Ёсць у Міжземным моры на Мальційскім архіпелагу такая краіна — Мальта. Насельніцтва — крыху болей за паўмільёна чалавек. Літаратура развіваецца на мальційскай мове.
Сувязяў літаратурнага характару паміж Беларуссю і Мальтай асаблівых не назіраецца. Праўда, на Мальційскім кніжным кірмашы ў 2019 годзе прысутнічала невялікая дэлегацыя ад беларускіх кнігавыдаўцоў. З яе прадстаўнікамі тады і пазнаёмілася мальційская паэтэса Яна Псайла. Менавіта яна падрыхтавала на мальційскую мову пераклад урыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Нагадаем, што кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету» выходзіла ўжо чатыры разы. Спадзяёмся, што ў пятым выданнні абавязкова будзе і мальційскі пераклад.
А ў самой Мальце Яна Псайла надрукавала свае пераклады на мальційскую мову вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Не бядуй!» і «Родныя вобразы». Першы твор надрукаваны ў 2022 годзе ў часопісе-штогодніку Мальційскага ўніверсітэта «Лехен іль-Мальці» (нумар выдання — 41). А «Родныя вобразы» — у штодзённай газеце Мальты «іт-Торча» 4 снежня 2022 года. У Беларусі верш Я. Коласа на мальційскай мове ўбачыць свет у анталогіі аднаго верша Якуба Коласа «Родныя вобразы» на мовах народаў свету".
Яна Псайла шмат перакладае з паэзіі славянскіх народаў. Сярод яе здабыткаў — і пераўвасабленне на мальційскую мову твораў Адама Міцкевіча і Тараса Шаўчэнкі.
Раман СЭРВАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/raman-servach
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/yana-psayla
[5] https://zviazda.by/be/tags/yakub-kolas
[6] https://zviazda.by/be/tags/malta
[7] https://zviazda.by/be/tags/rodnyya-vobrazy
[8] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna