ў чарніле хвост і мацавалі на абручык з дроту рожкі. Што тут дзіўнага? Проста было гэта пяцьдзясят гадоў назад — а помніцца. Што ўжо казаць пра мае «маладзейшыя» гадоў на пятнаццаць успаміны. Я нават помню пах лаку для пазногцяў, які «пазычылі» з мамай у сястры. Ёй быў з бліскаўкамі, за вялікія грошы прывезены з Германіі. Але ж у мяне быў касцюм Сонейка — і на кароне, якая ў выглядзе чырвонага сонца з прамянямі была зроблена з кардону, так не хапала бліскавак. Бутэлечкі лаку нам якраз хапіла, і першы мой у жыцці школьны касцюм (а яшчэ ж была выканана песня «Выглянуло солнышко, блещет на лугу») заняў на карнавале першае месца. Год быў, здаецца, 1981-ы. Чаму помніцца? Таму што з дэталямі, з радасцю, з тым самым прадчуваннем свята...
Зрэшты, галоўнае — не гэтыя матэрыяльныя складнікі. І нават не тое, што тады — дзесяць, дваццаць, трыццаць, сорак, пяцьдзясят гадоў назад — была сапраўдная зіма — з гурбамі да аблокаў, са скрыпучымі маразамі і сляпучым халодным сонцам, з дрэвамі, калматымі ад шэрані. Галоўнае было ў іншым. У тым, як нашы бацькі, бабулі-дзядулі ўмелі радавацца дробязям накшталт бляшанкі венгерскага гарошку, умелі зрабіць свята, выразаўшы яго з кавалку кардону і абцягнуўшы пафарбаванай у зялёнцы марляй, умелі падарыць любоў і ўвагу кожнаму з сям'і. Пэўна, дзякуючы гэтаму, апошняму, і захавалася на ўсё жыццё дзівоснае прадчуванне чароўнага свята.
Што сёння нам перашкаджае дарыць яго самім сабе і нашым дзецям? Калі адкажу: ніхто і нішто, акрамя нас саміх, — думаю, буду мець рацыю.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Прэв’ю: realitatea.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-lyaukovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/neasabisty-subektyu