Надзея ШАШКОВА, жыхарка вёскі Турск Рагачоўскага раёна, ездзіць на скутары ўжо трыццаць пяць гадоў, і за гэты немалы вадзіцельскі стаж у Надзеі Ільінічны толькі другі жалезны конік. У свой час скутар дапамагаў былому работніку раёнага камбіната бытавога абслугоўвання быць мабільным — даязджаць да працы, наведваць сваіх сталых заказчыкаў у вёсках, прымаць ад іх чарговыя заказы, своечасова адвозіць выкананую працу. Болей за сорак гадоў Надзея Шашкова была прыёмшчыцай комплексна-прыёмнага пункта ў санаторыі «Прыдняпроўскі». Падзяк у яе працоўнай кніжцы — не злічыць! Яшчэ дванаццаць гадоў працавала на пенсіі. Была старшынёй ветэранскай арганізацыі, дагэтуль старшыня гаражнага кааператыва.
Цяпер двухколавы сябар дапамагае пенсіянерцы выбірацца ў лес па грыбы, ездзіць да сына ў суседнюю вёску. Дарэчы, тэхнічнае абслугоўванне свайго сродку перамяшчэння вяскоўка па магчымасці робіць сама.
— Тэхніка любіць адны рукі, — кажа першая ў раёне «байкерша». — Я ездзіла на ім і ў Гомель, і ў Бабруйск, а колькі па мясцовых прасёлках наматала, і ўсё без сур’ёзных паломак. Я вельмі дысцыплінаваны кіроўца!
У вадзіцельскіх правах Надзеі Ільінічны таксама парадак: ніводнай дзіркі ў талоне! А свае правы на кіраванне транспартам яна атрымала пяцьдзясят чатыры гады таму.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya